Мілінкевіч: “Наша кааліцыя імкнулася стрымаць вулічныя пратэсты пасьля выбараў”

3 чэрвеня 2006 г.

Навіны

30 і 31 траўня тэлеканал “Эўраньюс” штогадзіну круціў інтэрвію з тав. Мілінкевічам. “Адзіны” заехаў у сядзібу тэлеканалу, які знаходзіцца ў Ліёне (Францыя) і чамусьці наведаў менавіта расейскую рэдакцыю гэтага рупару брусэльскага лібэралізму. Слухаючы ягоныя выказваньні, мы зразумелі, чаму ён пайшоў да расейцаў.
Самае цікавае прагучала ў канцы інтэрвію, у якім расейцы вельмі адмыслова сфармулявалі пытаньні. Мілінкевіч раптам паведаміў, што на сфальшаваных рэжымам выбарах “паводле ягоных (Мілінкевіча) зьвестак, адна траціна выбарцаў усёроўна прагаласавала за яго. Атрымліваецца, што дзьве траціны электарату прагаласавалі за Лукашэнку і рэжым. Адкуль гэта такая статыстыка ў нашага гаваруна? Далей яны ўзяліся за Расею. Тлусты расеец з “Эўраньюс” спытаўся: “Вядома, што Расея запатрабавала ад Беларусі плаціць у тры разы больш за газ. Што вы на гэта?” Мілінкевіч доўга ня думаў: “Расея наш партнёр. Я ўпэўнены, што яна ня будзе так рабіць. Будзе павышаць кошты на газ у некалькі этапаў. Наагул, галоўнае для нас – сяброўскія адносіны з Расеяй. Я адмыслова пасьля свайго абраньня на агульнадэмакратычнага лідэра паехаў з першым візітам менавіта ў Маскву”. Суседняя імпэрыя выстаўляе нашай Беларусі агрэсіўны ўльтыматум, заяўляе пра намер у бліжэйшыя месяцы завершыць інкарпарацыю-акупацыю Беларусі, а для яго “Расея – партнёр”. Яшчэ адно самараспранальнае прызнаньне Мілінкевіча (на што мы ўвесь час зьвярталі ўвагу) прагучала ў гэтай лісьлівай “размове з русскім другом”. “Наша кааліцыя імкнулася стрымаць вулічныя пратэсты пасьля выбараў, — сказаў Мілінкевіч. — Для нас ня гэта ёсьць галоўным, а галоўнае – гэта справядлівыя выбары…” Вось ён і сам прызнаўся, галубок. Тое, што ва ўмовах дыктатуры справядлівыя выбары немагчымыя – гэта для яго ня важна. Не зьдзіўляемся, што нават радыё Свабода ніякім чынам не камэнтавала гэтае інтэрвію свайго любімчыка. Такі вось “агульнадэмакратычны” гастралёр наведаў Заходнюю Эўропу.

Янка Базыль