Верасьнёўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту \"Адраджэньне\" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ

10 сентября 2006 г.

Навіны

10 верасьня ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адражэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ (тэкст публікуецца). З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Ён падкрэсьліў, што неабходна мабілізаваць грамадзва на супраціў пляну анэксіі Беларусі расейскай імпэрыі. На цяперашнем этапе галоўным ёсьць недапушчэньне правядзеньня незаконнага рэфэрэндуму аб “канстытуцыйным акце”. Прадстаўнікі псэўдаапазыцыі любяць цяпер заяўляць: “А дзе доказы, што разам з мясцовымі выбарамі будзе праведзены рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі? Дзе доказы..?” Адказваць ім трэба адно: вашы паводзіны, ваша імкненьне заклікаць беларусаў да ўдзелу ў пройгрышных “мясцовых выбарах”, ёсьць галоўны доказ таго, што рэжым выкарыстоўвае вас у сваім незаконным антыбеларускім праекце зьнішчэньня нашай незалежнай Дзяржавы. Цяпер назіраецца барацьба за лідэрства ў псэўдаапазыцыйным асяродку. У грантаўскай дзейнасьці вядуць рэй Лябедзька і Калякін, назіраюцца спробы склікаць чарговы кангрэс, каб (у чарговы раз) пазмагацца за лідэрства на грантаўскім полі . Для іх гэта ёсьць галоўным на цяперашнім этапе. У сваёй працы мы павінны ўлічваць іхную пазыцыю “траянскага каня”. Наша задача - даносіць да грамадзтва праўду пра пагрозу нашай дзяржаве і нашаму народу з боку расейскай імпэрыі. Трэба ісьці да людзей, распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю. Рэжым ня мае сацыяльнай падтрымкі. Ніводная сацыяльная група ўжо не падтрымлівае прадажны рэжым, які трымаецца на неадукаванай і ў той жа час агрэсіўнай антыбеларускай псэўдаэліце. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра нядаўні рабочы страйк у Лідзе, дзе адміністрацыя напалохалася салідарных рабочых і вымушана была пайсьці на саступкі. З Віцебскай вобласьці паступаюць драматычныя зьвесткі пра тысячы беларусаў, якія вымушаны шукаць працы ў Расеі. Многія зь іх сталі ахвярамі агрэсіўных нападаў расейскіх бандытаў, якія дзейнічаюць разам з расейскай міліцыяй. Прад’яўленьне пашпарта РБ пры праверцы дакумэнтаў ў Расеі ёсьць гарантыяй паліцэйска-бандыцкіх зьдзекаў, катаваньняў, а часам і забойстваў грамадзянаў Беларусі. Такім ёсьць для нас “дружественная Россія”. Улады РБ, як вядома, хаваюць жудасную статыстыку пакутаў беларускіх грамадзянаў у Расеі і не абараняюць нашых людзей. Беларусам, якія сталі ахвярамі расейскага дзяржаўнага бандытызму, ня трэба доўга тлумачыць аб неабходнасьці існаваньня нашай нацыянальнай Дзяржавы. Гэтыя людзі (а іх з кожным месяцам усё больш) гатовыя ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй бараніць нашу Бацькаўшчыну ад расейскай агрэсіі.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньня” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 10 верасьня 2006 г.

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК Выступ на верасьнёўскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

