7 красавіка ў цэнтры Менску – на плошчы, якую беларуская моладзь назвала імем Кастуся Каліноўскага (рэжым называе яе Кастрычніцкай пл.) сабралося больш за 200 патрыётаў, большасьць маладыя людзі.
Яны прышлі на плошчу, на якой заўтра, 8 красавіка узурпатар прэзыдэнцкай улады Лукашэнка зьбіраецца правесьці сваю фальшывую інаўгурацыю. Аб 19.00 юнакі і дзяўчаты высока ўзьнялі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Людзі разгарнулі транспаранты – “Не фашызму!”, “За вольную Беларусь!” і “Фальсіфікатар – не прэзыдэнт”. Усе пачалі гукаць змагарны лёзунг Беларускага Адраджэньня – “Жыве Беларусь!” Наперад выйшаў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Ён заявіў: “Беларускі народ ня ўстаў на калені. Наш народ абароніць сваю годнасьць. Антыбеларуская дыктатура сфальшавала выбары і цяпер зьбіраецца наладзіць фальшывую інаўгурацыю. Мы стаім на месцы, дзе мужная беларуская моладзь пачала новы этап вызваленьня нашай краіны ад маскоўскага фашызму. Фашызм ня пройдзе! Ня будзе фальшывы рэжым нішчыць нашу краіну і зьдзеквацца з народу. Нашым адказам на фашыстоўскую агрэсію ёсьць народная Беларуская Салідарнасьць!” Людзі гукнулі: “Пуцінская гэбоўская кодла падавіцца Беларусьсю!”, “Не аддамо фашыстам нашу Радзіму!”
Людзей з усіх бакоў атачыла паліцэйшчына ў цывільным. Спэцназаўцы ва ўніформах пачалі адціскаць і адштурхоўваць людзей з плошчы ў бок цырку. Агенты ў цывільным і спэцназаўцы вырывалі сьцягі і транспаранты з рук людзей. Агульнымі намаганьнямі дэманстрантам удалося вырваць ад спэцназаўцаў і агентаў некалькіх ужо захопленых людзей. Але ў выніку брутальнай паліцэйскай акцыі былі арыштаваны і дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёну сталіцы Юры Беленькі, сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Эдуард Бокій і Ільля Шыманскі. Былі арыштаваны таксама Уладзімер Мікалаеў і Уладзімер Богач.
Патрыёты Беларусі працягнулі змаганьне супраць прамаскоўскай хунты.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 7 красавіка 2006 г.