17 красавіка тэлеканал “Эўраньюс” паказаў сюжэт пра Інстытут Эўразьвязу, які ўжо шэраг гадоў працуе непадалёк ад італьянскай Фларэнцыі. Там працуюць над доктарскімі дысэртацыямі, падвышаюць свае веды, працуюць над праектамі маладыя навукоўцы з усяе Эўропы.
Выкладаньне вядзецца прафэсурай з розных краінаў. Галоўная ўмова для маладых – валоданьне прынамсьці дзьвюма мовамі Эўразьвязу. Разам працуюць, адпачываюць, шукаюць свае адкрыцьці маладыя немцы, швэды, латышы, украінцы, румыны… Няма толькі маладых беларусаў. Для іх, як вядома, рэжым разам з ягоным БРСМ падрыхтаваў зусім іншы напрамак для прыкладаньня творчай энэргіі – “необ’ятные просторы Россіі”.
У той жа дзень у сталіцы РФ адбывалася паседжаньне пад старшынствам Пуціна. Міністры абмярковалі алкагольную праблему. Прагучала жудасная статыстыка. Штогод “на необ’ятных просторах РФ” труціцца і гіне ад самагона і іншага кшталту “неякаснага алкаголю” па 35 тысячаў чалавек.
“Самы дэмакратычны” расейскі тэлеканал НТВ паслаў свайго чалавека ў Дублін на сьвяткаваньне 90-годдзя нацыянальнага паўстаньня супраць ангельскай акупацыі ў 1916 г. Мы маглі яшчэ раз пераканацца, што рэжысура мерапрыемстваў адпавядала традыцыі эўрапейскай культуры. Па ўсёй Ірляндыі адбываліся ўрачыстыя багаслужбы і маніфэстацыі. У сталіцы народ вітаў шыхты ірляндскага войска, бранетэхніку і вайсковую авіяцыю, што праляцела ў небе над сталіцай. Ірляндцы ўскладалі кветкі і вянкі на месцах баёў, на магілы герояў і да помнікаў партызанам. Гэта была карціна нацыянальнага адзінства і сумеснай гістарычнай Памяці. Роўна ў той момант, калі ў 1916 г. пачалося Вялікоднае паўстаньне, уся краіна застыла ў хвіліне Маўчаньня. Прычым, арганізатары патлумачылі, што яны заклікалі памянуць усіх ахвяраў той вайны, уключна з загінуўшымі брытанскімі жаўнерамі. На мерапрыемствах прысутнічаў амбасадар і іншыя прадстаўнікі Вялікай Брытаніі. Усе паводзілі сабе годна і адпаведна. Усе, акрамя тэлегрупы НТВ. Разарваныя кадры тэлехронікі не маглі даць нармальнага ўражаньня ад мерапрыемстваў. Але больш за ўсё зьдзівіў закадравы камэнтар маскоўскіх “дэмакратаў”. Зьняважлівы тон, тэкст перасыпаны словамі “бунт”, “бунтовшчікі” – і ўсё гэта пра сьветлы і велічны подзьвіг народа. Чаму так важна было для пасланцоў з “златоглавой” стварыць менавіта такое ўражаньне ў расейскіх тэлегледачоў ад мерапрыемстваў, прысьвечаных далёкай падзеі, у якой ніякім чынам не пацярпелі расейцы і інтарэсы Крамля? Відаць, лубянскія ілжэ-дзімітры пачуваюцца на троне і ў крамлёўскіх палатах настолькі няёмка і трывожна, што баяцца любога намёку на антыімпэрыялістычную барацьбу. А што як раптам, паглядзеўшы рэпартаж з Дубліна, татары ў Казані або якуты ў Якуцку захопяць мясцовы галоўпаштам ды абвесьцяць сваё “гэть москалів!”? Сапраўды, немагчыма без іроніі камэнтаваць гэтую маскоўскую тэлебоязь. Але на самай справе мы даўно ўжо заўважылі, што з умацаваньнем імпэрскага гэбізму крамлёўскі эстэблішмэнт заняўся публічнай фальсіфікацыяй уласна расейскай гісторыі. Міколка Раманаў (Крывавы) цяпер для іх сьвяты. Летась зусім незаўважаным прайшоў у Расеі 100-гадовы юбілей пачатку Першай антыімпэрскай рэвалюцыі 1905 году. Баялася пуцінская адміністрацыя ўспомніць, як народ займаў цэлыя гарады, забіваў генэралаў і міністраў, стукачоў і гарадавых, як валіў двугаловых арлоў і праклінаў самадзяржаўе. Як “сьвяты” Раманаў і ягоная сямейка арганізоўвалі масавыя забойствы, артылерыйскія абстрэлы рабочых кварталаў і вёсак, судзілішчы, катаргу, катаваньні і пакараньні сьмерцю. Баяліся пуцінцы ўспомніць усё гэта, бо самы начапілі сабе на лоб самадзяржаўнага арла і ўчапіліся за царскую Расею як за апошнюю саломінку, ратуючы сваю крывавую імпэрыю. Глядзець на ўсё гэта брыдка.
