27 траўня ў Менску адбыўся VII Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Сойм заслухаў палітычны даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, — “Заўтра ў вольнай Беларусі” (тэкст дакладу).
Са справаздачнымі дакладамі выступілі намесьнікі старшыні Фронту і Партыі, сакратары Управы і кіраўнікі камісіяў. Былі абмеркаваны сітуацыя ў Беларусі і за яе межамі, вынікі і задачы дзейнасьці Фронту і Партыі. Выступілі таксама дэлегаты Зьезду з розных рэгіёнаў краіны, якія распавялі аб сітуацыі ў Беларусі і працы рэгіянальных арганізацыяў Фронту і Партыі.
У адпаведнасьці са Статутам былі праведзены выбары Старшыні, намесьнікаў і Сойму Фронту і Партыі. Старшынём Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ быў абраны сп. Зянон Пазьняк. Намесьнікамі старшыні дэлегаты абралі сп. Юрыя Беленькага і сп. Сяргея Папкова. Быў таксама абраны Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ у складзе 38 сяброў.
Зьезд прыняў рэзылюцыю “Абараніць незалежнасьць Бацькаўшчыны” (тэкст рэзалюцыі).
Заля, у якой адбываўся Зьезд, была ўпрыгожана нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі і выявамі гэрбу “Пагоня”. Працу Зьезду дэлегаты распачалі і завяршылі сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 27 траўня 2006 г. Менск