Падзеі і факты 25-31 ліпеня 2006 г.

1 жніўня 2006 г.

Актуаліі

У чарговы раз імпэрыя актывізавала агрэсію супраць невялікай суседняй дзяржавы. У 20-х чыслах ліпеня маскоўская агентура (пададзеная расейскай прапагандай як “сванскіе повстанцы”) захапіла Кадорскі горны раён сувярэннай Грузіі і абвясьціла, што не падпарадкваецца тбіліскаму ўраду.
Згаданы ўрад, аднак, не напалохаўся правакатараў, а паслаў у гэты раён вайскова-паліцэйскі кантынгент. На працягу двух-трох дзён грузінскія сілы разагналі прамаскоўскіх бандытаў і аднавілі парадак на сваёй дзяржаўнай тэрыторыі. Падобна, што ў Крамлі не чакалі такога мізэрнага і хуткага канца сваёй правакацыі, таму пачалі крычаць на ўвесь сьвет, што “Грузія пагражае Расеі…” Узбудзілася кліентура Масквы ў суседняй акупаванай маскоўцамі Абхазіі – таксама тэрыторыі сувярэннай Грузіі. “Прэзыдэнт” і “генэралы” сухумскай псэўдадзяржаўкі зьвярнуліся да міжнароднай супольнасьці з заклікам “спыніць краіну-агрэсара – Грузію, якая пагражае тэрытарыяльнай цэласнасьці незалежнай Абхазіі…” Большасьць палітычных назіральнікаў пасьмяялася з гэтага кур’ёзнага вэрхалу. Але знайшліся і замежныя “спэцы”, гатовыя прыслужыць акупантам грузінскай тэрыторыі. Маюцца на ўвазе генэралы-палкоўнікі ў блакітных касках ААН, якія ўдзельнічаюць у назіраньні за працэсамі ў нестабільнай Грузіі. Яны заківалі галовамі каля стала перамоваў у зоне канфлікту і залапаталі пра “неабходнасьць выконваць маскоўскія пагадненьні па Грузіі”. Маюцца на ўвазе “пагадненьні”, якія вымушаны быў падпісаць Шэварнадзэ ў 1992 г. дзеля таго, каб з маскоўскай дапамогай вярнуцца на тбіліскі пасад. Ён быў вярнуўся, але рэвалюцыя ружаў скінула рэжым Шэварнадзэ. Можа Грузіі яшчэ трэба выконваць згаданыя Лермантавым пагадненьні 1801 года? – “Такой-то царь, в такой-то год отдал России свой народ/ За гранью дружеских штыков…” Няхай бы ў краіне, адкуль гэтыя “аанаўцы”, агентура суседняй дзяржавы наладзіла б “незалежнасьць” у рамках нейкай правінцыі. Мы б на іх паглядзелі. Але грузіны не баяцца падкупленых палкоўнікаў і пацешных генэралаў з “прэзыдэнтам”. Народ у любой сітуацыі абароніць сваю радзіму.

