Рэпрэсіі супраць Народнага галасаваньня

19 марта 2006 г.

Навіны

19 сакавіка на выбарчых участках прадстаўнікі рэжыму актыўна парушаюць выбарчае заканадаўства. На многіх участках урны для галасаваньня пастаўлены ў непасрэднай блізкасьці ад выбарчай камісіі. Такім чынам выбарчая камісія фактычна назірае за тым, як галасуе выбаршчык, парушаючы прынцып таемнага галасаваньня.

А 12:00 у Менску на выбарчым участку №66 Савецкай выбарчай акругі адбыўся сур’ёзны інцыдэнт. Сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ сп. Уладзімер Юхо атрымаў бюлетэнь для галасаваньня і спрабаваў вынесьці яго з участка, каб перадаць потым у Нацыянальную Грамадзкую Камісію. Але на яго накінуліся старшыня выбарчай камісіі П. Краўчук і маёр міліцыі Шлык. Міліцыянт прымусіў сп. Юхо паехаць зь ім у РАУС Савецкага раёну. Пакуль невядома, у чым прадстаўнікі рэжыму абвінавачваюць сп. Юхо. Міліцыя не дазволіла сп. Юхо ўзяць з сабой лекі ад сардэчнай хваробы і верхнюю вопратку (сп. Юхо знаходзіўся на выбарчым участку ў якасьці назіральніка). Калі сп. Юхо паспрабаваў напісаць акт аб парушэньні заканадаўства, маёр міліцыі Шлык вырваў у яго паперу. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ падае заяву ў пракуратуру па факце парушэньня закону.

19 сакавіка падобны інцыдэнт адбыўся ў Дзяржынску Менскай вобласьці. Сп-ня Аліна Дуброўская таксама выносіла з выбарчага ўчастку свой бюлетэнь. На яе накінуліся міліцыянты і старшыня выбарчай камісіі, патрабуюцы “прагаласаваць”. Сп-ня Дуброўская заявіла, што яны парушаюць Закон і здолела вынесьці бюлетень з участку.

Люты страх рэжыму перад народным галасаваньнем сьведчыць пра паніку антынароднага рэжыму. Фальшывая сістэма дэманструе сваю антызаконнасьць і брутальнасьць.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 19 сакавіка 2006 г.