Эгіпет захоўвае свае сымбалі незалежнасьці

27 жніўня 2006 г.

Навіны

25 жніўня СМІ ўсяго сьвету паведамляюць з Каіру. Сьвяточныя натоўпы танцуюць на вуліцах і плошчах, у паветра ўзьлятаюць шматколерныя ракеты салюта. А пасярод сьвята нетаропка рухаецца гранітны гігант – шматмятровая гранітная статуя вагой у 100 тонаў. Гэта выява Рамзэса ІІ, аднаго з найвялікшых фараонаў Старажытнага Эгіпту (кіраваў краінай з 1290 па 1224 г. да н.э.).

Старажытная статуя была ўсталявана насупраць чыгуначнага вакзалу сталіцы роўна 50 гадоў таму, паводле загаду тадышняга эгіпецкага прэзыдэнта Гамаля Абдэль Насэра, як сымбаль адраджэньня велічы незалежнага Эгіпту пасьля двух тысячагоддзяў каляніяльнай залежнасьці ад розных акупантаў. Навукоўцы і ўлады прышлі да высновы, што старажытная статуя псуецца пад узьдзеяньнем загазаванага выхлапамі паветра сучаснага гораду. На гіганцкай плятформе яе перавозяць у раён Гізэ, дзе непадалёк ад знакамітых пірамідаў пачынаецца стварэньне вялікага музэю старажытнасьцяў.

Эгіпцяне ведаюць і любяць сваю гісторыю і культуру, натхняюцца былой веліччу сваёй радзімы. Не выпадкова кіраўніцтва краіны прыняло рашэньне аб усталяваньні ў Каіры статуі Рамзэса ўвосень 1956 г. То быў год перамогі эгіпецкага народу ў няроўнай барацьбе за сваю волю і незалежнасьць. Серыя драматычных падзеяў пачалася 26 ліпеня 1956 г. Прэзыдэнт Насэр прыбыў у партовы горад Александрыю на сьвяткаваньне 4-й гадавіны ліпеньскай рэвалюцыі 1952 г. (тады група маладых афіцэраў начале з Насэрам скінула з трона слабавольнага караля Фарука, які падпарадкоўваўся інтарэсам замежных каляніялістаў, і ўсталявала ў Эгіпце рэспубліку). На цэнтральнай плошчы сабраліся сотні тысячаў людзей, — гараджане, фэлахі, вайскоўцы, рыбакі, студэнты. Настрой быў сьвяточны. Насэр гаварыў пра спробы нэакаляніялістаў падпарадкаваць Эгіпет чужым інтарэсам. Выдатны аратар, ён артыстычна імітаваў галасы і павадкі каляніяльных палітыкаў, перасыпаў прамову народнымі прыслоўямі. Людзі ад душы сьмяяліся. Замежныя карэспандэнты паведамлялі ў свае агенцыі: “Прэзыдэнт жартуе…” Але раптам тон Насэра зрабіўся сур’ёзным. Ён зьвярнуўся да тэмы Суэцкага каналу: “Заходнія кампаніі атрымліваюць штогод сто мільёнаў даляраў чыстага прыбытку ад каналу, які знаходзіцца на нашай тэрыторыі. Нам,— эгіпцянам, — яны аддаюць нікчэмную, жабрацкую долю прыбыткаў: усяго тры мільёны… Так далей ня можа быць. Сёньня я падпісаў загад аб нацыяналізацыі Суэцкага каналу…” Людзкое мора выбухнула магутным крыкам радасьці. (Пазьней гісторыкі напішуць, што гэта эгіпецкі сфінкс падаў свой голас, абудзіўшыся ад двухтысячагадовага сну). Пачуўшы з радыётрансляцыі гэтыя словы прэзыдэнта (заранёў дамоўлены пароль), эгіпецкія войскі і чыноўнікі пачалі займаць аб’екты каналу. Апэрыцыя была бліскуча падрыхтавана. Аб пляне ведалі толькі некалькі найбліжэйшых паплечнікаў Насэра. Заходніх “гаспадароў” рашучыя дзеяньні сапраўдных гаспадароў захапілі знянацку. На працягу некалькіх наступных месяцаў Брытанія і Францыя (асноўныя валадары выгаднага каналу) пагражалі Эгіпту і распрацоўвалі разам з Ізраілем пляны ваеннай апэрацыі супраць непакорлівай краіны. Заходнія каляніялісты меркавалі, што эгіпецкая армія, значна слабейшая колькасна і па якасных паказчыках, ня здолее абараніць Эгіпет. Маўляў, удасца аднавіць статус-кво, калі “фэлахі разьбягуцца ад першага ж стрэлу”… Эгіпецкае кіраўніцтва, маючы адзінадушную народную падтрымку, адкінула ўсі нахабныя ўльтыматумы заходніх нэакаляніялістаў. 23 кастрычніка 1956 г. Брытанія, Францыя і Ізраіль распачалі ваенныя дзеяньні супраць Эгіпту. З першага дня вайны стала бачна, што праект бліц-крыгу правальваецца. Хаця эгіпецкія генэралы старой школы разгубіліся і прайгралі сваім супернікам на стратэгічным напрамку на Сінайскай паўвысьпе, паўсюль (як гэта ня раз было ў гісторыі) сітуацыю ратавалі эгіпецкія жаўнеры і малодшыя афіцэры. Іхнія рашучасьць, баявое майстэрства і патрыятычны імпэт адразу ж пачалі зрываць графік інвазіі. Кожную захопленую пазіцыю агрэсары аплочвалі дарагім коштам спаленай бранетэхнікі і людзкіх стратаў. Бог дапамагаў салідарнаму народу, які бараніў сваю Бацькаўшчыну. Паводле пляну заходнія хаўрусьнікі павінны былі зьнішчыць эгіпецкую авіяцыю непасрэдна на аэрадромах у выніку нечаканага налёту. Але Насэр пасьпеў схаваць самалёты на запасных сакрэтных аэрадромах у пустыні. Убачыўшы пустыя авіябазы, англа-французкая авіяцыя адбамбілася на жылых кварталах мірных гарадоў (гэта толькі ўзмацніла волю народу да супраціву). Хаўрусны паветраны дэсант на гарады ў зоне каналу сустрэў адчайны супраціў эгіпецкіх войскаў. Вайна зацягвалася. Пачалася міжнародная дыпляматычная кампанія па мірнаму ўрэгуляваньню канфлікта. Вырашальную ролю тут адыгралі Злучаныя Штаты Амэрыкі, якія выступілі супраць вайны і падтрымалі эгіпецкае кіраўніцтва. У выніку давялося англа-французкім каляніялістам адступіць, эгіпецкі народ вярнуў сябе сваю нацыянальную маёмасьць і поўны кантроль над сваімі багацьцямі і тэрыторыяй. У дзень, калі эгіпцяне сьвяткуюць вакол статуі Рамзэса, краіна ў дэльце Нілу аглядае сваю велічную Гісторыю. Злучаюцца стагоддзі, народная душа напаўняецца гонарам. Народ, які верыць у сваю перамогу і змагаецца салідарна, перамагае значна мацнейшага ворага.

Янка Базыль