Агрэсія. Голасам дзяржаўнага клоўна Расея пагражае Беларусі

12 красавіка 2006 г.

Навіны

Жырыноўскі заявіў, што Беларусь павінна стаць Менскай фэдэральнай акругай Расеі.

“Беларусь павінна стаць восьмай фэдэральнай акругай Расеі, назавем яе Менскай,” – пра гэта 11 красавіка паведаміў журналістам віцэ-сьпікер Дзярждумы Расеі, старшыня ЛДПР Уладзімер Жырыноўскі. Паводле яго, беларуская тэма абмяркоўвалася на мінулым тыдні на сустрэчы прэзыдэнта Расеі з лідэрамі думскіх фракцыяў. Жырыноўскі выказаўся за ўваходжаньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі, “мы супраць канстытуцыйнага акту, выбараў у парлямэнт саюзнай дзяржавы, гэта марнаваньне грошай” – заявіў віцэ-сьпікер Думы.

Паводле Жырыноўскага, паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта Расеі ў Менскай фэдэральнай акрузе хай будзе беларус, а не расеец. Падобным жа чынам паводле Жырыноўскага можа быць вырашаная і ўкраінская праблема. Старшыня ЛДПР мяркуе, што “калі ў Януковіча атрымаецца правесьці фэдэратыўную рэформу, адбудзецца распад Украіны і ўваходжаньне яе паўдзённых і ўсходніх рэгіёнаў у Расейскую Фэдэрацыю”. Жырыноўскі чакае, што тады ў Расеі зьявяцца Адэская, Харкаўская, Днепрапятроўская і Луганская акругі.

(Паводле радыё “Свабода”)