Факты і падзеі (12-18 ліпеня 2006 г.)

20 ліпеня 2006 г.

Актуаліі

12 ліпеня ў цэнтры Масквы адбываўся моб-шмоб (вядомая сваёй бязглуздасьцю дзея, якую апошнім часам шмат паўтаралі на вуліцах Менска падстаўныя “апазыцыянэры”).
Некалькі сотняў маладых людзей сабраліся на адным з бульвараў пад лёзунгам “Все свободны”, зьбіралі з асфальта лісьце і ўдавалі “полную свободу”. Калі журналісты спыталі іх, ад чаго яны “свободны”, многія адказвалі, што ня ведаюць. Потым зьявілася “сьвецкая львіца” Ксеня Сабчак і на дыялекце, блізкім да крымінальнай “фені”, патлумачыла, што “свобода – это кайф”. Усё атрымалася дастаткова сьмешна і няўклюдна (як дарэчы і шмат разоў у Менску). Лубянскім уладам хацелася б заняць маладых такой вось бессэнсоўнай лухтой, абы толькі адвесьці моладзь ад сапраўднага змаганьня за волю, адвучыць лягічна думаць і пасьлядоўна дзейнічаць. Аднім словам, “все свободны”…

У сярэдзіне ліпеня ў Пецярбурзе ўрэшце адбыўся саміт “васьмёркі” найбольш эканамічна разьвітых краінаў, ад якога так шмат чакалі народы. Падобна, што ўсё скончылася пшыкам. Журналісты ўсіх СМІ сьвету спаборнічаюць між сабой у статыстыцы: колькі тонаў ежы было зьедзена ўдзельнікамі саміту і журналістамі, які быў вясёлы і дасьціпны Пуцін, як Буш казытаў за плечы Мэркель і г.д. Галоўнай тэмай нечакана зрабілася вайна на Блізкім Усходзе (так дарэчы падгаданая Крамлём, які загрузіў быў зброяй людзей у чорных чалмах). Называюцца нейкія тэмы, што абмяркоўваліся ў Піцеры, нейкія пастановы, тэксты якіх так і не апублікаваны дагэтуль. Усё было ярка, урачыста і нават весела. Таму, хто не развучыўся думаць, стала зразумела, што кожны з удзельнікаў дбае пра свае нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы. Асобная роля ў Расеі, для якой галоўнае – гэта надзьмуцца як мага больш манумэнтальна і падкрэсьліць сваё значэньне. Не паведамляецца, ці абмяркоўвалі на саміце беларускае пытаньне. А ў цэлым, складваецца ўражаньне пра вялікую пустату, якая зрабілася на месцы нейкіх спадзяваньняў. А можа ўсё лягічна. Можа ніхто з сапраўды магутных краінаў і не ўспрымаў піцерскую сустрэчу як нешта сур’ёзнае і абавязкавае. Прыехалі, засьвяціліся, паўсьміхаліся, а самы ўжо даўно ўсё вырашылі ў рамках сваёй “сямёркі” без удзелу крамлёўскага паўліна.

18 ліпеня грузінскі парлямант прыняў пастанову, у якой рэкамэндаваў кіраўніцтву краіны вывесьці з тэрыторыі Грузіі расейскіх акупантаў (“міротворцев”). Сур’ёзны знак для Масквы. Затупалі капытамі лубянскія дыпляматы з фізіяноміямі грамілаў. Прамаскоўскія шаўкі выскачылі з падваротні і пачалі цяўкаць на грузінскі народ. Псэўдапрэзыдэнт Паўднёвай Асэціі (правінцыя Грузіі, акупаваная маскоўцамі) выказваўся па расейскім тэлебачаньні даволі кур’ёзна: “Гэты акт сьведчыць пра дылетантызм грузінскага парляманту… Расейскія міратворцы тут былі, ёсьць і будуць.” Вось гэта ўжо праўда – ніхто ня можа параўнацца з прафэсіяналізмам прадажных юдаў іскарыётаў, якіх напладзіла Масква на Каўказе, ва Украіне і на Беларусі дзеля справы аднаўленьня лубянскай імпэрыі. Але справа гэтых здраднікаў-профі марная і правальная. Ім наканавана параза і ганебны канец.

А ў Расеі працягваецца кампанія абрабаваньня рабочых людзей. Мабыць у піцерскі саміт начальства ўбухала столькі грошай, што рублёў не хапіла, каб заплаціць заробак рабочым экскаватарнага завода ў Варонежы. Экскаватаршчыкі прашэньняў на саміт пасылаць ня сталі, а распачалі акупацыйны страйк на тэрыторыі прадпрыемства. Калі адміністрацыя ўсяроўна адмовілася выплаціць грошы, рабочыя абвясьцілі галадоўку пратэсту. У дадатак яны захапілі дырэктара завода і прымусілі яго сядзець разам зь імі на галодным пайку: “каб да яго дайшло хутчэй…”

Янка Базыль