Факты і падзеі (4-5 красавіка 2006 г.)

8 красавіка 2006 г.

Актуаліі

Расейская дзяржмафія “водрузіла над городом красный флаг победы”… Але не надоўга. 5 красавіка ўпершыню ў сучаснай гісторыі Гішпаніі ўрад распусьціў кіраўнічыя структуры цэлага гораду.

Маецца на ўвазе вядомы курортны горад Марбэлья на поўдні краіны. Старшыня гарадзкой улады, ягоныя намесьнікі, сакратары, начальнік паліцыі і шэраг іншых чыноўнікаў атрымалі абвінавачваньне ў крымінальных злачынствах: адмываньне грошай, карупцыя, незаконны дазвол на будаўніцтва. Сваю скандальную вядомасьць ціхае рыбацкае мястэчка набыло пасьля 1991 году, пасьля развалу СССР (якое цікавае супадзеньне!). Туды панаехала процьма постсавецкіх мафіёзаў (заўважаны былі таксама грамадзяне РБ), але пальму першанства трымалі на працягу гэтых гадоў менавіта маскоўцы. Летась там прыхапілі прадстаўнікоў кампаніі “ЮКОС”, якія адмывалі для начальства брудныя грошы. У 2003 г. гішпанскія ўлады прад’явілі РФ раскошны марбэльскі маёнтак, пабудаваны генэралам МЧС Ганеевым, якога арыштавалі ў Маскве па шумнай справе “оборотней в погонах”. І г.д. Усё згіло, усё струхлела на гішпанскім курорце. Або, як кажуць у расейскіх казках: “Тут русскій дух, тут Русью пахнет…”

5 красавіка настала чарга яшчэ аднаго каляніяльнага народу зьнікнуць з мапы сьвету. Масква паведаміла пра праект “зьліцьця” Агінска-Бурацкай аўтаномнай акругі і Чыцінскай вобласьці. Бурацкі прамаскоўскі начальнік акругі Жамсуеў з лукашэнкаўскім запалам гукаў з трыбуны: “Есть много плюсов…” Заўсёды знойдзецца група здраднікаў, гатовых прадаць свой уласны народ у няволю да імпэрскага ворага. Але ня ўсё ладзіцца ў акупантаў. 4 красавіка прэзыдэнт Адыгеі (аўтаноміі ў складзе РФ) Хазрэт Саўмен заявіў аб сваёй адстаўцы на паседжаньні мясцовага праляманту. Такім чынам папулярны ў народзе палітык выказаў пратэст супраць пазыцыі парляманскай большасьці, якая выказалася за “зьліцьцё” Адыгеі з Краснадарскім краем. Пасьля таго, як Саўмен зрабіў сваю заяву і выйшаў з залы, здраднікі затрэсьліся ад страху. Яны зразумелі, што прэзыдэнт зьвернецца цяпер непасрэдна да народа (як вядома, вельмі тэмпэрамэнтнага каўказкага народа) з заклікам стаць на абарону дзяржаўнасьці. Яны пабеглі за ім сьледам, залемантавалі, пераконваюць вярнуцца. Маскоўская правакацыя правалілася на адыгскім участку антыімперскага фронту змаганьня супраць маскоўскага фашызму.

На аэрадроме ў Кубінцы пад Масквой 5 красавіка бамбавікі і зьнішчальнікі круціліся ў небе, паказваючы хітрыя фігуры. Міністэрства вайны РФ адзначала 15-годдзе лётнай спэцчасткі пад назовам “Русскіе вітязі”. Яе сфармавалі ў 1991 г., калі развальвалася і савецкая армія і савецкі саюз. “Героі” бамбілі гарады, кішлакі і цэлыя народы. Цікава, што ад імя “русскіх вітязей” на тэлеканалах выступалі афіцэры Шпак, Грабар, Амельчанка. Беглыя беларусы і ўкраінцы ўсё яшчэ спадзяюцца зрабіць яркую кар’еру ў расейскім небе. Яны хваліліся сваімі пэруэтамі і петлямі. Але вядома, што свае спосабы ёсьць таксама і ў байцоў супрацьпаветранай абароны. Цяпер нават малады пастух можа прыкласьціся ў сваіх гарах і непасрэдна з пляча паслаць ракетку ў бок балеруна-забойцы. Мы не аднойчы бачылі гэта ў навінах пра народны супраціў у Аўганістане і Чачэніі, дзе шмат расейскіх самалётаў зарыліся ў зямлю разам з сваім забойчым грузам. Лепш бы Шпаку з Грабаром вярнуцца дадому, пакуль ня позна.

Супрацоўнік камісіі па справах моладзі прамаскоўскага “ураду” Чачэніі Абдулбэк Вахаеў паведаміў журналістам, што ў парку Кірава ў Грозным будзе пабудаваны “забаўляльны маладзёвы цэнтар імя Ахмада Кадырава”. Мы ўжо паведамлялі на старонцы pbpf.org пра тое, што днямі ў гэтым парку Кірава пры расчыстцы руінаў і завалаў былі знойдзены пахаваньні 57 ахвяраў расейскага тэрору. І вось на гэтым мецы рэжым здраднікаў народу зьбіраецца будаваць забаўлялку. Паўтараецца гісторыя з нашымі Курапатамі (дзе, як вядома, антыбеларускі рэжым плянаваў пабудаваць “Город Солнца” з казіно, танцзаламі і г.д.). Аднолькавая мараль, аднолькавыя паводзіны ўсіх прадажных каляніяльных рэжымаў. Яны хутчэй імкнуцца схаваць сьляды злачынстваў сваіх маскоўскіх гаспадароў і на месцах магілаў пакутнікаў раскруціць сатанінскія скокі.

Янка Базыль