Ужо 10 траўня расейскія СМІ шумнулі ў грамадзтва “сэнсацыйнае паведамленьне” пад тытулам “Белорусская оппозиция обещает Лукашенко тотальный флэш-моб”. Трымці, дыктатура, цяпер цябе зусім затуркаюць-зашугаюць карнаваламі, хэпэнінгамі, сьвістулькамі, джынсовымі анучамі парцянкамі і іншымі забаўкамі. За справу бярэцца фірма “За свабоду”, нядаўна ўзбагачаная кадрамі з “самазьліквідаванага” “Зубра”. Кіраўнічкі псэўдаапазыцыйнай фірмы заявілі, што пераходзяць да моб-шмобаў, каб “акцыі былі ў рамках існуючых законаў РБ” і каб “пазьбегнуць прыцягненьня да судовай адказнасьці ўдзельнікаў акцыяў”. Дык тады, спадары, трэба вам было б выйсьці да помніка Леніну пад сьцягам БССР-РБ ды крычаць “Слава колхозному строю!” Усё ў рамках “закону” і мэдалі замест рэпрэсіяў. Але гэта ня ёсьць шлях правераных “байцоў рэвалюцыі” кшталту С. Альфэра з АГП, які самаабраўся на кіраўніцтва гэтага “За свабоду”. Ён і ягоныя калегі кажуць, што цяпер будуць рыхтаваць масавыя моб-флэшы з таямнічых цэнтраў, каб ніхто ня ведаў арганізатараў і пляну. Гэта, маўляў, дасьць магчымасьць пазьбегнуць рэпрэсіяў.
Дарагая моладзь, сьцеражыцеся гэтай публікі. Цяпер “легальны” Альфэр будзе непасрэдна распрацоўваць “таямнічыя” псэўдаакцыі і пад камандай вядомай канторы вадзіць карагоды на тэму “сопротівленія діктатуре”. Ня верце агентуры, адвярніцеся ад гэтых пацешных і падстаўных блытальнікаў. Шлях барацьбы за вольную Беларусь не такі, нельга ісьці па ім пад кіраўніцтвам канторскіх “массовіков-затейніков”. Высока ўздымайма наш Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Беларускай Салідарнасьці!
Янка Базыль