27 красавіка Дзярждума ў поўным складзе зьявілася ў Пецярбурзе. Упершыню цікава было паслухаць папярэдні маналёг Жырыноўскага.
Ён шумеў перад тэлекамэрамі: “А что там они? А что они со своим юбилеем? Царь все думы разогнал, первую, вторую и третюю разогнал. А учредительное собрание большевики разогнали…” 100-годдзе адкрыцьця першай думы сапраўды заслугоўвае шалёнай жырыкаўскай іроніі. Ужо 3 чэрвеня 1906 г. цар МіколайІІ (Крывавы) разагнаў гэты ненатуральны дадатак да самадзяржаўя. Юбілей таксама пачаўся са змрочных падзеяў–знакаў. У пецярбургскім гатэлі “Прыбалтыйская” знайшлі мёртвым дэпутата ад “Едіной Россіі” В. Кузіна. А А. Барысаў ад “Яблока” выйшаў той жа раніцай са свайго піцерскага дома і атрымаў дзьве кулі ў галаву ад групы кілераў. Такога ня было нават у 1906 годзе.
29 красавіка кіраўніцтва Інгушскай рэспублікі заявіла, што ўзнагародзіць пасьмяротна Мікіту Хрушчова інгушскім ордэнам за ягоную ролю ў вяртаньні інгушскага народу з сталінскай ссылкі. Зьбіраюцца нават адкрыць былому генсеку КПСС помнік у сваёй сталіцы (там ужо даўно ёсьць вуліца Хрушчова). Гісторыкі і многія простыя людзі даўно ўжо акрэсьлілі Хрушчова як супярэчлівую постаць у маскоўскай гісторыі. Актыўны ўдзельнік і арганізатар жудасных рэпрэсіяў сталінскага пэрыяду, Хрушчоў своечасова зразумеў неабходнасьць дэмантажу найбольш кашмарных і маштабна-тэрарыстычных элемэнтаў савецкай сістэмы. У 1955-56 гг. з канцлягераў былі выпушчаны мільёны ахвяраў савецкага рэжыму, інгушы і шэраг іншых народаў (рэпрэсаваных пагалоўна) вярнуліся на сваю зямлю. Але хрушчоўская дэсталінізацыя і першая “адліга” не зьмянілі сутнасьць савецкай імпэрыі: хаўрус КПСС-КГБ, правальная эканамічная сістэма, ізаляцыя насельніцтва ад цывілізаванага сьвету, камуністычны маразм, зьнішчэньне нацыянальных культураў і моваў, хлусьня і дэмагогія. Беларусам Хрушчоў асабліва запомніўся падчас ягонага візыту ў Менск у 1960 г., калі ў БДУ ён усхваляў русіфікацыю ў Беларусі: “Белорусские товарищи дают всем пример. Они активно осваивают русский язык, язык коммунизма и прогресса, отказываясь от белорусского языка…” Этнічны ўкраінец, Хрушчоў ведаў, што казаў. І гэта была не асабістая думка “крамлёўскага дзівака”. Беларусам добра памятаецца таксама ідыёцкая хрушчоўская кукуруза, асушэньне нашага экалягічнага багацьця – балотаў, рабская праца нашага народу на савецкую ваеншчыну, і шмат што яшчэ. Беларускія дзеці бачылі на экране тэлевізара, як акцёры ядуць белы хлеб і пыталіся: “Мамка, а што гэта яны ядуць?” (Гэта праз 15-19 гадоў пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны!). І вось раптам на прыканцы верасьня 1964 г. хлебныя крамы былі завалены белымі булкамі, адмянілі карткі на муку. Што такое?! – устрывожыўся народ. А праз колькі дзён мы прачыталі ў газэтах, што тов. Хрушчоў “по состоянію здоровья покінул свой пост”. Пад белыя булкі пачыналася новая эпоха – брэжнявізм. Булкі зноў зьніклі праз пару тыдняў (яшчэ на доўгі час). Сістэма ратавала сябе, дэманструючы мімікрыю і псэўдарэформы. А ў гэты час народы цывілізаваных заходніх краінаў рацыянальнай працай няспынна падвышалі свой дабрабыт, карысталіся дэмакратычнымі свабодамі, жылі на культурным узроўні, які ня сьніўся беларусам. Не, мы ніколі не паставім помнік Хрушчову на нашай зямлі. Праблема “добрага або злога цара” не павінна хваляваць беларусаў у сваёй незалежнай дзяржаве. Няхай маскоўцы гуляюцца ў сваю палітычную “чехарду”. Нам важна трымацца ад іхных гульняў як мага далей.
