Парляманцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі

13 красавіка 2006 г.

Навіны

ПАРЭ асуджае недэмакратычнае правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў, лічыць іх вынікі сфальшаванымі і заклікае беларускія ўлады правесьці перавыбары, папярэдне зьмяніўшы выбарчае заканадаўства ў адпаведнасьці з эўрапейскімі стандартамі.

Асамблея вітае рашэньне Эўразьвязу аб санкцыях датычна чыноўнікаў рэжыму, але лічыць візавыя абмежаваньні недастатковымі і рэкамэндуе ўвядзеньне дадатковых санкцыяў ў дачыненьні чыноўнікаў рэжыму, у тым ліку замаражваньне рахункаў чыноўнікаў рэжыму за мяжой.

ПАРЭ падтрымлівае прапанову Эўрапарляманту аб стварэньні міжнароднай камісіі па даследваньні зьнікненьня палітычных апанэнтаў Лукашэнкі, і заклікае ўлады рэжыму на Беларусі тэрмінова вызваліць усіх палівязьняў, даць поўную інфармацыю аб арыштаваных і пацярпелых, правесьці празрыстае дазнаўства прымяненьня спэцсродкаў супраць мірных дэманстрантаў, спыніць перасьлед апазыцыі.

“Народны пратэст, які пачаўся за галасаваньнем, быў законным, мужнай праявай, якая заслугоўвае салідарнасьці Асамблеі і ёсьць важная прыкмета палітычнай сьпеласьці”, — сказана ў рэзалюцыі.

Асамблея зьвяртаецца да дзяржаваў, якія ўваходзяць у Раду Эўропы, з заклікам пачаць актыўны прыём беларускіх студэнтаў ў эўрапейскія ўнівэрсітэты і палегчыць атрыманьне візаў для прадстаўнікоў грамадзкай супольнасьці Беларусі.

Адзін з пунктаў рэзалюцыі тычыцца Расеі. ПАРЭ расчараваная пазыцыяй РФ, якая прызнала нелегітымныя выбары ў Беларусі законнымі і нагадвае, што падтрымка рэжыма ў Беларусі супярэчыць абавязацельствам, якія прыняла на сябе гэтая краіна пры ўступленьні ў Раду Эўропы дзесяць гадоў таму. З улікам таго, што Расея з траўня будзе старшынстваваць у Камітэце Міністраў Рады Эўропы, Асамблея заклікае яе тэрмінова спыніць падтрымку нелегітымнага рэжыму.

За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 43 дэпутаты ПАРЭ, супраць – 9 (за рэкамэндацыі прагаласавалі: 41- “за ”, 8 – “супраць”).

Расейская дэлегацыя не галасавала.

13 красавіка 2006 г. Паводле http://www.charter97.org/