Рэпрэсіі супраць патрыёта

13 мая 2006 г.

Навіны

Тыповая практыка дыктатарскага рэжыму – прыкрыцьцё палітычных рэпрэсіяў “навядзеньнем адміністрацыйнага парадку на вытворчасьці”. Ахвярай адміністрацыйнага (а на самой справе палітычнага) перасьледу стаўся сп. Кастусь Кашэль, сябра Управы Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.

Шэраг гадоў ён працаваў супрацоўнікам дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства “Унікаштмет БДУ” у Менску. Ягонае працоўнае месца ўпрыгожваў нацыянальны Бел-Чырвона-Белы сьцяжок і партрэт Зянона Пазьняка. Аднак, у чэрвені 2005 г. працоўныя памяшканьні прадпрыемства наведаў намесьнік міністра адукацыі РБ Фарына ў суправаджэньні дырэктара прадпрыемства Георгія Корзуна. Пасьля гэтага візыту адміністрацыя пачала ціск на сямью сп. Кашэля. Ужо ў ліпені 2005 г., калі сп. Кашэль знаходзіўся ў адпачынку, службовыя асобы “Унікашмет БДУ” тэлефанавалі ягонай жонцы і пагражалі звольніць мужа з працы, калі ён не зьніме нацыянальны сьцяг і партрэт Зянона Пазьняка. Урэшце адміністрацыя скрала партрэт лідэра Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, а нацыянальны сьцяг сарвала і кінула на стол сп. Кашэля. Патрыёт па факту пагрозаў ягонай сямьі, скраданьня партрэта і абразы нацыянальнага сьцяга зьвяртаўся з заявамі ў пракуратуру, да міністра адукацыі і рэктара БДУ. Усе інстанцыі давалі адзін адказ: ціску на сямью не было, партрэт скралі законна, а “бел-чырвона-белы сьцяг не зьяўляецца сымвалем Беларусі”. Урэшце адміністрацыя пачала фабрыкаваць кампрамат на сп. Кашэля: груба ўмешвалася ў працэс працы і фіксавала дробныя памылкі, якія потым афармляліся як службовыя дысцыплінарныя праступкі. На сп. Кашэля наклалі некалькі спагнаньняў паводле 198 арт. Працоўнага кодэксу.

Сп. Кашэль абскарджваў гэтыя спагнаньні ў судзе, але адміністрацыя не пускала яго на судовыя паседжаньні. Калі, атрымаўшы афіцыйную позву ў Гарадзкі суд г. Менска, ён паехаў у суд, адміністрацыя наклала на яго чарговае спагнаньне. А суды – раённы і гарадзкі – пакінулі ўсе спагнаньні ў сіле. Нават апошняе спагнаньне адміністрацыі, калі сп. Кашэль паехаў на суд, маючы афіцыйную позву.

17 сакавіка сёлета Кастусь Кашэль быў звольнены з працы “за сістэматычнае невыкананьне ўмоваў кантракту і правілаў унутранага працоўнага раскладу (арт. 42, п. 4 Працоўнага кодэксу РБ)”. Пры чым, адміністрацыя настолькі сьпяшалася, што ня вытрымала працэдуру звальненьня: за адзін і той жа “праступак” абвясьціла сп. Кашэлю вымову і звольніла яго.

Сп. Кашэль падаў касацыйную скаргу ў Гарадзкі суд г. Менска. 12 траўня ў Гарадзскім судзе сталіцы адбудзецца першае паседжаньне па ягонай справе.

Відавочна, што сапраўднай прычынай перасьледу беларускага патрыёта зьяўляецца страх прадстаўнікоў рэжыму перад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, а таксама перад асобай сп. Зянона Пазьняка.

Дыктатура жыве ў страху перад нацыянальна сьведамымі людзьмі, для якіх нацыянальныя сымбалі зьяўляюцца найвышэйшай каштоўнасьцю. Мы назіраем працэс дэмаралізацыі і гістэрычнага крызісу антыбеларускай улады.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 11 траўня 2006 г.