Факты і падзеі (19-21 лютага 2006 г.)

22 лютага 2006 г.

Актуаліі

Па “Залатому кальцу” Расеі з першай паловы лютага коцяцца не турыстычныя аўтобусы, а мутныя хвалі “салянога бунта”. Дзе-небудзь у Эўропе адразу й не растлумачыш, што адбываецца ў гарадах і вёсках экзатычнай імпэрыі.

Эўрапеец падумае, што пад нейкі гістарычны юбілей мясцовыя ўлады наладзілі касьцюміраваны хэпэніг ў візантыйскім стылі. На фоне старажытных цэркваў, баярскіх маёнткаў і помнікаў леніну стракаты і спатнелы натоўп з велікарускага люду штурмуе крамы, базары і прадбазы, цягне на сябе мяхі з сольлю, мылам і запалкамі. З хуткасьцю ляснога пажару паніка ахапіла амаль усю эўрапейскую частку імпэрыі, шераг вобласьцяў ад Мурманска да Калугі. Ніхто ня ведае, адкуль прагучаў першы крык пра дэфіцыт. Але мільёны людзей кінуліся на марафонскі забег з перашкодамі, успомніўшы залатыя савецкія часы. Масква і Пецярбург апынуліся пасярод салянога-запалкавага-мыльнага хваляваньня. Тут дарэчы ўспомніць маладога маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, першыя гады цараваньня якога праходзілі якраз пад знакам жудасных “салянога” і “меднага” бунтоў. Потым была агрэсія супраць Беларусі і вайна 1654-67 гг., якая скончылася перамогай беларускага народу і выгнаньнем маскоўскіх акупантаў. Маскоўскае начальства, аднак, не заўважае выразных гістарычных тэндэнцыяў. Крэмль зноў рыхтуе акупацыю нашай краіны. А каб расейскае грамадзтва ня мела часу задумацца над сваім гістарычным лёсам, ягоную творчую энэргію хватка накіравалі ў знаёмае, даўно адпрацаванае рэчышча.

19 лютага ў студыі пецярбургскага тэлебачаньня адбылася дынамічная бойка. З двума тэлевядучымі прама перад телекамэрамі пабіўся такі К. Боровой, старшыня некалі шумнай расейскай партыі прадпрымальнікаў і былы дэтутат Думы. Падчас тэлепраграмы ён пачаў абзываць нехарошымі словамі Пуціна, а калі вядучыя паспрабавалі прысароміць яго, то распачаў бойку. Да Жырыноўскага з ягоным цыркам Боровому далёка, але жанр выступу той жа самы. Мільёнам тэлегледачоў лішні раз даведзена, што супраць “нашего Путіна” можа крычаць толькі скандальны, непрывабны і агрэсіўна-неадэкватны дэпутацішка-хуліган (які да таго ж і дыхту атрымаў ад дзяржслужачых). О-о, мы добра памятаем гэтага Борового! Яшчэ ў 2000 годзе ён тусаваўся ў Менску. Выступаў нават “от русскіх правых сіл” на агульнадэмакратычных кангрэсах, дзе абяцаў “калі трэба, то і зброі прыслаць для абароны Беларусі ад Крамля”. Здаецца, што вінцучкі-хадыкі ды лебедько тады ад Борового кулямётаў і базукаў так і не атрымалі, запісаліся ў “гандзісты”. Ды й самога крыкуна ў хуткім часе зьмянілі тады на менскім полі хакамады з нямцовымі. Цяпер вось ён нагадаў пра сабе на падстаўным кулачным тэлетурніры. Нешта не шанцуе ў апошні час тов. Пуціну з ягонай фізіяноміяй. То ў родным Піцеры на тэлепраграме па ёй прайшліся, то вось днямі ў Ізраілі ёй “плястычную апэрацыю” наладзілі. Краіна актыўна рыхтуецца да выбараў, і партыя Лікуд выпусьціла ў тэлеэфір перадвыбарчы ролік. Згадваючы падтрымку Пуціным палестынскага Хамасу, аўтары роліка пачалі дзяліць фотапартрэт Пуціна на часткі і замяняць іх насамі і скуламі іншых канкурэнтных ізраільскіх палітыкаў. Эх, як усхадзілася амбасада РФ! Старшыня Лікуда Нетаньяху прабачэньня прасіў. І навошта ўвесь гэты буржуазны фармалізм у фотамастацтве? Любому народу трэба проста часьцей паказваць рэальны фота- і тэлепартрэт лубянскага начальніка ды агучваць ягоныя “мочіть в сортіре” і “істребіть, как крыс”. Усё і так будзе ясна з “міратворцамі” у Крамлі і на Лубянцы.

