Гаспадарам Крамля за апошнія прынамсьці 200 гадоў хацелася паказаць сьвету, як той казаў – “кузькіну мать”, альбо “где ракі зімуют”. У Маскве дагэтуль распавядаюць, як Мікіта Хрушчоў палохаў амэрыканцаў “кузькінай мамай”, а не надта абазнаныя вашынгтонскія палітыкі ўпалі ў паніку і загадалі выведцы сабраць інфармацыю аб новай зброі Масквы.
Але ў Хрушчова было чым палохаць: у яго былі тысячы атамных і вадародных баегаловак, пяцімільённая армія і найсучаснейшая зброя.
Сёньня Расея мае “часовыя цяжкасьці” са страшылкамі. Армія ўжо толькі мільённая і небясьпечная перш за ўсё для сваіх уласных жаўнераў. Пасьля краху СССР ня ўдалося ўвесьці ў ёй нічога новага. Сэнсацыйны зьнішчальнік Су-37-Беркут на працягу гадоў зьяўляецца толькі ўпрыгожваньнем, якое да нуды круцяць на ўсіх авіяпарадах. Ёсьць, канешне, ядзерныя арсэналы, але ракеты старэюць, а замяніць іх няма на што.
Чым жа напалохаць? Вось і знайшлі чым. На заходнім фронце Масква абяцае, што калі суседзі не дазволяць ёй купляць нямецкія, французкія і брытанскія трубаправоды, то свой газ і сваю нафту яна пачне пампаваць у Кітай альбо нават у Амэрыку. Пагрозы падзейнічалі. Эўропа ў трансе, а Расея абвяшчае сабе “энэргетычнай імпэрыяй”.
Калі на заходнім фронце ідзе пакуль што халодная вайна, на паўднёвым яна ўжо гарачая. Генадзій Анішчанка, галоўны санітарны лекар Расеі, забараніў імпарт віна з Малдовы і Грузіі, а таксама знакамітай грузінскай мінэральнай вады “Баржомі”. У віне людзі Анішчанкі знайшлі пэстыцыды, а ў вадзе азатаны.
Штогод 40 тысячаў расейцаў (на што скардзіўся нядаўна сам прэзыдэнт Пуцін) атручваюцца на сьмерць левай водкай. У тым ліку той водкай, якая прадаецца ў крамах. Калі б санінспэктары зазірнулі ў пляшкі, што стаяць на паліцах у крамах хаця б у цэнтры Масквы, то яны знайшлі б там, напэўна, ня толькі пэстыцыды, а таксама й багатую калекцыю атрутаў. Толькі ніхто не аддаў ім такога загаду. Яны атрымалі загад знайсьці ўсё гэта ў грузінскім і малдаўскім віне. І знайшлі.
А вада “Баржомі” лічыцца ў нашых суседзей лекавай. Пахмельны расеец, калі яму прапануюць пігулку ад галаўнога болю, ахвотна адкажа выразам са старога савецкага фільма “Афоня”: “Надта позна, доктар, піць “Баржомі”, калі ныркі здалі”. Але Анішчанка загадаў давесьці, што лекавая вада атручвае. І яны давялі. У Маскве выказваюць ацэнкі, што расейскае эмбарга толькі на віно пазбавіць непаслухмяныя волі Крамля Грузію і Малдову 2-3 мільярдаў доляраў штогод.
Газэта “Комсомольская правда” з захапленьнем камэнтуе эфэктыўнасьць новай гаспадарчай зброі масавага зьнішчэньня – “Крэмль паказаў краінам СНД, што дражніць Маскву можа каштаваць вельмі дорага. Дастаткова адной санітарнай ці якой яшчэ інспэкцыі, і непрыязная нам дзяржава апынецца ў эканамічным нак-даўну”.
Сама газэта падказвае Крамлю, чым той можа эфэктыўна ўдарыць па суседзях. Зброяй “найбольш зьнішчальнай” для Украіны была б забарона імпарту трубаў. Дастаткова было б, падказвае “Комсомолка”, абвясьціць, што іх вырабляюць з мэталалому каля Чарнобыля.
Армэнія, як піша газэта, “робіць разумна, што не задзіраецца з Масквой”. Але калі б Арменія здурнела, то яе можна было б “прыкончыць”, увёўшы эмбарга на каньяк.
Латышам можна даць пад дых, забараняючы імпарт сардзінаў, узбэкам – блякуючы імпарт аўтамабіляў Дайву і садавіны, таджыкам – накладаючы эмбарга на бавоўну. Кожны мае слабое месца. Адзінай краінай, якую немагчыма ўгрызнуць, ёсьць Туркмэністан. Бо без туркмэнскага газу расейскі “Газпром” не выканае абавязацельстваў перад заходнімі кліентамі.
Гандлёвыя войны вядзе ня толькі Расея. Звычайна іх распачынаюць у тых жа гандлёвых справах – хаця б у абарону сваіх вытворцаў. Масква, аднак, мае іншую мэту. Эмбарга, забарона імпарту, пагроза закруціць газавы або нафтавы кранік ёсьць спосабам абароны траўмаванага нацыянальнага гонару.
“У іншыя часы на грымасы Малдовы або Грузіі мы адказалі б акупацыяй гэтых краінаў. Але сёньня бясьпеку гэтых краінаў гарантуе НАТО. Таму мы бьем па іхнай гаспадарцы. Хочам паказаць, што той, хто падымае кулак на Расею, дастане ў лабешнік – і так добра, што яму назаўсёды расхочацца”. – тлумачыць уплывовы маскоўскі палітоляг Аляксандр Дугін, не зьмякчаючы свае словы баваўнянай абалонкай.
(Польская газэта “Gazeta Wyborcza” – 5.05.2006)