Факты і падзеі (19-23 сакавіка 2006 г.)

24 марта 2006 г.

Актуаліі

20 сакавіка галоўнакамандуючы сухапутных войскаў РФ генэрал Маслаў заявіў журналістам: “Ніякага зьдзеку і зьбіцьця шэраговага Сычова ня было. Некаторыя службовыя асобы выбіваюць зь мяне паказаньні і нэгатыўна ставяцца да ўзброеных сілаў”. Вось як, аказваецца. Зьдзеку і зьбіцьця ня было, гэта шэраговы Сычоў сам сабе давёў да такога стану, што яму давялося ампутаваць ногі і геніталіі. Маслаў і афіцэры ніжэйшага рангу трусяцца толькі за свае пагоны. Ім напляваць на жыцьцё жаўнераў, яны ператварылі расейскую армію ў крымінальную банду. А тым часам іхны галоўны начальнік Іваноў (міністар вайны і віцэ-прэм’ер) апрануўся ў трыко і езьдзіць на сэнтымэнтальныя сустрэчы з падлеткамі па гарадах Сібіры. Там ён адкрывае спартовыя клюбы і фатаграфуецца з юнымі спартоўцамі. Аднак “эті невыносімые журналісты” спыталі яго ў Навасібірску, ці зьбіраецца Іваноў пайсьці ў адстаўку ў сувязі з скандалам на тэму шэрагоўца Сычова? Іваноў рэзка адказаў, што адстаўкі ня будзе. Сапраўды місія ў яго надта ж адказная: трэба рыхтаваць гарматнае мяса, каб было каго калечыць праз колькі год.

19 сакавіка ў маскоўскім мэтро адбылася аварыя. Кіроўца цягніка раптам убачыў прама па курсе, як у цэмры тунэля на рэйкі валяцца бэтонныя слупы. Малады машыніст пасьпеў спыніць цягнік, слупы ўдарылі па вагонах і паранілі некалькі чалавек (ахвяраў маглі быць сотні). Але самае цікавае адбывалася на паверхні. Брыгада маскоўскіх будаўнікоў забівала бэтонныя сваі. Раптам яны пачалі правальвацца пад зямлю, бо патрапілі ў тунэль мэтро. Замест таго, каб тэрмінова папярэдзіць адпаведныя службы і падняць трывогу, будаўнікі разьбегліся. Крымінальны дух расейскага грамадзтва, нікчэмная цана чалавечага жыцьця, бесчалавечнасьць маскоўскай публікі – вось галоўныя фактары драматычнай падзеі. Для іх галоўнае – своечасова ўцячы. Хворая сталіца сьмяротна хворай імпэрыі.

На фоне правалу 15-гадовай прыднястроўскай авантуры Расея спрабуе пратрубіць пра перамогу на каўказкім фронце. 23 сакавіка віцэ-прэмьер РФ Г. Букаеў заявіў ва Уладзікаўказе, што расейскае кіраўніцтва прыняло рашэньне ў бліжэйшы час прыняць Паўднёвую Асэцію (частку тэрыторыі сувярэннай Грузіі) у склад Расеі. Маскоўскія імпэрыялісты аргумэнтуюць, што абраны варыянт, падобны на вырашэньне праблемы Косава (былой сэрбскай правінцыі, якая фактычна аддзялілася ад Сэрбіі). Аднак адразу ж прэмьер РФ Фрадкоў абвергнуў заявы Букаева: маўляў, такога рашэньня няма. Крамлёўцы паводзяць сабе, як маскоўскія будаўнікі: уцякаюць ад адказнасьці, падстаўляюць адзін аднаго, выкручаюцца, а ў выніку – нясуць бяду народам і дзяржавам.

У сярэдзіне сакавіка стала вядома пра леташні тыповы выпадак у расейскім войску. 26 лістапада 2005 г. начальнік асобага аддзела тульскай паветрана-дэсантовай дывізіі Столба выклікаў да сабе ў кабінэт шэрагоўца Дзяніса Жарыкава. Столба быў пьяны і агрэсіўны, схапіў аўтамат і расстраляў шэрагоўца на вачах другога жаўнера. Ведаеце, якое абвінавачваньне высунула пракуратура супраць забойцы? А вось якое: “неасьцярожныя дзеяньні са зброяй”. “А что там за проблема, пріхлопнул одного салагу”, як казалі яшчэ ў крымінальным савецкім войску. Трэба ратаваць беларускую моладзь ад маскоўскага жаху.

БТ трубіць пра тысячы тэлеграмаў з-за мяжы ад арганізацыяў і працоўных калектываў з віншаваньнямі шклоўскаму “прэзыдэнту” з “перамогай на выбарах”. Праўда толькі адно: сапраўды паступілі віншаваньні ад трох “вялікіх дэмакратыяў” – Расеі, Ірана і Кубы (сьмех у залі). ЗША, Эўразьвяз і шэраг краінаў заявілі пра непрызнаньне выбараў 19 сакавіка за дэмакратычныя і празрыстыя. Узурпатар, такім чынам, застаецца ўзурпатарам. А вось лісты ад працоўных калектываў з-за мяжы было б цікава пачытаць. Скажам: “Парыжская макаронная фабрыка віншуе Лукашэнку з чарговым узяцьцем менскай Бастыліі…” альбо “Зьмеяловы штата Джамму і Кашмір шчасьлівыя з нагоды пераабраньня вялікага лідэра РБ”, а можа: “Прафсаюз канібалаў Дагамэі вітае шклоўскага аднадумцу…”

23 сакавіка скончыўся працэс у Пецярбурзе над групай маладых забойцаў, якія забілі летась 9-гадовую таджыцкую дзяўчынку (мноства нажавых раненьняў). Суд прысяжных апраўдаў 16-гадовага Казакова, які паводле сьледства нанёс сьмяротны ўдар дзяўчынцы. Астатнія сямёра злачынцаў пазбаўлены абвінавачваньня ў “забойстве на глебе расавай нянавісьці” і праходзяць па артыкуле “хуліганства”. Ткаім чынам, цяпер у Расеі забіваць дзяцей – гэта дробнае хуліганства.

Янка Базыль