Антыбеларускі рэжым зьбіраецца завершыць спэцапэрацыю па захопу ўлады ў Беларусі, прызначыўшы незаконную інаўгурацыю А. Лукашэнкі на 8 красавіка. Тым самым рэжым мяркуе прыдаць выгляд законнасьці сваім антыканстытуцыйным і антызаконным дзеяньням. Рэжым ў чарговы раз нахабна сфальшаваў выбары, цынічна адкінуў волевыяўленьне большай часткі беларускага грамадзтва. На мірныя пратэсты беларускіх грамадзянаў 19-25 сакавіка, якія праходзілі пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым сьцягам, рэжым адказаў жорсткімі рэпрэсіямі.
Але парушальнікі Закону і Канстытуцыі ня здолелі запалохаць беларусаў. Мы маем інфармацыю аб тым, што патрыёты Беларусі маюць намер арганізаваць акцыі пратэсту ў цэнтры Менска ўвечары 7 красавіка (каля 19:00) і ўдзень 8 красавіка. Галоўны лёзунг народнага пратэсту – “За вольную Беларусь! За новыя выбары!” Людзі будуць зьбірацца на Кастрычніцкай плошчы сталіцы, там, дзе беларуская моладзь 19 сакавіка сёлета ўзьняла Бел-Чырвона-Белыя нацыянальныя сьцягі і пачала змаганьне за Волю супраць прамаскоўскай дыктатуры.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 7 красавіка 2006 г.