Маскву ўвесь час ратавала сакрэтнасьць. У чэрвені 1941 г. у Беларусі і Украіне саветы падвялі пад самую мяжу акупаванай гітлерцамі Польшчы цэлыя арміі, мільёны ўзброеных людзей сядзелі ў намётах у некалькіх сотнях мэтраў ад нямецкіх фарпостаў, чакаючы сігналу на атаку да самага Ля-Манша. У той самы час савецкія СМІ надрываліся пра “мірную жізнь советского народа”, пра “вечную дружбу с Германіей” і недапушчальнасьць правакацыяў. Немцы ўдарылі на колькі дзён раней і вядома, чым скончылася “лінія Сталіна” па ўсім фронце. Аднак сакрэтнасьць дагэтуль дапамагае Крамлю схаваць сапраўдныя пляны 1941 г. і выстаўляць правалены праект сталінскага “вызваленьня Эўропы” як “вероломное нападеніе на мірный СССР”. Крамлёўскія кліенты, што наладжваюць зьнішчэньне нашай Беларусі ўжо каторы год, забыліся пра гэтае крамлёўскае правіла. Мясцовая гэбельсаўская прапаганда дундзела пра “белорусскую ракету” некалькі гадоў. Яна не забывалася нагадаць, што “ракета послужіт делу обороноспособності Россіі і союзного государства”. Беларускі народ у чарговы раз аплочваў шалёныя кошты абароны Масквы і ворагаў Беларусі, якія заселі ў Крамлі. Перад самым байканурскім стартам гэбельсаўшчына на БТ забілася ў экстазе: “… сам презідент будет прісутствовать там, РБ становітся членом косміческого клуба высокоразвітых держав…” А, аказваецца, трэба было маўчаць “у трапачку”, як у 1941 годзе. Глядзіш, ніхто й не даведаўся б пра канфуз. Праз паўтары хвіліны пасьля запуска шклоўскай ракеты фанфары зарыпелі, літаўры віскнулі і аркестар пачаў разьбягацца “от гнева государева”. З неба пасыпаліся кавалкі мэталу, касьмічны клюб скончыўся для шклоўскага рэжыму ганебным пшыкам. Няма чаму зьдзіўляцца: “національная бібліотека” у Менску (у народзе “чупа-чупс”) правальваецца ў балота, палохаюць людзей бязглуздыя пацёмкінскія “агрогородкі”, адкуль разьбягаюцца сяляне, усе сьмяюцца з пацешнай “лініі Сталіна”, якой рэжымныя шызікі зьбіраюцца застрашыць НАТО… Ну, за што ні возьмецца прамаскоўская каманда дзяржаўных гвалтаўнікоў, усё падае сярод іскраў і дыму, правальваецца скрозь зямлю, раскурочваецца пры першым моцным дажджы… Колькі яшчэ шкоды павінна нанесьці нашай краіне, нашай гаспадарцы гэтая шалёная прамаскоўская хунта, каб народ урэшце зразумеў, што так жыць нельга? Колькі яшчэ неадукаваныя, недалёкія розумам бонзы будуць па камандзе з Крамля арганізоўваць нам пэрманэнтную катастрофу?
Янка Базыль