1 верасьня: Янка Лапіцкі і Маша Каралькова працягнуць вучыцца па-беларуску

1 верасня 2006 г.

Навіны

Сёньня адкрываецца новы школьны сэзон. У Жодзіне і Горках за парты сядуць былыя ўдзельнікі пратэсту супраць дыскрымінацыі беларускамоўнага навучаньня – Янка Лапіцкі й Маша Каралькова. Нагадаем, пасьля закрыцьця беларускамоўных клясаў Янка не наведваў школы больш як год – ад верасьня 2004 па кастрычнік 2005-га. Маша ў 2002-2003 гадах навучалася ў хатніх умовах каля пяці месяцаў.

10-гадовы Янка зьбіраецца на заняткі ў добрым настроі:

(Янка: ) “Я пайду ў гімназію і буду вучыцца ў пятай клясе”. (Карэспандэнт: ) “Што гэта за гімназія?” (Янка: ) “Гімназія №1 – з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы”. (Карэспандэнт: ) “Ці складана было патрапіць у гімназію? Што для гэтага трэба было зрабіць?” (Янка: ) “Трэба было падрыхтавацца. Былі экзамэны па беларускай мове, па матэматыцы, па ангельскай мове”. (Карэспандэнт: ) “А як будзеш навучацца? Адзін альбо зь іншымі дзецьмі?” (Янка: ) “Я буду навучацца індывідуальна. Фізкультура, праца, музыка будзе разам з 5 “Б”.

Маці Янкі Сьвятлана Лапіцкая кажа, што пакуль што праблем з навучаньнем сёлета сына па-беларуску не паўстае:

(Сьвятлана: ) “Ніякіх пытаньняў няма. Вось рашалі пытаньне падручнікаў – падручнікі будуць. Хаця там розныя настаўнікі, але асноўныя прадметы будуць выкладацца па-беларуску. Рэч у тым, што яны ўжо ведаюць нашы ўмовы, таму ўсё ішло так як патрэбна”.

У горацкай сям’і Каральковых таксама рыхтуюцца да школы. Машы зараз 14 гадоў:

(Маша: ) “Я пераходжу ў 9 клясу. Падручнікі, можна сказаць, падрыхтаваныя. Гэтым заўсёды займаецца школа. Яны ўсё прывозяць, знаходзяць падручнікі. А вучыцца я буду… Магчыма, адчыняць клясу. Але гэта я ведаю недакладна. Мне клясны кіраўнік казаў, што, магчыма, адчыняць асобную клясу, дзе будзе пяць чалавек навучацца на беларускай мове”.

Маша Каралькова прадоўжыць навучаньне ў школе №4. Мела пляны адкрыць сёлета ў Горках беларускамоўную клясу і школа №3. Ці спраўдзіліся яны? Учора ўвечары завуч Ніна Сайкіна паведаміла Радыё Свабода:

(Сайкіна: ) “Да ўчорашняга дня ён быў адчынены. Але цяпер адтуль могуць забраць дзяцей з нашай школы ў гімназію. А гімназія і наша школа знаходзяцца побач. Там адчыняецца яшчэ адна кляса. Там жа прэстыжна вучыцца. І дзеці нашы могуць пайсьці. Як будзе, мне цяжка на сёньняшні дзень сказаць”.


Усяго 20,5 працэнтаў школьнікаў Беларусі вучацца ў школах зь беларускай мовай навучаньня. Такія зьвесткі напярэдадні новага навучальнага году прадставіў інфармацыйна-вылічальны цэнтр Міністэрства адукацыі. Паводле яго, яшчэ 12, 7 працэнта дзяцей навучаецца ў школах з расейскай і беларускай мовамі навучаньня. І па-расейску – 66,7 працэнта школьнікаў. Горш за ўсё справы ў Менску. Тут 234 сярэднія навучальныя установы, але беларускамоўных зь іх – толькі чатыры гімназіі.

Радыё Свабода, Міхал Стэльмак, Менск