18 красавіка былы дарадца Пуціна па эканамічных пытаньнях Андрэй Іларыёнаў (жыве ў ЗША) выступіў з артыкулам у газэце “Москоў Таймс”. Ён прагназуе, што чэрвеньскі сёлетні саміт 8-кі найбольш высокаразьвітых краінаў у Пецярбурзе будзе пачаткам распаду гэтага прэстыжовага клюбу . Бессэнсоўнай ёсьць абраная галоўнай тэма саміта – энэргетычная бясьпека. Расейскія ўлады ўжо прадэманстравалі сваё разуменьне гэтай тэмы. “Халодная вайна” Расеі супраць Украіны, Малдовы, Грузіі, Прыбалтыкі і эўрапейскіх краінаў сьведчыць пра выкарыстаньне Крамлём эканамічных рычагоў для дасягненьня палітычных мэтаў. Расея, на думку Іларыёнава, усё больш аддаляецца ад дэмакратычных краінаў, наладжвае сувязі з лідэрамі Беларусі, Узбэкістану, Ірану, Алжыру, Вэнэсуэлы, Бірмы і руха Хамас. Расейскі ўдзел у справах 8-кі сумніўны, бо яна адпавядае толькі адному з крытэрыяў “васьмёркі” – памерамі эканомікі дзяржавы. Паводле астатніх крытэрыяў – дэмакратычная форма кіраваньня, высокі ўзровень эканамічнага разьвіцьця, канвэртуемасьць нацыянальнай валюты, сяброўства ў Суьсевтнай Арганізацыі Працы – Расея не адпавядае. Іларыёнаў прадказвае, што саміт у Пецярбурзе будзе ганьбай для ўсіх яго ўдзельнікаў.
Міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк заявіў 18 красавіка, што “Масква перавышае свае паўнамоцтвы”. Справа ў тым, што Крэмль зьвярнуўся да кіраўніцтва Украіны з ультыматумам: або Украіна падпісвае дакуманты па дамове аб “адзінай эканамічнай прасторы” пакетам або яна, маўляў, павінна выйсьці з дамовы. У гэтую дамову ўжо запісаліся РФ, Беларусь і Казахстан. Украіна не прымае маскоўскага шантажу. Кіеў катэгарычна ня хоча існаваць, напрыклад, у адзінай мытнай прасторы з названымі дзяржавамі. Масква тупае нагамі, пагражае, як пасьля Пераяслаўскай Рады. Сапраўды, ёсьць у лубянцаў праблемы з адэкватным асэнсаваньнем гісторыі і сучаснасьці.
18 красавіка ваенны камісар Масквы выступіў з “заканадаўчай ініцыятывай”. Ён заклікаў прыняць новы закон, паводле якога ня трэба будзе разносіць позвы на вайсковую службу і ўручаць іх прызыўнікам. Дастаткова надрукаваць загад аб мабілізацыі ў газэтах і маладыя самы павінны будуць зьявіцца ў ваенкаматы. Усе, хто не зьявіцца, аўтаматычна становяцца “уклоністамі” (турэмнае зьняволеньне на 2,5 гады). Ваенком прызнаўся, што штогод па РФ раздаецца па 500-600 тысячаў позваў, а прыходзіць на службу ў дзесяць разоў менш юнакоў (большасьць ня хоча паміраць і калечыцца ў кашмарным расейскім войску і на каляніяльных войнах). У Думе пачалі заканапраект абмяркоўваць. Найбольш кур’ёзна пярэчыў ваенкому дэпутат Шапашнікаў: “Маладых мы так не зьбярэм, бо бальшыня моладзі газэт не чытае…” Але ж армія, “велікодержавный патріотізм” і “самая чітаюшчая публіка в міре”!..
Янка Базыль