Факты і падзеі (1-9 чэрвеня 2006 г.)

12 июня 2006 г.

Актуаліі

Беларусы старэйшага пакаленьня памятаюць, як у нашых школках часоў нямецкай акупацыі ў клясах вісеў партрэт тав. Гітлера, як настаўніцтва вымушана было згадваць “дарагіх вызваліцеляў” і г.д. Падобныя ўспаміны будуць і ў сёньняшніх чачэнскіх школьнікаў.

1 чэрвеня пад “дзень абароны дзяцей” расейскае тэлебачаньне арганізавала чарговую каўказкую інфармацыйную цукерку. На сьцяне партрэт “вызваліцеля Чачэніі” тав. Пуціна, у зале дзеці ў адпрасаваных белых кашулях і форменных сукенках. Перад кампутарамі разыгрываўся нейкі рэклямны дзіцячы конкурс у стылі “Спасібо товарішчу Сталіну за наше счастлівое детство”. Расейскім акупантам мала зьнішчэньня і масавых забойстваў чачэнскага народу. Ім бы хацелася прадставіць працэс зьнішчэньня як шчасьлівае і бадзёрае шоў.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Чарнагорыі маскоўскіх марыянэтак апантала ліхаманка сувярэнітэтаў. 6 чэрвеня ў Цхінвалі, “сталіцы” марынэткавай Паўднёвай Асэціі (акупаваная расейсцамі частка Грузіі) урачыста адкрываўся “год Абхазіі”. Да здрадніка Какойты прыехаў здраднік Багапш. На вуліцах наладзілі вайсковы парад (прайшлі тры ўзвады “нацарміі” з расейскімі і ўкраінскімі прозьвішчамі) і танцы з кветкамі. Маскоўскія СМІ падалі гэтую пацёмкінскую лухту як важную падзею дня. Каўказкая драма працягваецца.

А тав. Пуцін у той жа дзень прымаў у Маскве сусьветную арганізацыю журналістаў. Вядома, што журналісты разабраліся ў мясцовай сітуацыі і рэзка крытыкавалі крамлёўскі рэжым за падаўленьне дэмакратычных свабодаў і курс на таталітарызм. Ведаючы аб гэтым, лубянцы падрыхтавалі рэклямную акцыю. Раптам у крамлёўскай зале (куды мыш без дазволу не пралезе) падчас выступу Пуціна з-за крэслаў выскачыла кучка актывістаў-лімонаўцаў з Нацыянал-бальшавіцкай партыі і пачала крычаць: “Путін – убійца. Ты ответішь за Беслан!” Гледзячы на фашыстоўска-бальшавіцкіх дэбілаў, заходняя публіка павінна была зразумець, што толькі такія непрывабныя элемэнты незадавалены крамлёўскім важдзём і выказваюць яму “неабгрунтаваныя абвінавачваньні”. Аднак, падобна, што тандэтны трук ня надта ўразіў публіку ў зале.

7 чэрвеня маскоўская міліцыя зьдзейсьніла чарговы фашыстоўскі подзьвіг у змаганьні за чысьціню таямнічай расейскай душы. Міліцэйская каманда ўварвалася ў інтэрнат Дзяржаўнага ўнівэрсітэту кіраваньня, пастукалася ў адзін з пакояў, дзе студэнты рыхтаваліся да сэсіі, уварвалася ў пакой і пачала ўсіх біць. У выніку былі моцна зьбіты дзесяць студэнтаў з Таджыкістану, пяцёра з іх патрапілі ў шпіталь.

Інгушскі народ час ад часу нагадвае здраднікам-калябарантам, што здрада – справа няўдзячная. 9 чэрвеня партызаны абстралялі аўтамабіль начальніка прамаскоўскага ОМОНу Інгушэціі Нагіева і забілі яго. На адзін дзень расейскія СМІ замаўчалі пра “посьпехі мірнага жыцьця на Каўказе”.

Янка Базыль