Чарговая фашыстоўска-лубянская правакацыя. 13 красавіка натоўп расейскіх фашыстаў з так званай “Нацыянал-бальшавіцкай партыі Лімонава” сабраўся каля Таганскага раённага суда ў Маскве. Але там быў яшчэ больш шматлікі натоўп маладзёнаў з лубянскай арганізацыі “Россія молодая”. “Младороссы” пачалі актыўна кідаць у “лімонаўцаў” яйкі і іншыя прадметы. Тыя пачалі біцца, а адзін з іх нават страляў з пісталета і параніў 14-гадовага падлетка.
У судзе павінна была слухацца чарговая справа на заяву Лімонава з пратэстам на нерэгістрацыю ягонай партыі. Правакацыя ў каторы раз дэманструе белашвейнае мастацтва лубянскай канторы. “Дэмакратычны рэжым Пуціна”, маўляў, гераічна не рэгіструе мясцовых фашыстаў, а маладыя пуціністы закідваюць іх яйкамі. Тыя страляюць і г.д. Увесь танны балаган разыграны з мэтай дэзарыентацыі мясцовай і замежнай грамадзкай думкі. Можа якія наіўнячкі і павераць у антыфашызм пуцінскага рэжыму, але толькі не беларусы, што знаймыя з расейскім фашызмам-гэбізмам на практыцы.
Маскоўскі фашызм дзейнічае і на Каўказе. 13 красавіка міністэрства замежных справаў Грузіі накіравала ў Маскву ноту пратэсту ў сувязі з пастановай ураду РФ узяць пад афіцыйны кантроль участак дзяржаўнай грузіна-расейскай мяжы на абхазкім участку. Крамлёўцы распараджаюцца тэрыторыяй суседняй дзяржавы, як сваім гародам. Маскве мала зямлі. Але ж дзіва, імпэрыя нахапала сабе кантынэнту і марэй да самай Японіі. І ўсё мала.
13 красавіка расейскія фашысты гуляліся ў сталінградзкую бітву. Яны выйшлі з горада Волжскі Валгаградзкай вобласьці і напалі на цыганскі табар, што мірна існаваў непадалёк. Фашысты білі людзей мэталічнымі прутамі. Двое чалавек былі забіты, двое цяжка параненых (пажылая жанчына і 14-гадовае дзяўчо) дастаўлены ў шпіталь. СМІ не паведамляюць, колькі людзей пацярпела ад нападу. Няўжо нехта з беларусаў хоча, каб гэтае зьвяр’ё прышло да нас і пачало гаспадарыць у нашай краіне?
14 красавіка ў Маскве “баролась” з сваім фашызмам аматарская кампанія пад манумэнтальнай назвай “Обшчественная палата прі презіденте Путіне” (генэралы, эстрадныя сьпявачкі, акцёры і прафэсура). На працягу дня яны актыўна і красамоўна агалялі язвы свайго грамадзтва. У некалькіх словах можна падсумаваць іхную рыторыку наступным чынам: “у ксенафобіі вінаватыя некампэтэнтнасьць міліцыі, беднасьць насельніцтва, якое помсьціць за гэта чужакам, а таксама брак этычнага кодэксу і міжэтнічнага дыялёгу”. Ну што ж, пэўная лёгіка ў гэтым тэарэтызаваньні ёсьць. Няма толькі галоўнага. Ніхто анісловам не згадаў пра рэліктавую маскоўскую імпэрыю, пра русіфікацыю і іншыя “прелесті” каляніяльнай дзейнасьці на тэрыторыі акупаваных народаў, пра вайну на Каўказе і агрэсію супраць Беларусі. І гэта ў каторы ўжо раз. У каторы раз усё атрымалася паводле знаёмай клясікі — Салтыкова-Шчадрына, Гогаля ды Някрасава з Фетам: “Город Глупов” альбо “умом Россию не поймёшь…” У паўночнай сталіцы – Пецярбурзе – расейскія фашысты адсалютавалі маскоўскаму сходу чарговым подзьвігам: зьверскім зьбіцьцём аўганскага студэнта.
Наогул пад вясну ў Маскве назіраецца актывізацыя розных гаварыльняў. Часам здаецца, што на двары 1917 год з ягонай зьездаўскай актыўнасьцю пасьля лютаўскай рэвалюцыі. 15 красавіка ў засені Крамля наладзіў свой зьезд пуцімол пад вывескай “Наши”. З інтэр’ерам і публікай грунтоўна папрацавалі дэкаратары ў стылі Маякоўскага і “Окон РОСТА”. Усё там было крывава-чырвонае: крэслы, плякаты, транспаранты, большасьць касьцюмаў. Атрымалася нешта сярэдняе паміж “комсомольскім задором” і “БРСМ-аўскім маразмам”. Лепшым з “нашіх” прэзыдыюм раздаваў чырвоныя курткі і званьне “коміссара нашіх”. Потым паказалі кінастужку, скампанаваную з мульцікаў і дакумэнтальных уставак. Галоўным героям стужкі быў галоўны “наш” – У.У. Пуцін. Ён ператвараўся то ў мядзьведзя, то ў ваўка. А потым ператварыўся ў двухгаловага арла, з кіпцюрэй якога выпалі дзяржава і скіпетр. Але гэта ня быў жэст слабасьці. Згаданыя сымбалі імпэрыі паляцелі ўніз і пабілі сініх крыс, што варожа бегалі “по русской земле”. Потым на трыбуну выйшаў начштаба РФ генэрал Балуеўскі і сказаў, што ўсім трэба служіць у расейскай арміі, бо “іначе мы не сделаем того, что задумалі…” Што яны там задумалі, мы здагадваемся па заявах Жырыка і іншых. Дык вось, апранутая ва ўсё чырвонае (а так у Расеі апраналіся толькі прафэсійныя каты пры выкананьні абавязкаў) расейская моладзь павінна ведаць, што дэратызацыяй трэба займацца ў расейскіх гарадах, самых занядбаных і брудных у Эўразіі. А калі кантора Балуеўскага пашле “русскіх ребят” у чарговую інвазію, то няхай яны разьлічваюць на адэкватны “радушный” прыём ад нашых маладых патрыётаў.
Янка Базыль