Народ – магутная сіла

28 сакавіка 2006 г.

Навіны

“Нас было слішком мало…” – карцінна плачыцца перад тэлекамэрамі Мілінкевіч, камэнтуючы падзеі 25 Сакавіка ў Менску. Спрабуе падмануць людзей і пасеяць у душах няўпэўненасьць і слабасьць.

Народны выступ у цэнтры нашай сталіцы быў настолькі маштабны, што нават удзельнікі падзеяў не маглі ўявіць сабе размах змагарных дзеяньняў.

Ужо некалькі дзён Менск гудзіць. У семьях, на працы, у грамадзкім транспарце, у чэргах людзі абмяркоўваюць падзеі 25 Сакавіка. Праклінаюць крывавы фашыстоўскі рэжым. Выказваюць гатоўнасьць працягваць змаганьне за вызваленьне краіны ад шклоўскай гадзіны і ягоных крамлёўскіх паханоў. Становіцца ўсё больш яснай карціна змагарнага дня. “Кастрычніцкая плошча” (Плошча Кастуся Каліноўскага – як назвала яе наша гераічная моладзь) з усіх бакоў была аточана народам. З боку цырку, з боку ГУМа, з боку Нямігі да плошчы падышлі дзесяткі тысячаў людзей. З прычыны вялікіх адлегласьцяў і паліцэйскіх кардонаў людзі не маглі ацаніць свае перавагі. Мы не маглі ўбачыць, што нас было да пяцідзесяці тысячаў.

Калі б магутная плынь ня была павернутая назад Мілінкевічам, Казуліным і Вячоркам, то ў гэты дзень Плошча была б наша. Яны здолелі падмануць людзей і завесьці іх у скверык Купалы, у сумёты, падалей ад Плошчы. А потым правакатар Казулін павёў найбольш актыўных беларусаў пад крывавы ўдар чорнага спэцназу – спэцвойскаў дыктатуры.

Нас ня мала. Народ – магутная сіла. Трэба гуртаваць беларускі народ вакол Народнага Ураду, які стварае сапраўдны беларускі лідэр Зянон Пазьняк. Справа вызваленьня Беларусі ад маскоўскага фашызму павінна быць у чыстых руках. Зянон Пазьняк – лідэр беларускай Перамогі. Пад ягоным кіраўніцтвам Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” дасягнуў аднаўленьня незалежнасьці нашай краіны ў 1991 годзе. Пара адкінуць імпэрскіх марыянэтак. Пара ісьці да Перамогі пад сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам.

Мікола Камянецкі