Васіль Быкаў: \"Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды\"

9 мая 2006 г.

Навіны

Да апошняга свайго дня Васіль Быкаў вяртаўся думкамі да вайны. Для мастака Быкава вайна была пражэктарам, які высьвечваў самыя глыбінныя таямніцы чалавечай душы. Аднак тэмай прозы і публіцыстыкі пісьменьніка быў ня толькі чалавек на вайне, але і нацыя на вайне. Развагі пісьменьніка, якія вы цяпер пачуеце, упершыню прагучалі на “Свабодзе” роўна 5 гадоў таму – 9 траўня 2001 году.

(Быкаў: ) “Існуе думка, што фэнамэнальнае, узьнёслае стаўленьне старэйшай часткі грамадзтва да мінулай вайны вызначаецца тым, што ў нашым жыцьці гэтая перамога сталася подзьвігам. Пазьней не было нічога болей справядлівага, высокага па ідэі і выразнага па выніку, чым можна было б задаволіцца, ня тое што ганарыцца. Што б не было ўрэшце так абясцэнена, зьняважана, дыскрэдытавана людзьмі або часам — хоць пяцігодкі, хоць барацьба за мір, хоць шалёная ядзерная гонка ці той жа космас, усё ў нашай гісторыі блеф, калі не злачынства. Адзінае добрае, што зьдзейсьнілі старэйшыя пакаленьні ў ХХ стагодзьдзі, сапраўды была гэтая перамога над нямецкім нацызмам.

Але ўзьнікаюць сумненьні і ў перамозе — найперш у яе імпэратыўнай адназначнасьці. Ад чаго яна пазбавіла чалавецтва — мы ведаем. І тое, можа быць, не падлягае сумневу. Але што зь ёю мы набылі? Усё ж кожная перамога павінная ня толькі ўзяць, але і даць. Краіны пераможаныя — Нямеччына, Італія, Японія — стрывалі паразу і менавіта праз тое атрымалі магчымасьць для небывалага росквіту эканомікі, свабоды і дэмакратыі.

А мы, пераможцы, дагэтуль ня можам дамагчыся элемэнтарнай свабоды, ня можам накарміць сябе. Можна сказаць, што здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды. Але без свабоды чаго вартая кожная бліскучая перамога кожнага грамадзтва?

А што да расейцаў, дык тыя і дагэтуль ня могуць перастаць ваяваць. І за якія ідэалы? За звыродлівыя, спарахнелыя імпэрскія ідэалы, як і сто, і тысячу гадоў таму. У пераможнай эўфарыі зашмат ад эмоцыяў і дужа мала ад розуму. Бо разумны, рацыянальны падыход да вайны ня выгадны рэжымам, якія і тую даўнюю, вялікую перамогу прызвычаіліся выкарыстоўваць ва ўласных інтарэсах — інтарэсах антычалавечых і антыдэмакратычных. Тое ім удаецца выдатна: хоць у Расеі, хоць у Беларусі. Як доўга тое будзе адбывацца, хто ведае”.

Паводле Радыё Свабода