Факты і падзеі (9-10 траўня 2006 г.)

10 мая 2006 г.

Актуаліі

Ужо 10 траўня расейскія СМІ шумнулі ў грамадзтва “сэнсацыйнае паведамленьне” пад тытулам “Белорусская оппозиция обещает Лукашенко тотальный флэш-моб”. Трымці, дыктатура, цяпер цябе зусім затуркаюць-зашугаюць карнаваламі, хэпэнінгамі, сьвістулькамі, джынсовымі шматамі і іншымі забаўкамі. За справу бярэцца фірма “За свабоду”, нядаўна ўзбагачаная кадрамі з самазьліквідаванага “Зубра”. Кіраўнікі псэўдаапазыцыйнай фірмы заявілі, што пераходзяць да моб-шмобаў, каб “акцыі былі ў рамках існуючых законаў РБ” і каб “пазьбегнуць прыцягненьня да судовай адказнасьці ўдзельнікаў акцыяў”. Дык тады, дарагія, трэба вам было б выйсьці да помніка Леніну пад сьцягам БССР-РБ ды крычаць да пасіненьня “Слава колхозному строю!” Усё ў рамках “закону” і мэдалі замест рэпрэсіяў. Але гэта ня ёсьць шлях правераных “байцоў рэвалюцыі” кшталту С. Альфэра з АГП, які самаабраўся на кіраўніцтва гэтага “За свабоду”. Ён і ягоныя калегі кажуць, што цяпер будуць рыхтаваць масавыя моб-флэшы з таямнічых цэнтраў, каб ніхто ня ведаў арганізатараў і пляну. Гэта, маўляў, дасьць магчымасьць пазьбегнуць рэпрэсіяў. Шаноўная моладзь, сьцеражыцеся гэтых штатных “массовіков-затейніков”. Прыкольныя карагоды на тэму “сопротівленія діктатуре” падкінуты дзеля ухіленьня маладых патрыётаў ад рэальнага змаганьня за незалежную Беларусь супраць расейскага агрэсара. Высока ўздымайма наш Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Беларускай Салідарнасьці. Няма веры падстаўным!

10 траўня адбыўся чарговы пуцінскі бэнэфіс пад назовам “ежегоднее обрашченіе презідента”. Лубянец бадзёра выбег на трыбуну і роўна гадзіну выступаў перад публікай (больш за тысячу асобаў). Журналісты падлічылі дзесяткі разоў, калі аўдыторыя воплескамі перапыняла спіч начальніка. Адчуваецца, што ў Маскве паціху вяртаюцца фармальныя прыкметы чарговага “культу асобы” (як любяць маскоўскія ідэёлягі фармуляваць тыранічныя крамлёўскія рэжымы, сьпіхваючы на чарговага генсека злачынствы ўсёй сістэмы). У зале маладыя жанчыны пакуль яшчэ не гукалі “Слава верному ленинцу, руководителю ФСБ тов. Патрушеву!”, а публіка не раўла “Смерть врагам народа!” Але ўся рэжысура халуйскага ўхваленьня абяцаных “велікіх достіженій” (нават тов. Зюганаў з КПРФ ухваляў тое, чаго яшчэ няма) моцна нагадвае капэ-эсэсаўскія зьезды савецкай эпохі. Што ж так упадабалі дапушчаныя да “обрашченія” баяры? Пуцін паабяцаў, што сёлета рубель “стане канвэртуемым”. Міністар фінансаў пацьвердзіў, што так яно й будзе. Абсалютная большасьць расейскіх грамадзянаў ня мае, аднак, што засоўваць у абяцаныя “канвэрты”, жыве дзень да вечара. Потым Пуцін гарэзьліва сказаў: “Поговорім о любві…” Мелася на ўвазе дэмаграфічная праблема ў РФ (дакладней праблема выміраньня расейцаў – па 700 тысячаў штогод, як публічна прызнаў Пуцін). Прапануецца нараджаць больш дзяцей і паабяцана рэзка павялічыць выплаты за другое дзіця і г.д. А ці не прасьей было б злавіць мільёны беспрытульных дзяцей па ўсёй РФ і забясьпечыць ім нармальнае дзяцінства? Не, прапануецца, як у тым цыганскім анэкдоце: “Зачем, лучше наделаем новых…” Прысутную эліту радвалі прыгожыя лічбы ў дакладзе. А простыя грамадзяне ўжо ведаюць, што абяцанкі так і застануцца прыгожымі лічбамі. Для эфэктнага фіналу Пуцін падрыхтаваў любімую тэму. “Нікто не отменял гонкі вооруженій…” – даў ён адлуп пацыфістам. Потым паведаміў, што будуюцца новыя атамныя падлодкі, новыя ракеты, а армія пераходзіць на рэжым шырокамаштабных вучэньняў. Вось у гэтую частку дакладу мы настойліва раім паверыць і не сумнявацца. Пасьля пуцінскага выступу журналісты пабеглі браць інтэрвію у слухачоў. Акадэмікі, міністры і губэрнатары энтузіястычна нахвальвалі выступоўцу за “возврашченіе велічія Россіі”. Страшны знак. Гісторыя чалавецтва дэманструе, што калі жабрацкая, ачмурэлая ад пьянства, кіруемая злачынным кланам імпэрыя пачынае вяртаць сабе “велічіе”, то будзе бяда, калі яе не спыніць.

Працягваецца істэрычны лямант у кулуарах Крамля і ў імпэрскіх СМІ. На фашыстоўскія пагрозы “задушыць, арганізаваць эканамічную блякаду, перакрыць кісларод” грузіны адказваюць адэкватна і тэмпэрамэнтна. 9 траўня старшыня камісіі па абароне і бясьпецы парляманту Грузіі Гіві Таргамадзэ заявіў: “Расея стала сусьветным сьметнікам для міжнародных крымінальнікаў. У тым ліку для “вароў у законе”, якія зьбеглі з Грузіі”. Народы ніколі не забудуцца, дзе хаваюцца здраднікі нацыянальных інтарэсаў і міжнародныя злачынцы кшталту Абашыдзэ, Слюнькова і шэрагу іншых.

Прэм’ер Брытаніі Блэр прызначыў 10 траўня новага міністра роўнасьці (ёсьць такая пасада ў Лёндане). Міністрам стала Рут Кэлі. Але супраць гэтай асобы ўзьнялася хваля пратэстаў. У прыватнасьці шумна пратэстуюць арганізацыі сэксзбачэнцаў. Ведаеце, якая іхная аргумэнтацыя? А вось якая: Рут Кэлі вядомая сваёй хрысьціянскай набожнасьцю і прыхільнасьцю да традыцыяў. Маўляў, яна будзе шкодзіць гэям. Прамінула 1700 гадоў з часоў апошніх рымскіх ганеньняў на хрысьціянаў. І вось на пачатку 21-га стагоддзя, на фоне заходняй уседазволенасьці “правоў чалавека” ў грамадзтва вяртаецца ў якасьці нормы садомскі грэх, які публічна пратэстуе супраць Хрысьціянства. Такое ня сьнілася імпэратару Канстанціну. Ён менавіта ў Брытаніі даведаўся аб абраньні на імпэратарскі трон і паехаў у Італію, дзе падпісаў у 313 г. Міланскі эдыкт, паводле якога Хрысьціянства станавілася легальным веравызнаньнем. Праз стагоддзі варварства зноў пагражае цывілізацыі.

Янка Базыль