25 чэрвеня 2006 г. адбылося традыцыйнае мэмарыяльнае мерапрыемства ў памяць ахвяраў расейска-бальшавіцкага тэрору ў г. Ігумене.
Пасьля пачатку наступу гітлерскай Нямеччыны 22 чэрвеня 1941 г. маскоўскі акупацыйны рэжым пагнаў калёну палітычных вязьняў (беларусаў, летувісаў, палякаў) з менскай турмы ў бок Расеі. Пасьля таго, як вязьні правялі ноч у турме г. Чэрвеня (былы г. Ігумен), 24 чэрвеня 1941 г. расейскія каты вывелі іх за горад і ў лесе ўрочышча “Цагельня” расстралялі некалькі сотняў чалавек. Толькі некалькім асобам удалося цудам выратавацца. Цяпер тут, абапал дарогі, якая праходзіць праз лес, у памяць ахвяраў усталяваныя крыжы памяці. Гэтыя крыжы былі ўсталяваныя сябрамі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, прадстаўнікамі польскага і летувісцкага грамадзтва.
25 чэрвеня 2006 г. традыцыйнае мэмарыяльнае мерапрыемства ў памяць ахвяраў расейска-бальшавіцкага тэрору было арганізаванае і праведзенае Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй – БНФ. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і моладзь. Мерапрыемства адбывалася ў урочышчы “Цагельня”, дзе былі растраляныя палітычныя вязьні. Удзельнікі мерапрыемства прайшлі ўрачыстым шэсьцем ад беларускага крыжа да польскага і далей да летувісцкага. Каля кожнага крыжа адбыўся мітынг. Выступілі сябры Сойму Партыі Алесь Чахольскі і Пятро Шашкель, старшыня Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч, а таксама сп. Мая Кляшторная. Удзельнікі ўпрыгожвалі мэмарыяльныя месцы кветкамі, запальвалі сьвечкі, маліліся. Мерапрыемства адбывалася пад лёзунгамі: “Беларуская Салідарнасьць – наш супраціў расейскай акупацыі” , “Абаронім Беларусь ад расейскага імпэрыялізму”. Над удзельнікамі луналі нашыя сьвятыя нацыянальныя сымвалы: Бел-чырвона-белы сьцяг і гэрб Пагоня. На пачатку і на заканчэньне ўдзельнікі прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. Удзельнікі мерапрыемства таксама наведалі турму, дзе вязьняў утрымлівалі перад растрэлам. Напярэдадні, 24 чэрвеня 2006 г., урачыстыя мэмарыяльныя мерапрыемствы ладзілі прадстаўнікі польскага і летувісцкага грамадзтва.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 26 чэрвеня 2006 г.