Не галасаваць для дыктатуры, а яднацца за Беларусь

13 жніўня 2006 г.

Навіны

(Заява Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

Пасьля незаконных выбараў прэзыдэнта ў сакавіку гэтага года антыбеларуская палітыка рэжыму Лукашэнкі стала набіраць што раз больш адкрытыя і акупацыйныя формы. Галоўныя яе рысы: перасьлед беларускай моладзі, судовыя расправы, ліквідацыя беларускіх установаў і арганізацыяў культуры і агулам – выкананьне маскоўскіх установак па зьнішчэньні нацыянальнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Прысьпешваньне разбуральных працэсаў выклікана надыходзячым крызісам улады ў Расеі і ў цэлым яе агрэсіўнай палітыкай, накіраванай на падпарадкаваньне і інкарпарацыю Беларусі ў Расею. Галоўным інструмэнтам такой палітыкі на цяперашнім этапе Расея лічыць увядзеньне на Беларусь расейскага рубля і прыняцьце так званага “канстытуцыйнага акту” на чарговым рэфэрэндуме, які дазволіў бы зьмяніць існуючую канстытуцыю і стварыць фармальна-прававыя магчымасьці для інкарпарацыі. Існуе небясьпека, што Масква і антыбеларускія сілы ў Беларусі выкарыстаюць бліжэйшыя выбары ў мясцовыя саветы для правядзеньня інкарпарацыйнага рэфэрэндуму аб “канстытуцыйным акце”. Беларускі і сусьветны досьвед неаднаразова пацьвердзіў, што пад акупацыйным рэжымам і дыктатурай ня можа быць справядлівых выбараў, бо вышэйшым крытэрам такіх выбараў ёсьць не закон і ня права, а некантраляваная народам злая воля палітычнае ўлады. Удзельнічаць у такіх выбарах нельга. Сярод поўнага бяспраўя, цынізму, стаўкі на рэпрэсіі, на сілу і хлусьню ў народа, аднак, застаецца эфектыўная магчымасьць рэалізаваць свае адносіны да рэжыму – не хадзіць на ягоныя выбары. Няхай рэжым гуляе сам з сабой і абвяшчае пра 83 адсоткі сваёй “перамогі”. Фальшаваньні рэжыму абапіраюцца на выбаршчыкаў, што ўдзельнічаюць у галасаваньні. Таму трэба пазбавіць рэжым магчымасьці прыкрывацца народам у сваёй хлусьні. Няхай ашуканства стане ўсім наглядна відаць. Супраціў і непрыняцьце рэжыму ў форме няўдзелу ў яго “выбарах” прысьпешыць канец дыктатуры і нацыянальную кансалідацыю беларускага грамадзтва. Практыка паказала, што людзі, якія ў беларускіх абставінах заклікалі пад выглядам агітацыі ісьці галасаваць па правілах рэжымнай машыны ўлады, ў рэальнасьці спрыялі рэжыму ў дасягненьні патрэбных яму вынікаў. 2001, 2004, 2006 гады наглядна паказалі, што нельга больш удзельнічаць у выбарах пры антыбеларускім, антыпраўным рэжыме. Гэта ніякія ня выбары. Няма выбараў пад дыктатурай. Удзел людзей у галасаваньні рэжым скарыстоўвае ў сваіх інтарэсах. Неабходна рыхтавацца да грамадзянскага змаганьня. У дзень галасаваньня трэба ісьці не на выбарчыя ўчасткі галасаваць, а на вуліцы і плошчы, яднацца ў пратэстах і дзеяньнях. Тады выявяцца і будуць сапраўдныя беларускія змагары і сапраўдныя беларускія арганізатары.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

13 жніўня 2006 г. г. Менск