14 чэрвеня тры “прэзыдэнты” прамаскоўскіх марынэткавых рэжымчыкаў – Прыднястройя, Абхазіі і Паўднёвай Асэціі – сабраліся і падпісалі пагадненьне аб стварэньні “ваеннага саюзу”.
Адзін за адным яны заяўлялі пра сваю любоў і адданасьць Расеі (“Мы всегда жілі с Росііей, мы будем жіть с Россіей!”). Настае новы этап расейскай агрэсіі супраць суверэнных Малдовы і Грузіі, а таксама новы пэрыяд барацьбы малдаўскага і грузінскага народаў супраць маскоўскіх акупантаў.
17 чэрвеня ў Беларусі пачалі актыўна разгружацца эшалёны з расейскай ваеннай тэхнікай. Пачаліся вучэньні “Шчіт союза”. Беларусаў зьдзівіў стан гэтага “шчіта”: парэпаныя, заіржавелыя танкі і браневікі, жаўнерская маса ў кірзе. Хаця, трэба быць справядлівымі: у 1939 годзе саветы прышлі “вызваляць” Заходнюю Беларусь у абмотках. Так што прагрэс “на ліцо”. Уся гэтая кірза зьбіраецца зашчышчаць нас ад НАТО і заходняй цывілізацыі.
Расейскае тэлебачаньне пачало трубіць пра чарговую “перамогу” на каўказкім фронце. У г. Аргуне 17 чэрвеня маскоўскія эсэсаўцы атачылі партызанскую групу і падчас бою забілі Абдула Халіма Сайдулаева. Прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі Аслан Масхадаў прызначыў быў сваім наступцам Сайдулаева (акупанты забілі Масхадава летась). На тэлеэкранах зьявіўся архіздраднік чачэнскага народу Кадыраў-малодшы. Ён сьмяяўся і куражыўся, расказваў, што “Сайдулаева прадалі свае за паўтары тысячы рублёў”. Хлусьня аказалася такой прымітыўнай, што маскоўская прапаганда вымушана была хутка ад яе адмовіцца. Чачэнскія лідэры на эміграцыі ўжо заявілі, што расейцы дапусьцілі вялікую памылку, забіўшы Сайдулаева. Ён меў рэпутацыю стрыманага і рэальнага палітыка, заўсёды выступаў за мірнае вырашэньне крызісу. Забойства даказвае яшчэ раз, што Масква зацікаўлена ў далейшым распальваньні вайны на Каўказе.
Вядома, што расейскія асаднікі на працягу дзесяцігоддзяў жылі за кошт турыстаў, што прыяжджалі ў Крым і сяліліся ў іхных (скрадзеных у крымскіх татараў) дамах падчас сэзону летніх адпачынкаў. Вядома, што людзі наглядзеліся па тэлебачаньню на шумныя дэманстрацыі асаднікаў супраць НАТО. Многія зрабілі выснову, што сёлета ехаць у Крым ня трэба. Нікому не падабаюцца палітычныя закалоты нават на пляжы. Людзі вырашылі паехаць адпачываць у Румынію, Баўгарыю і іншыя спакайнейшыя краіны. Такім чынам, расейскія асаднікі, накрычаўшыся супраць НАТО і Украіны, могуць цяпер самы сядзець на сваіх пустых пляжах.
18 чэрвеня нацыяналісты перамаглі на рэфэрэндуме ў Каталёніі. 73,9% удзельнікаў рэфэрэндуму выказаліся за пашырэньня аўтаноміі рэгіёну. Цяпер паводле Канстытуцыі Каталёніі каталёнская мова зьяўляецца дзяржаўнай і абавязкавай у публічнай сфэры. Каталёнцы цалкам кантралююць свой бюджэт, парты, прадпрыемствы. Ва ўсім сьвеце (а таксама ў Мадрыдзе) перамога каталёнцаў успрынята як вялікі крок да аднаўленьня незалежнасьці Каталёніі. Наступныя на гэтым шляху – змагарныя баскі.
Экс-канцлер Нямеччыны Шродэр яшчэ больш выразна прадэманстраваў, што ён зьяўляецца халуём Масквы. 19 чэрвеня на канфэрэнцыі ў Маскве пуцінскі сябрук заявіў, што Расея павінна арганізаваць падачу газу ў Заходнюю Эўропу ў абыход Украіны, каб забясьпечыць бесперабойную дастаўку энэрганосьбітаў. Мы разумеем, чаму Шродэр нават ня згадвае нашу Беларусь (праз якую ў такім выпадку павінен адбывацца газавы транзіт). Для яго (і шмат для каго ў Бэрліне) “беларускае пытаньне” ужо вырашана. Для іх Беларусь ужо ня існуе. Сьпяшаюцца партайгэноссэ, круцяць газавы вэнціль, пагражаюць Украіне блякадай. Подлы маскоўска-бэрлінскі хаўрус набірае абароты.
Янка Базыль