Факты і падзеі (1-2 сакавіка 2006 г.)

3 сакавіка 2006 г.

Актуаліі

У апошні дзень каляндарнай зімы ў Маскве выступала міграцыйнае начальства. Прадстаўнік Фэдэральнай міграцыйнай службы РФ Н. Власова заявіла, што “Расеі патрабуецца каля аднаго мільёна мігрантаў-чарнарабочых”. Прычына такой патрэбы ў тым, што “скарачаецца колькасьць працаздольнага насельніцтва Расеі, а таксама ў шкодных і небясьпечных умовах працы і нізкіх заробках чарнарабочых”. Адным словам, расейцы альбо памерлі альбо ня хочуць працаваць у жудасных умовах. Значыць на небясьпечныя і шкодныя месцы працы Расея гатовая запрасіць замежных рабоў. На гэтай прэс-канфэрэнцыі выказаўся таксама і выканаўчы дырэктар Міжнароднай Арганізацыі Працы (адна з заходніх арганізацыяў-абаронцаў пралетарыяту). Гэты Кары Тапіола сказаў: “Сучаснае грамадзтва мае патрэбу ў мігрантах. Галоўнае, каб яны мелі тыя ж умовы, што і мясцовыя рабочыя”. Ну, дык жа тов. Власова так і сказала: “умовы шкодныя і небясьпечныя…” Мы думалі, што Тапіола запрашае сваіх фінскіх суайчыньнікаў паднімаць Расею ў такіх умовах. Але ж не – ён меў на ўвазе некага іншага. Власова паведаміла таксама, што цяпер у Расеі працуюць 500 тысячаў легальных імігрантаў, а яшчэ ад 5 да 11 мільёнаў нелегальных. Дзякуй, канешне, маскоўскаму і эўраначальству за шчыраць. Яны не паўтараюць прыёмы брэжняўскай прапаганды зь яе “приезжай ко мне на БАМ, я тебе лопату дам…” Яны запрашаюць на сьмерць і калецтва беларусаў, украінцаў, узбэкаў, таджыкаў, малдаванаў – усіх тых, хто ня сьпіўся, хто умее працаваць. Постсавецкія “нэгры” будуць “делать работу чёрную…” (Маякоўскі), а белы расеец “будет делать работу белую…” Вось такую “цывілізатарскую місію” прапануе рабочым людзям жудасная і гнілая імпэрыя.

1 сакавіка шклоўскі рэжым раздаваў зоркі герояў савецкага саюза сваім героям. І сапраўды, мэдалькі – дакладная копія “залатой зоркі героя СС”. Толькі на стужачцы ёсьць танюпасенькая зялёная палосачка. Сярод “герояў” найбольш кур’ёзны тып – банкаўскі начальнік Пракаповіч з ягонай дурнаватай усьмешачкай. Гэтага “вечна усьмешлівага” узнагародзілі за “рэзкае падвышэньне і паляпшэньне” фінансаў РБ. Па тэлевізару сказалі, што ён шмат золата накапіў у сутарэньнях нацбанку (вось, дарэчы, прыдуць маскоўскія акупанты гаспадарыць у “саюзнай дзяржаве” – а золата на месцы, дадуць Пракаповічу яшчэ адну зорку). Наступным быў прыдворны жывапісец Савіцкі. Ну, з гэтым вечным лёкаям усё даўно ясна, амплуа такое. Таксама, як і з галоўным бацюшкам РПЦ у РБ Філярэтам. Бацюшка дзячыў сваіх “благодетелей” на царкоўна-славянскім дыялекце: “Зело благодарен есьмь. Как ныне, так и присно буду трудиться на благо моего Отечества и на благо моего народа…” Што гэта ў яго за “отечество” і якому народу ён служыць, мы даўно ведаем па выніках русіфікацыі ў РПЦ і ў РБ. Дарэчы, нялішнім будзе ўспомніць, як на ўручэньні расейскага ордэну гэты бацюшка гукаў гады тры таму: “Служу России и союзному государству!…” Такія вось героі нашага часу.

Старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы Парляманту Латвіі Індуліс Эмсіс выступіў з прамовай перад дэпутатамі. Ён прывёў факты і абрысаваў карціну інфармацыйнай вайны, якую Расея вядзе супраць Латвіі. У апошні час РФ накіравала сваёй агентуры ў гэтай балтыйскай краіне адзін мільён даляраў толькі на падрыхтоўку і правядзеньне антылатвійскіх акцыяў ў дзень 16 сакавіка, які адзначаецца народам як Дзень памяці легіянэраў (вайскоўцаў, якія падчас Другой сусьветнай вайны змагаліся супраць расейскіх акупантаў). Старшыня падкрэсьліў, што на працягу гадоў РФ выкарыстоўвае супраць Латвіі агрэсіўныя дзеяньні з выкарыстаньнем найноўшых інфармацыйных тэхналёгіяў.

У Крыме зноў актывізавалася расейская шпана. Перад парлямантам аўтаноміі сабраўся охлас пад расейскімі сьцягамі і з плякатамі “Мы хотим говорить, понимать и жить по-русски!” Маскоўская агентура рвецца ў бой перад незаконным “рэфэрэндумам”, на якім яны хочуць абвясьціць у Крыме расейшчыну ў якасьці дзяржаўнай мовы. Хаця ўсё было б лягічна, калі б гэты охлас сабраў бы манаткі ды паехаў у суседнюю краіну, дзе “всё по-русскі”.

Адзін балван вытурыў другога балвана. “Незалежныя” СМІ паведамілі пра “рэпрэсію” на тэлебачаньні РБ. Аказваецца днямі новы шклоўскі тэленачальнік Азаронак вытурыў з БТ “таленавітага вядучага праграмы “Падарожжы дылетанта” Ю. Жыгамонта”. Радыё Свабода нават прысьвяціла сюжэт гэтай падзеі. Памятаем і мы гэтую “ахвяру рэпрэсіі”. Доўга мельцяшэў на мясцовым тэлеэкране гэты чалавечак у капелюшы, крыўляўся і віхляўся на фоне помнікаў беларускай мінуўшчыны. Удаваў “папулярны, у народным стылі расповед” пра нашу культуру і гісторыю. Атрымліваўся брыдкі кактэйль з распярэзанай глупоты і прафэсійнага блюзьнерства. Не выпадкова такога блазна трымалі на службе на антыбеларускім канале. Цяпер яго выкінулі, але на камэнтарах па культуры застаўся такі Рэвуцкі, лексіка і выгляд якога мягка кажучы выклікаюць пытаньні ў нармальных людзей. Даўно вядома, што на БТ рэжым адмыслова назьбіраў шайку рознажанравых бездараў і прафэсійных ненавісьнікаў Беларусі і беларушчыны. На пальцах можна пералічыць талковыя праграмы і адэкватныя фізіяноміі за дзесяцігоддзі практыкі гэтага каналу. А цяпер Свабодка прапануе нам заплакаць над гэтым звальненьнем.

2 сакавіка Парлямант Эстоніі прыняў закон аб Дне ахвяраў акупацыі 22 верасьня. Раней расейскія акупанты сьвяткавалі ў гэты дзень “вызваленьне Эстоніі ў 1944 г. ад немцаў”. Эстонскія парлямантары падкрэсьліваюць, што гэты мэмарыяльны дзень павінен “сымбалізаваць пакуты эстонскага народу ад акупантаў” (маюцца на ўвазе любыя акупанты, што ўрываліся ў Эстонію з Усходу і Захаду). Паводле новага закону, у гэты дзень забараняюцца любыя мерапрыемствы, ня звязаныя з ушанаваньнем памяці ахвяраў акупацыі. Прыйдзецца расейскім асаднікам і адстаўной шушары піць гарэлку па хатах і не высоўвацца на двор са сваімі чырвонымі сьцягамі.

2 сакавіка зьезд прафсаюзаў работнікаў грамадзянскай авіяцыі РФ прыняў адмысловую заяву ў адказ на новы закон “аб тэрарызьме”, канчаткова прыняты ў Расеі. Лётчыкі заяўляюць, што лётаць пад пастаяннай пагрозай быць зьбітымі ракетамі мінабароны – гэты невыносная ўмова працы. Яны нагадваюць, што прафэсійна і маральна адказныя за жыцьцё пасажыраў. А ў мінабароне хоць бы хны. Начальнік генштаба Балуеўскі ва ўсю распрацоўвае правілы састрэльваньня грамадзянскіх самалётаў і штурму жылых дамоў танкамі. Генэрал з усьмешачкай расказвае пра гэта на прэс-канфэрэнцыях. Якая ўсё ж жудасная гэтая Расея!

Янка Базыль