Факты і падзеі (1-6 траўня 2006 г.)

7 мая 2006 г.

Актуаліі

Чырвоная рэстаўрацыя крочыць “семимильными шагами” па расейскай імпэрыі. “Красный первомай” у чарговы раз разгарнуўся ад Камчаткі да Калініграду.
Без акуляраў бачна, што арганізаваныя, агрэсіўныя натоўпы імпэрцаў пад чырвонымі сьцягамі – гэта ёсьць найбольш поўны аўтапартрэт гэбізма-пуцінізма. Аднаўленьне імпэрыі ў савецкіх межах ёсьць толькі першым этапам гэтай формы дзяржаўнай шызафрэніі. Беларусы заўважылі зьяўленьне ў будынках і на іканастасах РПЦ стылізаваны пад візантыйскую манэру партрэт апошняга расейскага цара Мікалая ІІ (Міколкі Крывавага, як называў яго народ у тагачаснай расейскай імпэрыі). Лубянцы даўно ўзялі на ідэялягічнае ўзбраеньне вобраз “святого царя-мученіка” (які забіў і закатаваў мноства людзей, а таксама любіў тэарэтызаваць на гэтую тэму). Эклектычная фарматворчасьць у стылі царызму-ленінізму-сталінізму дае ідэялягічную базу дзеля аднаўленьня расейскай імпэрыі ў раманаўскіх межах. Народы павінны быць гатовы даць адлуп расейскім агрэсарам.

У першыя травеньскія дні прэзыдэнт Юшчанка заявіў аб курсе Украіны на ўступленьне ў НАТО і эўраструктуры і неабходнасьці выходзіць з бессэнсоўнага СНД. Пра тое ж зрабіў афіцыйныя заявы прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі. Масква адразу мабілізавала сваю агентуру ў гэтых краінах. Адна за адной усходнія вобласьці пачалі ў сваіх губэрнатарствах галасаваць “за русскій язык – регіональный язык області” (такога статуса мовы няма ў Канстытуцыі Украіны). А ў акупаванай маскоўцамі грузінскай правінцыі Абхазіі вылез на трыбуну мясцовы прамаскоўскі псэўдапрэзыдэнт Багапш. Марыянэтка, якую за нітачкі тузаюць з Крамля-Лубянкі, пачала варушыць ручкамі і забалматала: “Абхазія будзе ўваходзіць у СНД. Гэта дазволіць нам яшчэ больш наблізіцца да Расеі”. Куды яшчэ больш?! Павінны былі б падумаць абхазкія патрыёты аб тым, што такая “блізость” давядзе да абвяшчэньня “русского языка регіональным языком абхазов”, а потым да поўнай ліквідацыі нацыянальнай мовы, культуры і растварэньня нацыі ў імпэрскім катле.

4 траўня камісар Эўразьвязу па энэргетыцы Андрыс Піебалтс гасьцяваў у сталіцы Казахстану Астане. Там ён выступіў у падтрымку праекту Транскаспійскага газаправоду на Заходнюю Эўропу ў абыход Расеі. Мяркуецца пабудаваць газаправод, па якому казахскі і туркмэнскі газ ішоў бы (без маскоўскай істэрыкі і шантажу) праз Каспійскае мора, а потым праз Азэрбайджан, Грузію і Турцыю на Захад. Народы дастаткова наглядзеліся на выбрыкі і наслухаліся пагрозаў Крамля “перакрыць кісларод”. Народы пачалі дзейнічаць адэкватна. Зімовая “газавая вайна” супраць Украіны і ўсёй Эўропы шмат чаму навучыла нават эўракамісараў. Не хвалююцца толькі немцы, як заўсёды ўпэўненыя ў сваёй рацыянальнасьці і здольнасьці выкарыстаць усіх, нават маскоўцаў. Сапраўды, нічаму іх не навучыла гісторыя, ані найноўшая, ані даўнішняя. 5 траўня ў расейскім войску адбыўся чарговы крос-забег. Гэтым разам быў пабіты рэкорд калі ня хуткасьці, то колькасьці ўдзельнікаў. З тэрыторыі будаўнічага батальёну аднаго з палкоў ва Ульянаўску разьбегліся ў розныя бакі ажно 50 малодшых чыноў. На наступны дзень 30 з іх злавілі, за астатнімі пакуль ганяюцца. Начальства клянецца журналістам, што там былі толькі “стараслужачыя”, якія нешта не падзялілі з афіцэрамі. І дадае, што ўсе ўцекачы маюць судзімасьці. Вось дажылі, “дзяды” пачалі разьбягацца з гэтага войска. Беларусам старэйшых пакаленьняў памятныя гэтыя “стройбаты” маскоўскага войска: крымінальшчына, бруд, хамства, зьнішчэньне асобы, праца насуперак усім нормам бясьпекі. Трэба прыкласьці ўсе нацыянальныя сілы, каб наша моладзь не апынулася зноў у гэтым расейскім кашмары.

