Чарговая мімікрыя

9 мая 2006 г.

Навіны

Радыё Свабода пазнаёміла нас 6 траўня з чарговай “сэнсацыяй”. На здымку пад чорным махноўскім сьцягам з белым сілуэтам “зубра” сядзяць некалькі насупоненых кіраўнікоў арганізацыі, якая нарабіла столькі пустога шуму за апошнія пяць гадоў. Яны зрабілі заяву, што сёньня “самаліквідуюцца і больш ня будуць дзейнічаць пад сваім брэндам”.

Так у прынцыпе і бывае з групоўкамі, якія выступаюць пад “брэндамі”, а не пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым сьцягам. Сьмешна толькі, што ўжо раз “зубры” абвяшчалі аб “самаліквідацыі”. А было гэта адразу пасьля заканчэньня наладжаных дыктатурай прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. (праваленых псэўдаапазыцыяй зь яе Домашам і Ганчарыкам). Менавіта для заблытваньня моладзі перад тымі выбарамі спэцслужбы і зьляпілі “Зубра”. Памятаем, як пачалі лапатаць па-расейску (па той жа радыё-Свабодзе) нейкія ўшчэнт “істінно русскіе ребята” з камсамольскімі “задорнымі” галасамі, як яны панесьлі партрэты Домаша-Ганчарыка проста ў народ.

У 2001 г. спэцслужбы перадумалі “самаліквідаваць” публіку з-пад чонага сьцяга, ўвялі ў яе кіраўніцтва правераных у “маладым фронце” блытанікаў Дранчука і Афнагеля і працягнулі “змаганьне”. Цяпер гэтыя “лідэры” заявілі, што будуць “улівацца ў агульны дэмакратычны рух”. Праўда, ведаем, што ёсьць такі факт. Днямі пра стварэньне такога “руху” пад назвай, здаецца, “За дэмакратыю” абвясьцілі дзьве адыёзныя асобы. Першая адыёзная па сваёй партпрыналежнасьці, гэта – намесьнік Калякіна з КПБ (у статуце якой напісана пра “возрожденіе СССР”). Другая – такі С. Альфэр, намесьнік Лебедько па АГП, даўно вядомы (яшчэ ў БНФ) запісны агент Ахоўкі, а таксама адзін з актыўных карупцыянераў у псэўдаапазыцыі. Менавіта Альфэр быў услаўлены нават “незалежнай” прэсай як прадавец (па 500 даляраў за штуку) даведак з пячаткамі і тэкстам пра “ахвяру рэпрэсіяў”. З такой даведкай шмат ўжо жулікаватых людзей атабарылася ў якасьці “палітэмігрантаў” у заходніх краінах. Гандаль працягваецца. І настолькі пасьпяхова, што фірму зьбіраюцца пашыраць, запрашаючы туды зуброўскі “состав”.

Янка Базыль