Як датэрмінова галасаваў менскі выбаршчык Барыс Мытнік

18 сакавіка 2006 г.

Навіны

(з аповеду па тэлефоне)

…Зайшоў я на выбарчы ўчастак. Заля для галасаваньня яшчэ не падрыхтаваная. Па ўказальнікам прайшоў у маленькі пакойчык. У пакойчыку стаіць стол, за якім сядзіць жанчына, сябра камісіі, і насупраць стаіць выбарчая скрыня. Кабіны для галасаваньня няма. Пытаюся: -Дзе кабіна для таемнага галасаваньня? Атрымліваю адказ: -А я атвярнуся, не буду сматреть. Прад’яўляю пашпарт, стаўлю подпіс у сьпісе выбаршчыкаў і атрымліваю бюлетэнь. Адна старонка бюлетэню зялёнага колеру. На зялёным полі два подпісы. Паварачаюся да скрыні, жанчына нібыта адвярнулася. Складаю ўдвая бюлетэнь, кладу ў кішэнь і іду да выхаду. Жанчына рэагуе імгненна. Падскоквае да мяне, перагароджвае выхад і крычыць: -Апусьці бюлетень в урну! Не імееш права выносіть бюлетень! Куда ты его несёш!? Кажу спакойна: -У вас няма кабіны, дзе я мог бы таемна прыняць рашэньне. Пайду ў прыбіральню, там хоць ёсьць кабіны, альбо пайду дадому і там вырашу, як мне галасаваць. Мінаваў жанчыну і спакойна выйшаў з участку.