20 лютага Масква змагалася з фашызмам. У музеі на Паклоннай гары віравалі партыйныя прадстаўнікі. 11 розных арганізацыяў падпісвалі там “Антіфашістскій пакт”. Найбольш прыкметнымі “антыфашы” засьвяціліся “Едіная Россія” і жырыкі. Чамусьці, аднак, СМІ ўсяго сьвету не зьявіліся на наступны дзень з паведамленьнямі кшталту “З фашызмам у Расеі пакончана!” Можа ўжо навучыліся ўрэшце засланыя ў Маскву рэпарцёры адрозьніваць сапраўдную драму расейскага жыцьця ад шалупіньня лубянскай апэрэткі? Будзем спадзявацца. Але ўсё ж больш верагодна, што справу разгрому расейскага фашызму прыйдзецца ўзяць на сабе народам, паняволеным маскоўскай фашыстоўскай імпэрыі.

У старажытнай Алімпіі парушальнікаў заведзенага парадку ахоўнікі лупцавалі кіямі і гналі высьпеткамі з тэрыторыі сьвятыні і спартовых абьектаў. На Алімпіядзе ў Турыне з такімі яшчэ разьбіраюцца (але ўсё можа скончыцца тым жа самым манэўрам аховы). Расейская дэлегацыя зьявілася ў алімпійскім горадзе з непараўнальнай пышнасьцю. З самалёта яны вылазілі, як стракаты караван. Набралі з сабой ня толькі спартоўцаў і чыноўнікаў “в штатском”. Мы заўважылі сьвецкіх тусоўшчыкаў: акцёра-рэжысёра Табакова з маладой жонкай-актрыскай, дырэктарку маскоўскага мастацкага музэя імя Пушкіна і шэраг іншых. Зразумелае імкненьне (за грошы абрабаваных дзяржавай расейскіх грамадзянаў) наладзіць чарговае замежнае шоў з мэтай пераканаць, што “даже в області балета мы впереді планеты всей…” Усе антычалавечыя рэжымы любілі і любяць карыстацца гэтым прыёмчыкам. Ну, чаму ніхто з іншых краінаў не пайшоў на гэтую пустую і сьмешную дэманстрацыю? Мабыць таму, што ім нічога даказваць ня трэба. А гэтыя ўзялі і яшчэ раз “даказалі”, прычым з тыповым маскоўскім хамскім размахам. Італьянскія ўлады прыхапілі расейскі караван на незаконным правозе ў краіну кіляграмаў чорнай ікры. Маскоўская прапаганда шуміць цяпер, што “ікру намазвалі на сэндвічы на банкетах і раўтах, арганізаваных дэлегацыяй”. Але кожнаму зразумела, што проста трэнеры разам з народнымі артыстамі паспрабавалі заняцца банальнай фарцоўкай ды падзарабіць “деньжат”. Але якія небудзь быля савецкія казахі альбо эстонцы растлумачылі італьянскай паліцыі, чаму вакол расейскага павільёну топчуць сьнег розныя жулікі з мясцовага крымінальнага сьвету. І пачалося.

Дарагія беларусы, заклікаем вас глядзець тэлеканал “Euronews”. Па ім вы даведаецеся шмат чаго цікавага пра сабе самых і пра нашае жыцьцё-быцьцё. 21 лютага гэты міжнародны канал (які кантралююць французы) круціў ролік пра “выбары ў Беларусі”. А канкрэтна паведамляў пра рэгістрацыю чатырох кандыдатаў на прэзыдэнта. Эўрааналітыкі паказалі нам шклоўскага начальніка, які выглядаў на “суровага і справядлівага”. Потым перавялі тэлекамэру на жырыноўца Гайдукевіча. Ведаеце, які камэнтар далі яны гэтаму запісному спэцу па арганізацыі “честных побед” Лукашэнкі? Цытуем: “А гэта містэр Гайдукевіч, кіраўнік нацыяналістычнай партыі…” (!!!) Прамільгнуў Казулін. А за ім паказалі “шляхціца” Мілінкевіча, які шпацыраваў на беразе Сьвіслачы і тэарэтызаваў па-расейску: “Мы теперь уже знаем, что Лукашенко победит на выборах, получит 75%. Для нас эти выборы – политическая задача…” Пры гэтых словах ўспамінаецца нядаўняя тусоўка-“дэманстрацыя” з ста асобаў начале з працытаваным дзеячам “дэмсілаў”. Наперадзе яны несьлі яркі плякат “За Беларусь з Мілінкевічам!” Падобна, што дэманстранты чагосьці не зразумелі. Мілінкевіч і ня думае змагацца на выбарах, ён упэўнены ў перамозе дыктатара, называе выбары “фальшывымі”. Дык чаму ж ён тады заклікае людзей ісьці на фальшывыя выбары ды забясьпечыць тым самым перамогу арганізатарам фальшыўкі? Чаму не падтрымлівае Народнае галасаваньне – адзіны спосаб супрацьстаяньня фальшываму рэжыму? А таму, што сам гэты “адзіны і непаўторны” “дэмакрат” ёсьць фальшыўкай, якую антыбеларускі рэжым выкарыстоўвае ў сваёй калодзе зашмальцаваных крамплёных картаў. Ён сам разам з казулінымі і гайдукевічамі ёсьць падстаўным гульцом антыбеларускай гульні.

Янка Базыль