“Ігуменскі Шлях” – каб памяць жыла вечна

17 чэрвеня 2006 г.

Навіны

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя—БНФ штогод праводзіць традыцыйныя мэмарыяльныя мерапрыемствы ў памяць ахвяраў расейска-бальшавіцкага тэрору ў г. Чэрвені Менскай вобласьці.

Штогод на прыканцы чэрвеня людзі зьбіраюцца на ўскраіне горада Чэрвеня (ранейшы Ігумен), каб ушанаваць памяць сотняў ахвяраў расейскага НКВД, што былі растраляны тут 24 чэрвеня 1941 г. Заўсёды разам з беларусамі ў мерапрыемствах бяруць удзел групы грамадзянаў Летувы і Польшчы, якія адмыслова прыязджаюць у Беларусь у гэтыя дні. На магілах пакутнікаў праводзяцца багаслужбы, людзі моляцца і сьпяваюць рэлігійныя гімны, ускладаюць кветкі і вянкі, запальваюць сьвечкі.

Сёлета “Ігуменскі Шлях” адбудзецца 25 чэрвеня. Пачтак мерапрыемстваў а 12:30. Збор удзельнікаў на ўсходняй ускраіне г. Чэрвеня непадалёк ад вялікага Крыжа на магіле пакутнікаў.

Пасьля пачатку наступу гітлерскай Нямеччыны 22 чэрвеня 1941 г. маскоўскі акупацыйны рэжым пагнаў калёну палітычных вязьняў (беларусаў, летувісаў, палякаў) з менскай турмы ў бок Расеі. Пасьля таго, як вязьні правялі ноч у турме г. Чэрвеня, расейскія каты вывелі іх за горад і расстралялі некалькі сотняў чалавек. Толькі некалькі асобам удалося цудам выратавацца.

Запрашаем усіх далучыцца да мемарыяльных мерапрыемстваў “Ігуменскі Шлях” (атрыманы афіцыйны дазвол мясцовай адміністрацыі).

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 17 чэрвеня 2006 г.