20 сакавіка ў Менску адбыўся суд над сябрам Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ сп. Уладзімерам Юхо, затрыманым міліцыяй на выбарчым участку 19 сакавіка. Рэжым не наважыўся судзіць сп. Юхо за адмову галасаваць за Лукашэнку і спробу вынесьці выбарчы бюлетэнь (у адпаведнасьці з законным правам выбаршчыка). Суддзя Л. Севасцян зачытала заяву міліцыянтаў у суд, у тэксьце якой было пазначана: “На выбарчым участку адбыўся канфлікт паміж гр. Юхо і старшынём выбарчай камісіі. Калі міліцыя вывела гр. Юхо на вуліцу, то ён абражаў супрацоўнікаў міліцыі нецэнзурнымі выразамі і аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі”. Міліцыянты старэйшы лейтэнант Шлык, маёр Цішко і капітан Дудко выступілі ў якасьці ілжэсьведкаў, сьцьвярджаючы, што сп. Юхо лаяўся на іх на вуліцы. Выступілі таксама сьведкі — назіральнікі за выбарамі, якія знаходзіліся на тым участку і бачылі, як старшыня выбарчай камісіі Пётр Краўчук і старэйшы лейтэнант міліцыі Шлык патрабавалі ад сп.Юхо кінуць бюлетэнь у скрыню, а потым вывелі яго з участку. Але суддзя іхныя сьведчаньні “не прыняла да ўвагі” (зразумела, што яна выконвала палітычны загад рэжыму). Рэжым, такім чынам, спрабуе вывесьці з-пад крымінальнай адказнасьці старшыню выбарчай камісіі П. Краўчука і абвінаваціць у хуліганстве і брыдкаслоўі сп. Уладзімера Юхо, 60-гадовага чалавека, акадэмічнага выкладчыка матэматыкі, культурнага беларуса. Адвакат Павел Сапелка патрабаваў спыніць разгляд справы ў сувязі з паказаньнямі сьведкаў, якія абвяргаюць ілжэсьведчаньні міліцыянтаў. Але суддзя адхіліла ягоную заяву і вынесла прысуд: пяць сутак адміністрацыйнага арышту. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ зьвярнулася ў пракуратуру з патрабаваньнем пракурорскага рэагаваньня на парушэньні закону.
Не выпадкова на суд не зьявіўся П. Краўчук. Вядома, што гэтая асоба займае высокую адміністрацыйную пасаду на адным з сталічных прадпрыемстваў. Вядома, што такія начальнікі прызвычаяны беспакарана зьневажаць падпарадкаваных ім людзей. Атрымаўшы загад ад рэжыму “не дапусьціць Народнага Галасаваньня”, начальнік Краўчук паводзіў сабе на выбарчым участку з звычайнай для яго агрэсіўнасьцю. Пасьля нападу на сп. Юхо калегі, аднак, патлумачылі Краўчуку, што ён зьдзейсьніў вельмі сур’ёзнае крымінальнае злачынства, парушыўшы таемнасьць волевыяўленьня выбаршчыка. Цяпер гэты Краўчук недзе хаваецца ад адказнасьці. Але не схаваецца ані ён, ані міліцыянты-ілжэсьведкі, ані ілжэсуддзя Севасцян. Калі абрынецца антынародны рэжым, яны абавязкава прадстануць перад судом і атрымаюць па заслугах паводле Закону за свае злачынныя дзеяньні.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысцьіянскай Партыі – БНФ 20 сакавіка 2006 г.