14-га ліпеня на стар. расейскага парталу “прогносіс ру” быў зьмешчаны артыкул І. Расолава “Россія – Беларусь: “дружественное поглощеніе”. Яго шмат дзе перадрукавалі ў Сеціве, дадаўшы наступнае рэзюмэ: “Артыкул І. Расолава выяўляе адзін з плянаў Масквы па падрыхтоўцы аншлюса Беларусі. Фактычна беларускім нацыянальна-дэмакратычным сілам прапануецца спыніць “мочіть” за што папала Маскву, і лепш хутчэй брацца за “кансалідацыю”. Кансалідавацца прапануюць “на аснове адзіных каштоўнасьцяў – барацьбы за свабоду палітзьняволеных,” натуральна забыўшыся пра рэальныя адзіныя каштоўнасьці – незалежнасьць нашай краіны. Пасьля прачытаньня артыкула становяцца зразумелымі і лягічнымі апошнія дзеяньні некаторых палітычных сілаў у Беларусі і іхняя сапраўдная мэта.” І сапраўды, мяне заўсёды насьцярожвала нейкая ненатуральнасьць рэакцыі і шуму падстаўной апазыцыі вакол палітычна асуджаных. Замест рэальных падходаў ідзе паказная адпрацоўка нейкага навязьлівага сцэнару пра свабоду палітасуджаным як самай галоўнай справы грамадзтва. “Свабоду таму і гэтаму!” – пастаялі ў пікеце (ланцугу) і разышліся. І так увесь час. Прафанацыя нейкая. Аказваецца і гэта прадумала для іх Масква. Лукашэнка садзіць, а ягоныя былыя хаўрусьнікі патрабуюць свабоды пасаджаным, “кансалідуюць грамадзтва”. Усе пры справе. Усё апаганілі, нават на чалавечай бядзе ствараюць паліттэхналёгіі. (Лябедзька:) “Трэба выходзіць за межы Менскага гарадзкога кальца і ісьці ў рэгіёны. Ставім задачу на бягучы каляндарны год, пачынаючы ад гэтай да наступнай восені, правесьці такія акцыі і ланцугі неабыякавых людзей у кожным раённым цэнтры.”(Радыё “Свабода”, 16 08.06.). Вось гэта імпэт! Толькі адкуль ногі растуць. Артыкул І. Расолава, як і бальшыня агентурных тэкстаў такога роду, напісаны даволі цынічнай мовай, з прыхаванай грэблівасьцю да ўсяго беларускага. “К удивлению наблюдателей, оппозиция готова терпеть «батьку» (или его ставленника), только бы не стать до конца губернией Москвы,”— удавана зьдзіўляецца масковец і прапануе хутчэй правесьці ў Менску новы “кангрэс дэмакратычных сілаў” (падстаўной апазыцыі). Для Масквы патрэбны новы, сьвежы, яшчэ больш прамаскоўскі стаўленьнік. Усё гэта зразумела і вядома. Невядома было толькі тое, што Ільля Расолаў быў даверанай асобай А. Казуліна на “выбарах” прэзыдэнта а заадно зьяўляецца каардынатарам беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада»”. Ён расеец, жыве ў Маскве, супрацоўнічае з праваахоўнымі арганізацыямі, юрыст па адукацыі. Генэрал Алексій ІІ узнагародзіў яго залатым мэдалём “Преподобного Сергия Радонежского I степени”. Як “стварылі” партыю Казуліну і хто такі Казулін (якога Масква “кінула”) – усе ўжо ведаюць. Цікава аднак тое, як у апошні час пачала сыпацца маскоўская агентура ў Беларусі. Яшчэ не пасьпелі забыцца пра шпіёна Суздальцава, які прызнаўся што дванаццаць гадоў працаваў над стварэньнем прамаскоўскай апазыцыі ў Беларусі (у хаўрусе зь Вікам), аж тут на табе Расолаў вылазіць. Прыйдзе час ці тое яшчэ даведаемся.
14 жніўня 2006 г. Мар’ян Ванькевіч