У Курапатах адбылася чарговая талака

29 апреля 2006 г.

Навіны

Сёньня ў Курапатах адбылася талака. Яе ўдзельнікі пачалі высаджваць у розных месцах урочышча саджанцы каштанаў, які вырасьціў у Мёрах былы вязень ГУЛАГу.

80-гадовы спадар Аляксандар зь Мёраў больш за 20 гадоў правёў у сталінскіх лягерах. Ён дагэтуль не адчувае сябе ў бясьпецы, і таму папрасіў не называць ягонага прозьвішча ў эфіры. Спадар Аляксандар вырасьціў на сваім падворку 55 саджанцаў каштанаў з тым, каб іх высадзілі ў Курапатах. Старшыня Хрысьціянскай злучнасьці “Курапаты” Вацлаў Нямковіч зь вялікай павагай ставіцца да гэтай ініцыятывы былога вязьню ГУЛАГу.

(Нямковіч: ) “Мне падаецца, ён вельмі рэдкі чалавек. І вэтэран вайны, і сябра асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій. Ён на сваім агародзе ў Мёрах вырасьціў вельмі прыгожыя каштаны”.

Актывіст Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ Пятро Шашкель мяркуе, што за адзін дзень не атрымаецца высадзіць усе саджанцы.

(Шашкель: ) “Плянуем сёньня пасадзіць 10 дрэўцаў. Астатнія 45 пасадзім у наступную суботу. А можа, і па вечарах будзем прыходзіць, паколькі ўсе тэрміны для пасадкі дрэваў ужо праходзяць”.

Калі былы вязень сталінскіх лягераў дагэтуль баіцца рэпрэсій з боку ўлады і ня хоча гаварыць пры ўключаным дыктафоне, то Эдуард Бокі, які адседзеў 10 сутак за ўдзел у акцыі 7 красавіка напярэдадні інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, не баіцца выказвацца публічна.

(Бокі: ) “Я атрымаў пакараньне за тое, што трымаў плякат “за вольную Беларусь”. Гэта адзначана ў пратаколе. Я прыйшоў, каб аддаць даніну павагі сваім продкам, таму што мой дзед у 1938 годзе быў расстраляны”.

Мой наступны суразмоўца, Уладзімер Вееўнік, кажа, што для яго ўдзел у курапацкіх талоках становіцца ўжо традыцыяй.

(Вееўнік: ) “Я сёньня прыйшоў, каб ушанаваць памяць тых, хто быў неабыякавы для сваёй радзімы, для свайго народу. Я прыйшоў з маці, яна ўпершыню ў Курапатах, а для мяне гэта ўжо становіцца традыцыяй”.

Сталы ўдзельнік курапацкіх талокаў Уладзімер Юхо распавядае Свабодзе пра тое, што плянуюць зрабіць ва ўрочышчы сябры КХП БНФ у бліжэйшы час.

(Юхо: ) “Працы вельмі многа. Далейшае ўшанаваньне гэтага месца працягнецца. Будзем усталёўваць новыя крыжы і шыльды”.

Навуковая кіраўніца курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная сёньня распавяла Радыё Свабода пра плянаванае будаўніцтва гатэльнага комплексу паміж аўтазапраўнай станцыяй і ўрочышчам Курапаты:

(Кляшторная: ) “У свой час, калі мы рабілі праект ахоўных зонаў Курапатаў, то мы гэтую справу спынілі. А зараз тут узяліся прадпрымальнікі. Але гэта ня горшы варыянт гатэля з комплексам. Гэта, будзем лічыць, другасная зона Курапатаў”.

Ганна Соусь, радыё Свабода