6 траўня ў маскоўскім раёне Хімкі знайшлі павешанага дыплямата. Гэта – Ларан Далае, аташэ амбасады Францыі ў Маскве. СМІ і сьледства адразу заявілі, што гэта “самагубства на глебе пачуцьццяў”. Маўляў, перад самагубствам расейская пасія дыплямата атрымала “эсэмэску”, дзе ён абвясьціў ёй пра свой суіцыдальны плян. Нябожчык доўга падтрымліваў сувязь з маскоўскай паненкай, і вось як усё скончылася. Французы будуць, безумоўна, разьбірацца, што здарылася ў Маскве. Але вельмі падазрона, што француз адмыслова заехаў на ўскраіну Масквы і адшукаў там дручкі, на якіх насельніцтва выбівае пыл з дываноў, каб павесіцца на адным з дручкоў. Чаму ён не паразмаўляў з паненкай, а абмежаваўся некалькімі радкамі, пасланымі праз мабільнік? Ужо цяпер бачна, што разыграна чарговая няўклюдная акцыя ў стылі Лубянкі. Нават для дыпляматаў Масква і ў цэлым Расея даўно зьяўляецца зонай павышанай небясьпекі.

Радыё Свабода пазнаёміла нас 6 траўня з чарговай “сэнсацыяй”. На здымку пад чорным махноўскім сьцягам з белым сілуэтам “зубра” сядзяць некалькі насупоненых кіраўнікоў арганізацыі, якая нарабіла столькі пустога шуму за апошнія пяць гадоў. Яны зрабілі заяву, што сёньня “самаліквідуюцца і больш ня будуць дзейнічаць пад сваім брэндам”. Так у прынцыпе і бывае з групоўкамі, якія выступаюць пад “брэндамі”, а не пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым сьцягам. Сьмешна толькі, што ўжо раз “зубры” абвяшчалі аб “самаліквідацыі”. А было гэта адразу пасьля заканчэньня наладжаных дыктатурай прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. (праваленых псэўдаапазыцыяй з яе Домашам і Ганчарыкам). Менавіта для заблытваньня моладзі перад тымі выбарамі спэцслужбы і зьляпілі “Зубра”. Памятаем, як пачалі лапатаць па-расейску (па той жа радыё Свабодзе) нейкія ўшчэнт “істінно русскіе ребята” з камсамольскімі “задорнымі” галасамі, як яны панесьлі партрэты Домаша-Ганчарыка проста ў народ. У 2001 г. спэцслужбы перадумалі “самаліквідаваць” публіку з-пад чонага сьцяга, ўвялі ў яе кіраўніцтва правераных у “маладым фронце” Дранчука і Афнагеля і працягнулі “змаганьне”. Цяпер гэтыя “лідэры” заявілі, што будуць “улівацца ў агульны дэмакратычны рух”. Праўда, ведаем, што ёсьць такі. Днямі пра стварэньне такога “руху” пад назвай, здаецца, “За дэмакратыю” абвясьцілі дзьве адыёзныя асобы. Першая адыёзная па сваёй партпрыналежнасьці, гэта – намесьнік Калякіна з КПБ (у статуце якой напісана пра “возрожденіе СССР”). Другая – такі С. Альфэр, намесьнік Лебедько па АГП, адзін з яркіх карупцыянэраў у псэўдаапазыцыі. Менавіта Альфэр быў услаўлены нават “незалежнай” прэсай як прадавец (па 500 доляраў за штуку) даведак з пячаткамі і тэкстам пра “ахвяру рэпрэсіяў”. Гандаль працягваецца.

Янка Базыль