Прафанатары барацьбы

9 мая 2006 г.

Навіны

6 траўня 2006 г. Чэшская газэта “Lidove Noviny” піша пра лёзунгі і акцыі “Маладога Фронту” у Менску. Спасылаецца на інфармацыю ад БАЖу. Цытуе два лёзунгі: “Ён нам абрыднуў” і “Хочам новага прэзыдэнта”.

Наш камэнтар: Нешта ня бачылі мы такіх лёзунгаў у сталіцы і іншых гарадах Беларусі. За апошнія гады склалася (склалася не само сабой, бо адчуваецца праца “стілістов в штатском”) пэўная мода на бессэнсоўныя фармулёўкі на платах і мурах. Былі і ёсьць розныя “Он должен уйті” (хто, кудой “уйті”?), “Хватіт” (чаго, каго “хватіт”?), “Перемен” (якіх “перемен”?).

Беларусы заўважылі, што абсалютная большасьць гэтай насьценнай творчасьці выконваецца на мове расейскіх акупантаў нашай краіны і заўсёды мае нейкую інфантыльна-вырабленую “недамоўленасьць-таямнічасьць” фармулёўкі. У выніку нармальны чалавек проста ня можа зразумець, хто каго “достал” і хто кудой павінен “уйті”. Замест подзьвігаў легендарнага Мірона, які ўздымае над нашай акупаванай краінай сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і ясна фармулюе лёзунгі нацыянальнага змаганьня (“Жыве Беларусь!”, “Абаронім Беларусь ад расейскай агрэсіі!”), нейкія “нэападпольшчыкі” пачалі гарэзьлівую гульню ў “русскоязычную вікторіну”. Чэхам (асабліва з падачы памянёнай “Белорусской ассоціаціі журналістов”, падпарадкаванай лубянскай канторы дзеля стварэньня скажонай карціны падзеяў на Беларусі) былі проста не зразумелыя гэтыя “Достал” і “Нового” або “Хотім нового”. Яны вымушаны былі дадаць словы ад сябе і скончыць незавершаны лёзунг-сказ: “Ён нам абрыднуў” і “Хочам новага прэзыдэнта”.

Дык чаму ж не завяршаюць лёзунг-сказ, не фармулююць ясна і адназначна сваю думку самы аўтары гэтай “лёзунгатворчасьці”? А робяць яны так з тае ж прычыны, што й тады, калі адмаўляюцца ад Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, замяняючы яго джынсовымі порткамі на дручку, чорнымі махноўскімі сьцягамі і блакітнымі харугвамі з жоўтым пэгасам замест нашай “Пагоні”. Усё гэта – ад нячысьціка. Усё гэта ёсьць выраблены агентурны лубянскі пасеў, які мае на мэце ператварэньне нацыянальна-вызвольнага змаганьня ў стракаты балаган хіповай публікі, што хацела б пазабаўляцца. Аднак, беларуская моладзь душой адчула варожую фальш наёмных “фармалістаў” і не пайшла за імі. Маладыя беларускія патрыёты ідуць на змаганьне за Волю і Бацькаўшчыну пад сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і не прымаюць “русскоязычные приколы”, зьляпаныя ў гэбоўскай канторы.

Юрка Марозаў