Супраць каго санкцыі?

9 ліпеня 2006 г.

Навіны

18-га траўня Рада Эўразьвязу ўхваліла фінансавыя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і 35 іншых вышэйшых беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні міжнародных выбарчых стандартаў і ўціск грамадзянскай супольнасьці, ды перасьлед “апазыцыі” пад час прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году.

Згодна з гэтым рашэньнем будуць замарожаныя ўсе выяўленыя рахункі і маёмасьць у краінах Эўразьвязу, зьвязаныя наўпрост ці ўскосна зь беларускімі чыноўнікамі.

30–га чэрвеня санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня ўвяла Швайцарыя. Яна далучылася да санкцыяў Эўразьвязу. Згодна з рашэньнем швайцарскага ўраду, 37-мі вышэйшым беларускім чыноўнікам са сьпісу Эўразьвязу на чале з А. Лукашэнкам забаронена ўяжджаць у Швайцарыю і перасякаць яе тэрыторыю. Акрамя таго, іх рахункі і ўласнасьць на тэрыторыі краіны будуць арыштаваныя ў выпадку, калі яны будуць знойдзеныя.

Распараджэньне прадугледжвае, што асобы і ўстановы, якія займаюцца абслугоўваньнем рахункаў беларускіх службовых асоб або маюць аб іх інфармацыю, павінны неадкладна паведаміць аб гэтым у адпаведныя дзяржструктуры. Заўважце, што Швайцарыя лічыцца краінай, у якой асаблівая ўвага надаецца захаваньню банкаўскай таямніцы. А цяпер дзеля здавалася б далёкіх ад Швайцарыі палітычных прычынаў усе гэтыя расхваленыя традыцыі швайцарскіх банкаў кідаюцца пад ногі. І якім чынам – “рашэньнем швайцарскага ўраду”.

Вось, аказваецца, на якія ахвяры йдуць эўразьвязьнікі дзеля дэмакратыі на Беларусі.

Аднак трэба глядзець рэальна на гэтую санкц-палітыку. Куды накіруецца лукашысцкі чыноўнік, пераканаўшыся, што ў Эўропу яго не пускаюць, што швайцарскія банкі даўно дзіравыя і што іхнымі рашэньнямі кіруе урад? Зразумела куды – у Расею. У расейскія банкі, на расейскія курорты і г.д. А калі ў Расеі апынуцца “інтарэсы” лукашысцкага асяроддзя, то і “інтэграцыя” “легчэ пайдзёт”. Усё гэта робіцца не ад неразуменьня элемэнтарных рэчаў, а якраз ад добрага нямецкага іх разуменьня. Беларускім простым людзям даўно пастаўлены жорсткі візавы заслон для выезду на заробкі ў Эўразьвяз. Бо трэба ж ськіраваць іх у Расею каб працавалі і гінулі там (такая дамоўленасьць). Цяпер дайшла чарга да чыноўнікаў. Ніхто з гэтых эўрапеоідаў не клапоціцца ў сапраўднасьці пра беларускую дэмакратыю (і ні пра якую дэмакратыю). У іх тут супольны рэсурсны і геапалітычны інтэрас з Расеяй і толькі. Успомніце як немцы (“Нямецкая хваля”) ў мінулым годзе, атрымаўшы мільёны ад Эўразьвязу, сілком штурхалі ў беларускі эфір расейскую мову (і прыкідваліся дурачкамі — “какая разьніца”). На Беларусі аднак ёсьць людзі, якія добра разумеюць гэтую гансвікаўскую палітыку і як зь ёй змагацца.

Мар’ян Ванькевіч (з выкарыстаньнем матэрыялаў радыё “Свабода”)