Мы, удзельнікі 27-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, прадстаўнікі беларускай грамады Злучаных Штатаў і Канады, што сабраліся на свой форум тут у штаце Нью Джэрзі, ЗША:
Асуджаем антынацыянальны аўтарытарны рэжым, які быў створаны ўзурпатарам Лукашэнкам у выніку скасаваньня правоў і свабодаў грамадзянаў; тэрарызаваньня апазыцыйных сілаў і перасьледу ўсіх нязгодных з мэтамі і мэтадамі сёньняшняй улады; патаптаньня нацыянальных каштоўнасьцяў, беларускай мовы й культуры, ліквідацыі беларускамоўных школаў; самаізаляцыі дзяржавы на міжнароднай арэне; авантурніцкага і недальнабачнага кіраваньня эканомікай; гандлю сувэрэнітэтам і незалежнасьцю краіны ў абмен на вышэйшую пасаду для Лукашэнкі ў суседняй дзяржаве; выкраданьня й зьнішчэньня палітычных апанэнтаў.
Адзначаем, што сёньня як ніколі дэмакратычная апазыцыя на нашай Бацькаўшчыне вымагае падтрымкі і дапамогі. Сілы, якія змагаюцца супраць незалежнага дэмакратычнага выбару Беларусі сёньня, дзякуючы падтрымцы пэўных колаў Расеі і некаторых іншых краінаў, цалкам кантралююць дзяржаўны апарат, сродкі масавай інфармацыі ды ўсе іншыя сфэры жыцьця грамадзтва. Дзякуючы ўжыцьцю супраць беларускага народу карных ваенізаваных структураў ды брутальных рэпрэсіўных мэтадаў, рэжым Лукашэнкі здолеў запалохаць пэўную частку грамадзтва, а значная колькасьць нязгодных з рэжымам грамадзянаў апынулася на эміграцыі. Але істотная частка грамадзтва не скарылася і працягвае барацьбу. Выказьнікам волі гэтых людзей ёсьць дэмакратычная апазыцыя, што працуе ва ўмовах, блізкіх да абставінаў сталінскіх часоў і паваеннага камуністычнага тэрору ў Эўропе. Аб’яднаная Эўропа, вызваленая ад таталітарызму, на жаль, сёньня робіць для Беларусі значна меней, чым магла б зрабіць. Дзеля гэтага мы, беларусы Паўночнай Амэрыкі, ускладаем спадзяваньні на ўрады нашых краінаў — ЗША і Канады, у справе дапамогі Беларусі дзеля дэмакратычных зьменаў і ў справе падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі;
Заклікаем урады ЗША, Канады й краінаў Эўропы заяўляць аб недапушчальнасьці незаконнага рэфэрэндуму пра так званы „канстытуцыйны акт” незаконнай так званай „саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі”. Таксама заклікаем урад ЗША гарантаваць забесьпячэньне прынцыпаў Будапэшцкай дэклярацыі 1994 году аб гарантыях сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі.
Заклікаем усіх беларусаў і выхадцаў зь Беларусі ў ЗША і Канадзе, амэрыканцаў і канадыйцаў з каранямі ў Беларусі, дапамагчы сваёй Бацькаўшчыне і краіне продкаў аднавіць дэмакратыю і сапраўдную незалежнасьць. Зрабіць гэта можна праз дапамогу дэмакратычнай апазыцыі Беларусі ў выглядзе збору фінансавых сродкаў, удзелу ў кампаніях салідарнасьці і пратэсту, падтрымкі заканадаўчых ініцыятываў датычных Беларусі, працы з сваімі сэнатарамі і кангрэсмэнамі, інфармаваньня парлямэнтароў і прадстаўнікоў урадаў пра становішча ў Беларусі, адзначэньня адмоўнай ролі Расеі ў беларускім пытаньні, прыцягненьня ўвагі да непасьлядоўнай пазыцыі Эўразьвязу да рэжыму Лукашэнкі (асуджэньне на словах і актыўны гандаль). Разам, аб’яднаўшыся, мы усе — каму дарагая Беларусь і ейная будучыня — зможам дабіцца пералому сёньняшняга становішча ў Беларусі, зможам справай дапамагчы дэмакратычнай апазыцыі, зможам наблізіць дзень краху рэжыму, які называюць апошняй дыктатурай Эўропы.
3 верасьня 2006 г., Нью Брансьвік, Н. Дж. Інфармацыйны партал Праўда - афіцыйны сайт www.prauda.org