Паважаныя сябры Сойму Партыі БНФ, дарагія фронтаўцы, вітаю Вас у Бацькаўшчыне, зычу здароўя, вытрымкі і раўнавагі духу ў трывожны час, веры ў нашу перамогу! Тое, што пуцінская Масква хоча ў бліжэйшы час навязаць незаконны рэфэрэндум Беларусі аб “канстытуцыным акце” “папяровай дзяржавы” не выклікае ўжо сумненьняў. Але на маю думку ўпэўненасьці ў посьпеху сваёй афёры яны ня маюць. Складваецца ўражаньне, што цяпер яны “вывучаюць становішча”, назіраюць за рэакцыяй беларускага грамадзтва, стараюцца ацаніць, якое будзе супраціўленьне. Нават за мяжой заўважаная іхняя актыўнасьць – цікавяцца настроямі эміграцыі. Сітуацыя выяўляе тыпова крымінальны кшталт канфлікту: галоўнае разыходжаньне – ня могуць дамовіцца аб цане здачы Беларусі. Адсюль зноў газавы шантаж Лукашэнкі. Беларускі народ яны не прымаюць пад увагу. Яны глядзяць на беларусаў, як на расейцаў, і думаюць, што гэта – натоўп, які стварэньнем энэргетычнага крызісу можна паставіць на калені і ўзяць голымі рукамі. Гэтая палітыка ёсьць грубая (хоць і прыхаваная) агрэсія супраць незалежнасьці Беларускай дзяржавы. Тут наўпрост парушаецца п. 3 Будапэшсцкага Мэмарандуму 1994 года аб гарантыях сувэрэнітэту Беларусі. Вядома, ніхто не стане паміраць за Беларусь (успомнім Гданьск 1939 года), тым больш, што вайна вядзецца халоднымі мэтадамі. Але вайна ёсьць вайна – на карту ставіцца самае галоўнае: незалежнасьць дзяржавы і лёс нацыі. Важнае пытаньне: як адносіцца ў сувязі са становішчам да выбараў у мясцовыя саветы, якія па закону павінны адбыцца ў студзені 2007 года? Калі б выбары адбываліся самы па сабе, то мы ведаем, што такое лукашысцкія “выбары” і як працуе фальсіфікацыйная машына. Тут маглі б быць, аднак, розныя падыходы. Я б не выключаў нават выкарыстаньне такой кампаніі для адпрацоўкі мэтадаў “народнага галасаваньня” і агітацыі сярод насельніцтва. Аднак, калі гэтыя “ціхія выбары” будуць выкарыстаныя як шырма для правядзеньня незаконнага рэфэрэндуму, то ўдзельнічаць у такіх выбарах нельга. Мусіць быць жорсткі байкот антыбеларускага рэфэрэндуму. Катэгарычна нельга будзе ісьці галасаваць і ствараць “прыход” на ўчасткі. Прытым ня важна, як хто хацеў бы галасаваць – “за” ці “супраць”. Галоўнае не йсьці на галасаваньне, пазбавіць фальсіфікацыйную машыну прысутнасьці выбаршчыкаў. Замест таго, каб ісьці галасаваць на ўчасткі, трэба выходзіць на вуліцы і маніфэставаць супраць незаконнага рэфэрэндуму. Вось хай тады фальсіфікатары паспрабуюць аб’явіць пра сваё “за” у 83 адсоткі. Калі б галасаваньне праводзілася сумленна, то цяпер беларусы ніколі не прагаласавалі б за гэты антынацыянальны “канстытуцыйны акт”. Таму зразумела, што Крэмль-Лубянка і рэжым разьлічваюць толькі на фальсіфікацыю. Тэарэтычна, аднак, магла б узьнікнуць сітуацыя, калі маскоўцы, шантажуючы газам і іншымі сродкамі прымусу, вымусілі б саўдзельніка пагадзіцца на рэфэрэндум, не даўшы яму ніякіх гарантыяў самазахаваньня і вярхоўнай улады ў Расеі (хаця вядома дакладна, што ніякія “гарантыі” маскоўцаў нічога ня значаць). І тады “саўдзельнік” мог бы “чэсна” успомніць пра законнасьць і дэмакратыю, правесьці нармальнае галасаваньне і пахаваць мары Пуціна пра вечнае панаваньне ў Крамлі. Шансы Лукашэнкі на расейскі прастол узрасьлі б, і якраз на тых умовах, на якіх ён і хоча прадацца. Падзеі ўсё больш паказваюць, што рыхтуецца варыянт змовы. Масква спадзяецца на вечную сваю тактыку ашуканства, вераломства і на гвалт. Гвалтаўнікі, аднак, могуць ашукаць адзін аднаго. Але нельга дапусьціць, каб яны прынізілі і ашукалі цэлы народ. Беларусам трэба абапірацца на “Акт аб Незалежнасьці Беларусі”, прыняты Усебеларускім Зьездам 29 ліпеня 2000 года. Гэта ёсьць самы галоўны беларускі дакумант 21-га стагоддзя. Трэба працаваць, памятаючы пра гэты Акт. Жыве Беларусь!

Зянон Пазьняк Старшыня Беларускага Народнага Фронту”Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