Падзеі і факты (20-24 ліпеня 2006 г.)

25 ліпеня 2006 г.

Актуаліі

Маштабны праект Лубянкі па гэбізацыі ўсяго праваслаўнага сьвету пачаў даваць першыя шчыліны. Адзін з біскупаў РПЦ у Англіі заявіў, што ён і ягоная епархія пераходзяць з маскоўскага ў канстанцінопальскі патрыярхат.
Біскуп Васіль Осбарн – адзін з тых замежных герархаў, якіх зусім нядаўна перавялі ў маскоўскае падпарадкаваньне ў сувязі з посьпехам лубянскай канторы па “воссоедіненію русской церкві”. Посьпех аказаўся нетрывалым. Ангельскія клірыкі і паства зірнулі ў твары маскоўскіх барадачоў, паслухалі іхныя крамлёўскія казаньні і пасьпяшаліся хутчэй пазбавіцца ад гэтай хваткай публікі. Эх, як замітусіліся, як зашумелі “анафема!” псэўдабіскупы ў партупэях. У Маскве тэрмінова сабраўся іхны сінод, падключылася тэлебачаньне, у Лёндан паляцела спэцкамісія. А пачыналася ўсё так “благостно”, так “велічаво”… Але сапраўдных вернікаў не падманеш фальшу.

Два лявацкіх дэмагогі, – кубінскі дыктатар Кастра і вэнэсуэльскі прэзыдэнт Чавэс, — сустрэліся 22 ліпеня ў Аргентыне. Там яны сярод іншага сумесна наведалі ў малым мястэчку адзін сэнтымэнтальны аб’ект – дом, дзе гадаваўся і рыхтаваўся да бальшавіцкай рэвалюцы Чэ Гевара (паплечнік Кастра, якога ў 1967 г. забілі ў Балівіі пры спробе камуністычнага перавароту). У хуткім часе згаданы Чавэс зьбіраецца прыехаць на Беларусь да яшчэ аднаго “пасіянарнага рэвалюцыянэра” з-пад крамлёўскай зоркі. Прапануем у якасьці сэнтымэнтальнага пункта культурнай праграмы візыту наведваньне дому на радзіме каго-небудзь з Лукашэнкавых чэгевараў. Выбіраць ёсьць з каго: тут і пэрманэнтны гранатамётчык Кучынскі, і палымяны заўхоз Ваня Ціцянкоў, і Талейран нашых часоў Краўчанка… Але цывілізаванаму сьвету не да сьмеху. 24 ліпеня гэты Чавэс прыбыў у Менск. Непасрэдна ў аэрапорце ён выступіў з вогненнай прамовай супраць каляніялістаў. Сказаў, што тут ён “сярод сяброў і братоў”. Успомнім, аднак, колькі ўжо гэтых непакліканых “братоў” шклоўскага начальства сядзіць у турмах, некаторыя нават скончылі там свае дні, як Мілошавіч. У каторы раз маскоўскія паханы ганьбяць наш народ і імя нашай краіны, выстаўляючы нас сябрамі экзатычных прайдзісьветаў і дэмагогаў, небясьпечных для чалавецтва. Заходнія СМІ паведамляюць у той жа час пра тое, што Вэнэсуэла Чавэса атрымала вялікую партыю сучаснай зброі з Масквы. Можна меркаваць, што менавіта пакупка расейскай зброі праз “беларускі калідор” зьяўляецца галоўнай мэтай візыту Чавэса ў Менск.

Янка Базыль