У цэнтры беларускай сталіцы чацьверты дзень працягваецца рэвалюцыйны выступ нашай мужнай моладзі. Тысячы людзей далучыліся да юнакоў і дзяўчатаў, якія ўзьнялі сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і абараняюць Айчыну ад ненавіснага антыбеларускага рэжыму.
Яны патрабуюць новых выбараў без Лукашэнкі, яны абвясьцілі “Кастрычніцкую плошчу” насупраць лукашэнкаўскага палацу Плошчай Кастуся Каліноўскага. Былыя кандыдаты на прэзыдэнта Мілінкевіч і Казулін ужо не даюць рады з народным пратэстам. Яны ўжо некалькі разоў зьвярталіся да моладзі з “просьбай разысьціся, каб сабрацца потым”. Але юнакі і дзяўчаты разумеюць, што Плошчу нельга пакідаць, бо тады пераможа антынародны рэжым, пераможа імпэрыялістычная Масква, што стаіць за плячыма марыянэткавага рэжыму і чакае моманту, каб канчаткова акупаваць Беларусь.
Патрыётаў Беларусі не зьдзіўляе афіцыйная прапаганда рэжыму, якая выстаўляе змагарную моладзь як “групу хуліганаў”, запалохвае грамадзтва і г.д. Зьдзіўляе пазыцыя, абраная кіраўніцтвам беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Паслухаўшы яе паведамленьні, людзі думаюць, што на Плошчу немагчыма прарвацца, што там нельга ступіць кроку, што ўсіх арыштоўваюць і бьюць. Складваецца ўражаньне, што некаму выгадна, каб беларусы напалохаліся і не падтрымалі маладых герояў на Плошчы.
Ня слухайце афіцыйных і псэўдаапазыцыйных балбатуноў! На Плошчу праходзяць, далучаюцца да змагароў тысячы людзей. Рэжым ня здольны спыніць паспалітае рушэньне. На Плошчы пануе сьвяточны настрой – дух Волі.
Выходзім на Плошчу – там жыве вольная Беларусь!
Янка Базыль