14 траўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адражэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, — “Ветрык, вей!”: “Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што ў беларусаў ёсьць добры патэнцыял будучыні і нацыянальнага Адраджэньня. Гэта выявілася ў актыўнасьці моладзі, у яе гатовасьці змагацца з рэжымам за вольную Беларусь. Зразумела, што ворагі беларушчыны будуць імкнуцца першым чынам задушыць гэтае абуджэньне. Дзеяньні паліттэхнолягаў мы ўжо бачым. Тактыка тая ж тыпова лубянская: падстаўныя фігуры, падстаўныя арганізацыі, фальшывыя псэўдазмагарныя ідэі, імітацыя змагарнай дзейнасьці, безадрасны агульнадэмакратычны рамантызм і адвод грамадзкай энэргіі ў сьляпы завулак, у апэндыкс. Узорны прыклад – існаваньне эклектычнага “Зубра” (аналягічную арганізацыю стварылі ўжо на Украіне, будуць змагацца за дружбу з “демократической Россией”). Праект адводу рэвалюцыі ў апэндыкс, які нядаўна агучылі “дэмакраты” з “апазыцыі”, характарызуецца, дарэчы, надзвычайнай прымітыўнасьцю і разьлічаны ў асноўным на дэнацыяналізаваных і нясьпелых людзей з маладзёвага асяроддзя. Прапануюць ствараць на вуліцах, і ўвогуле ў горадзе, імгненныя тэатралізаваныя сітуацыі (флэш-мобы) і адразу разьбягацца. Дзеля гэтакай рэвалюцыі аб’явілі пра роспуск “Зубра” (які ў асноўным мазаў сьцены расейшчынай) і вырашылі перакваліфікаваць яго на “мобы-шмобы”. Усё гэта выглядае несур’ёзнымі дзіцячымі гульнямі і паказвае на ўзровень людзей, якія за ўсім стаяць. Гэтая тэхналёгія – працяг парцянкі (джынсы). Галоўнае – любымі спосабамі адцягнуць беларускую моладзь ад нацыянальнага змаганьня, ад нацыянальнай ідэі, ад Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, ад разуменьня расейскай пагрозы, ад нацыянальнага Адраджэньня. Задача відавочная – збэсьціць новае пакаленьне моладзі, якая заявіла пра сябе ў сакавіку гэтага года. У сувязі з гэтым у каторы раз паўтаруся: нацыянальная асьвета людзей, беларускае асьветніцтва ёсьць і павінна быць нашым пастаянным прыярытэтам. Вайна за Беларусь вядзецца ўсімі спосабамі і ва ўсіх кірунках, але вынік гэтай вайны будзе залежыць ад перамогі ў сьвядомасьці”. Аб канкрэтных мэтадах нацыянальнага маладзёвага змаганьня я ўжо коратка пісаў раней. У бліжэйшы час пастараюся гэта сістэматызаваць. Стратэгічнай лініяй павінна стаць “Беларуская Салідарнасьць” і Адраджэньне. Тактычна трэба скарыстаць мэтады арганізацыі і спосабы дзейнасьці Камітэтаў абароны ў запачаткаваным тры гады таму БКА (Беларускі Камітэт Абароны). Галоўнае, што ў цяперашніх беларускіх умовах гэты мэтад нэўтралізуе шырокую дзейнасьць агунтуры. Рэжым ня здолее скарыстаць напоўніццу важную сваю зброю. З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту. Ён распавёў пра апошнія агрэсіўна-імпэрскія заявы Крамля. Пуцін і ягонае атачэньне абвясьцілі чарговы ўльтыматум Беларусі. Заява цынічна адкрытая: падвышаем кошты на сібірскі газ і патрабуем, каб Беларусь уключылася ў склад Расеі. Дзесяць гадоў таму, у 1996 г. расейская імпэрыя ўжо выстаўляла нам ультыматумы. Тады змагарны народ выйшаў на вуліцы Менска і абараніў сваю незалежную дзяржаву. Цяпер агрэсары разьлічваюць, што псэўдаапазыцыі ўдалося разбурыць народны супраціў, што расейскі імпэрыялізм лёгка завалодае нашай краінай і нашымі нацыянальнымі багацьцямі. Але патрыёты Бацькаўшчыны будуць арганізоўваць супраціў агрэсіі. Увесь цывілізаваны сьвет ужо ўбачыў, што Расея ахоплена цяжкім эканамічным і сацыяльным крызізам, аб чым вымушаны казаць у сваіх выступах нават Пуцін. У анэксіі Беларусі і захопе яе чалавечых, тэхналягічных і натуральных рэсурсаў Крэмль бачыць магчымасьць пераадолець крызіс. Але беларусы не пагодзяцца быць матэрыялам для вырашэньня чужых праблемаў. Беларуская Салідарнасьць – шлях нашага народу да вызваленьня. Выступіў сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі. Ён таксама нагадаў пра расейскі наступ супраць незалежнай Беларусі ў 1996 г. Тады сітуацыя была значна больш цяжкай для беларускіх патрыётаў. Многія палітыкі Заходняй Эўропы ў той пэрыяд ужо пагадзіліся на акупацыю і анэксію Беларусі Расеяй. Яны казалі беларускім патрыётам, што “шлях дэмакратызацыі Беларусі – праз дэмакратычную Расею”. За прамінулыя дзесяць гадоў, пасьля апошняй расейскай “газавай вайны” супраць Украіны і ўсяе Эўропы многія на Захадзе больш адэкватна ацанілі палітыку Расеі і адмовіліся ад публічнай падтрымкі расейскай акупацыі Беларусі. Трэба ўлічваць больш спрыяльную для нашай незалежнасьці міжнародную сітуацыю. Але справа абароны Бацькаўшчыны і пабудовы дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавы ёсьць задачай перш за ўсё самых беларусаў. Выступілі таксама сябры Сойму. Яны распавялі пра патрыятычны ўздым у розных рэгіёнах краіны. У авангардзе нацыянальна-вызвольнага руху – беларуская моладзь, якая гуртуецца пад сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Наш народ гатовы ўстаць на абарону Бацькаўшчыны ад расейскай імпэрыі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 14 траўня 2006 г.