Факты і падзеі (5-12 красавіка 2006 г.)

13 красавіка 2006 г.

Актуаліі

Міністар вайны РФ Іваноў актыўна красаваўся на “Всероссійском офіцерском собраніі”. Прапанаваў адмяніць дысцыплінарныя батальёны (дысбаты). Прызнаўся, што нідзе ў сьвеце ўжо няма такой сістэмы пакараньняў для вайскоўцаў.
Але афіцэрства актыўна выступіла за вяртаньне “губы” (гаўптвахты), бо не дае сабе рады з пьянымі і распярэзанымі жаўнерамі і афіцэрамі. Аднак, што гэта за армія, мы лепш зразумелі па тэлесюжэце таго ж 5 красавіка. Паказалі суд над кантрактнікам А. Крывашонкам. Ён спыніў аўтамабіль на чачэнскай дарозе і запатрабаваў у чачэнскай сямьі плаціць яму грошы. Калі людзі адмовіліся, расеец расстраляў усіх траіх мірных жыхароў. На судзе гэты Крывашонак прасіў у сваякоў ахвяраў прабачэньня, сьцьвярджаў, што ня меў намеру забіваць, а потым прасіў адпусьціць яго, бо “мае трох дзяцей і заслугі перед отечеством…” Трэба разумець, што “заслугі перед отечеством” – гэта таксама нейкія “заслужаныя” зьверствы і забойствы. Няхай жа расейскія акупанты ведаюць, чаму народы, якія змагаюцца супраць маскоўскай акупацыі, бязьлітасна забіваюць акупантаў.

7 красавіка “переходяшчее знамя русского фашізма” урэшце пакінула Маскву і апынулася ў Пецярбурзе. Уначы там быў застрэлены студэнт з Сенэгала. Забойца чакаў сваю ахвяру непадалёк ад мясцовага аддзелу міліцыі, там жа кінуў сваё ружжо. На зброі была выразана фашыстоўская свастыка. 10 красавіка фашыстоўскія “знаменосцы” забілі вьетнамскага студэнта ў Варонежы. Рэпартажы з расейскіх гарадоў усё больш нагадваюць паведамленьні з Нямеччыны 1920-30-х гадоў, калі там набіраў моц фашызм. Аптымістычным ва ўсёй гэтай гісторыі ёсьць тое, што ўрэшце народы раздушылі фашыстоўскую нямецкую гадзіну. Такі ж канец будзе і ў маскоўскага рэйха.

10-11 красавіка ў Менску адбываўся 2-гі зьезд адной грамадзкай нібыта арганізацыі. Даволі вялікай па колькасьці запісаных у яе актывістаў у штацкім. Але вось цікава, што існуе і наладжвае свае зьезды гэтая арганізацыя на грошы беларускага народу. Ёйная назва ўражвае тандэтным чарнасоценным манумэнталізмам – “Собор славянскіх народов Белоруссіі, Россіі і Украіны”. У апошні дзень “Собор” адзінагалосна прыняў заяву, у якой ад імя ўсіх “гей славян” было запатрабавана ад Захаду распусьціць Гаагскі міжнародны трыбунал, а таксама выказвалася пагроза разабрацца з эўрапейскімі імпэрыялістамі, якія выкарыстоўваюць натаўскую дубіну і г.д. Хто толькі не бадзяецца па нашай зямлі пад патранажам акупанцкага рэжыму, хто толькі не хаўрусіцца ў нашай сталіцы пад гэрбам з капустай! Няхай бы зьбіралі свае настальгічна-паранаідальныя зьезды ў сваёй імпэрскай Расеі, у “дворце сьездов КПСС”, што ў Крамлі. Чужынцы настойліва імкнуцца абваляць сьвятое імя нашай бацькаўшчыны ў бальшавіцкім брудзе, прычапіць да Беларусі рэпутацыю славянафільскага запаведніка. Такое будзе проста немагчыма ў вызваленай ад прамаскоўскай дыктатуры, эўрапейскай Беларусі.

12 красавіка споўнілася 45 гадоў з дня палёту Юрыя Гагарына ў космас. Ні тады – у 1961 г., ні на працягу наступных дзесяцігоддзяў саўдэпаўская прапаганда аніразу не сказала аб тым, што смаленскі маладзён з адкрытай чароўнай усьмешкай і мужным сэрцам называў сябе беларусам (і быў беларусам!). Што ён любіў дэклямаваць верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”. Толькі нядаўнія публікацыі ў менскай прэсе “рассакрэцілі” гэтую дзяржтаямніцу. Першая жанчына-касманаўтка Валянціна Церашкова днямі “рассакрэцілася” сама. Яна прыехала на фальшывую шклоўскую інаўгурацыю, каб у каторы ўжо раз падтрымаць струхнелы рэжым. Раптам пасярод свайго тэлеманалёгу на БТ яна пачала братацца з намі: “А знаете, ведь мои родители были белорусы…” Цікавая канцэпцыя. А кім жа ты ёсьць сама, калі твае бацькі беларусы? Чаму ня скончаны сказ і не завершана думка? Сорамна прызнацца? Мы і раней ужо здагадваліся, што Терешкова паходзіць ад нейкага Цярэшкі. Атрымліваецца, што і першая жанчына ў космасе – беларуска. І не саромецца трэба, а ганарыцца гэтым. Але такая ўжо збочаная імпэрская псіхалёгія.

Залемантавалі расейскія акупанты. 12 красавіка спыніў працу буйны мэталургічны завод у Рыбніцы, што на тэрыторыі акупаванай расейцамі правінцыі Трансністрыі ў Малдове. Умоўна завод называўся “малдаўскім”, але абслугоўваў марыянэткавы рэжым асаднікаў. У асаднікаў ёсьць нават міністар эканомікі. Вось міністарша Елена Черненко і палохала міжнародную супольнасьць, што “спынілася прадпрыемства, на якім трымаўся бюджэт рэспублікі”. Маўляў, вінавата ва ўсім малдаўска-украінская блякада прыднястроўскай непрызнанай мяжы. Цікавы па свайму зьместу лямант. Распалася саўдэпія, у 1991 г. утварыліся незалежныя дзяржавы – Украіна і Малдова, якія падпісалі шэраг цывілізаваных міждзяржаўных пагадненьняў (у тым ліку і аб мытным кантролі сваёй сумеснай мяжы). Але паміж тэрыторыямі гэтых сувярэнных дзяржаваў зашчымілася нейкая “непрізнанная республіка”, якая напрызначала міністраў, запрасіла да сябе акупацыйнае расейскае войска і ўзьняла савецкі сьцяг. Цяпер асаднікі-акупанты зьдзіўляюцца, што Украіна і Малдова актыўна і законна нармалізуюць свае дабрасуседскія адносіны. Яны што, думалі існаваць вечна? Агрэсіўныя чужакі-адстаўнічкі ў Трансністрыі, Крыме і шэрагу іншых постсавецкіх месцаў павінны даўно зразумець, што народы ня будуць лічыцца з іхнымі акупанцкімі інтарэсамі. Няма будучыні ў хадзячых прывідаў неіснуючай саўдэпіі.

Янка Базыль