28 ліпеня у Менску сабралася стракатая грантаўская публіка пад назовам “політсовет об’едінённых демократіческіх сіл Белоруссіі”. Рэй вёў адзіны дэмакрат тов. Мілінкевіч. Ён заявіў, што цяпер для гэтых “сіл” галоўным заданьнем ёсьць падрыхтоўка да ўдзелу ў маючых адбыцца мясцовых выбарах. Цытуем радыё Свабода. Мілінкевіч сказаў, што “выйграць выбары ўсё роўна немагчыма, а можна толькі прыйсьці да людзей. Таму гэта прапагандысцкая, агітацыйная кампанія…” (А без выбараў яны ня могуць рабіць сваю прапаганду і агітацыю?). Гэтая публіка і яе правадыр зноў зьбіраюцца заклікаць беларусаў на рэжымны спектакль пад назовам “выбары”. Яны прызнаюцца, што выйграць немагчыма (і яны разумеюць, што гэта ня выбары). Але ўсё роўна заклікаюць, арганізоўваюць грамадзтва на актыўны ўдзел у дыктатарскім праекце (яны забясьпечваюць “перамогу” рэжыму). Ужо ў каторы раз гэтыя падстаўныя псэўдаапазыцыянэры спрабуюць разам з антыбеларускім рэжымам надурыць наш народ. Вядомы “оппозіціонер” Лебедько заявіў на сходзе: “Мы ўжо згубілі час, мы згубілі дынаміку з гэтым мерапрыемствам…” Як ён сьпяшаецца, колькі імпэту ў гэтым голасе! Але першым гукнуў на гэтую тэму вядомы “оппозіціонер” В. Івашкевіч. Ён зьвярнуўся да замежнікаў з інфармацыяй, што мясцовыя “выбары” рэжым можа вырашыць правесьці не ў наступным студзені, а значна раней, ужо ўвосень. Маўляў, рабіце стаўкі, панове, прысылайце апэльсіны бочкамі, лёд крануўся… “Оппозіціонеры” прысьпешваюць грантадаўцаў. Ім трэба “ісьці ў народ”, каб падтрымаць чарговае шклоўскае шоў. Колькі яшчэ беларусы будуць слухаць гэтых жулікаватых панікоўскіх і балаганавых? У адрозьненьні ад вясёлых літаратурных вобразаў з вядомага раману Ільфа-Пятрова, мясцовыя апазіц-балбатуны нажылі ўжо не адзін мільён на арганізваных Масквой і Брусэлем (са згоды КГБ РБ, як прызнаў сам Ганс Вік) псэўдавыбарах і псэўдабарацьбе “за демократію і лучшую жізнь”. Ім яшчэ прыйдзецца адказваць перад судом у вызваленай Беларусі за сваю антыбеларускую дзейнасьць.

У Маскве таксама вядзецца актыўная падрыхтоўка да псэўдавыбараў. Карыстаючыся багатым досьведам грантаўскай псэўдаапазыцыі РБ, прысьцёбнутай да шклоўскага рэжыму, крамлёўцы пачалі шыхтаваць свае падстаўныя калёны. 25 ліпеня адбыўся аб’ядноўчы зьезд дзьвюх “апазыцыйных” партыяў. Аб’ядналіся “партія Родіна”. А. Бабакова і “партія Жізнь” С. Міронава. Першага мы нешта не памятаем. А вось другі “оппозіціонер” (дарэчы спікер Савета фэдэрацыі РФ) запоўніўся ўсім на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. Будучы кандыдатам на прэзыдэнта, гэты Міронаў шумеў на мітынгах і сустрэчах з выбарцамі: “Товарішчі, голосуйте за Путіна! Он лучшій презідент!” Тады сьмяяліся нават вернападданыя крамлёўскія камэнтатары. 29 ліпеня “магутная плынь” узбагацілася яшчэ адным утварэньнем. Шэраг вядомых чарнасоценных груповак (саюз вэтэранаў Аўганістана і іншыя шавіністы ўсіх масьцяў) аб’ядналіся ў “Патріотіческіе сілы за родіну”. Галоўнай партыйнай мэтай абвешчана “барацьба супраць бюракратыі”. Якое ўсё знаёмае! У Крамлі засталося толькі разгарнуць антыбюракратычную тусоўку пад лёзунгам “Одно окно”, і будзе дасягнута чысьціня клясічнага шклоўскага стылю. Шкада толькі, што пасьля нядаўняга краху шклоўскага спадарожніка сам галоўны маскоўскі спадарожнік некуды зьнік, не паказваецца на экранах БТ і не радуецца посьпехам маскоўскіх таварышаў. Можа зноў “бояре-изверги царя украли?”

30 ліпеня расейскія СМІ паведамілі, што “шэраг апазіцыйных арганізацыяў зьвярнуліся да Пуціна з заклікам адмяніць сувэрэнітэт Рэспублікі Башкортастан і зрабіць замест гэтага вобласьць або край”. Што ж, тэндэнцыя знаёмая: ліквідацыя нават фармальных нацыянальна-дзяржаўных аўтаноміяў у імпэрыі і цэнтралізацыя лубянскага рэйха. А што ж гэта за “апазіцыйныя арганізацыі”? Там лідыруюць такія “башкірскія” партыі, як мясцовае аддзяленьне “Яблока” і КПРФ. Мясцовыя мадам абрамавы і товарішчі чікіны-калякіны верна прыслугоўваюць імпэрскаму зьнішчальніку башкірскага народа. Зноў жа, якое ўсё знаёмае!

Янка Базыль