Прэзыдэнт Летувы Адамкус заявіў 30 красавіка, што Летува адкрые свой рынак грузінскім вінам і будзе прасоўваць гэтую прадукцыю ў краінах Эўразьвязу. “Вінная салідарнасьць” постсавецкіх дзяржаваў – адэкватная рэакцыя на хамскую палітыку Масквы у адносінах да незалежных дзяржаваў. Летувісы добра памятаюць подлую эканамічную і энэргетычную блякаду, якую наладзіла Масква супраць маладой незалежнай краіны ў 1989-92 гг. Тады імпэрыялісты спрабавалі кінуць народ на калені, прымусіць Летуву вярнуцца ў склад імпэрыі. Цяпер яны робяць тое ж самае з Грузіяй, падрываючы важную галіну грузінскага экспарту. Сапраўды, трэба трымацца разам, дапамагаць адзін адному былым вязьням расейскага імпэрскага канцлягеру. Тады выстаім і пераможам.
29 красавіка Улуф Хэердал паведаміў, што ў блізкім часе паўторыць навуковы подзьвіг свайго знакамітага дзеда. У 1947 г. Тур Хэердал пабудаваў з сябрамі плавучы намёт “Кан-Цікі” паводле старажытнага індзейскага праекту і за 101 дзень праплыў на ім 8 тысячаў кілёмэтраў ад берагоў Пэру да Палінэзіі, пацьвярджаючы тым самым сваю тэорыю аб засяленьні акіянскіх выспаў з Амэрыкі (а не з Азіі, як лічыла бальшыня навукоўцаў). Пасьля крывавай статыстыкі вайны чалавецтва з радасьцю сачыла за гістарычным зьдзяйсьненьнем экспэдыцыі. Шкада, што беларусы дагэтуль ня могуць прачытаць кнігу “Кан-Цікі” (і іншыя творы Хэердала) на роднай мове. Там ёсьць шэраг момантаў, якія ўражваюць і сёньняшняга чалавека. Напрыклад, апісаньне падрыхтоўкі экспэдыцыі. Хэердал прыехаў у ЗША і зьвярнуўся ў Пэнтагон з выгаднай прапановай. Вайскоўцы прадастаўляюць яму ўсё неабходнае для аўтаномнай марской выправы снаражэньне, кансэрваванае харчаваньне і г.д., а ён пасьля экспэдыцыі напіша ў Пэнтагон справаздачу аб выпрабаваньні гэтых прадметаў. Ведаеце, за колькі часу вырашылася праблема? Раніцай нарвэжац падаў заяву, а ўжо ўвечары яму адгружалі тавар у скрынях. (Таму там, дзе ў амэрыканцаў 100 забітых і параненых, у расейскай арміі мінімум сто тысячаў – думае беларускі чытач гэтых радкоў). Экспэдыцыя трымала сувязь са сьветам праз радыёстанцыю, перамаўлялася з аматарамі кароткахвалевых кантактаў. Выпадкова яны пазнаёміліся ў эфіры з нейкім нарвэжскім радыёаматарам і рэгулярна выходзілі з ім на сувязь. Папрасілі ў адзін з дзён павіншаваць з днём народзінаў караля Нарвэгіі. Назаўтра аматар паведаміў ім, што схадзіў у палац, кароль прыняў віншаваньне і дзякуе зямлякоў(!). Беларусам, сапраўды, трэба браць прыклад з нарвэжцаў і іншых цывілізаваных народаў у іхнай салідарнасьці, агульным жаданьні ўславіць сваю краіну і культуру.
Янка Базыль