Факты і падзеі (5-8 лютага 2006 г.)

11 лютага 2006 г.

Актуаліі

5 лютага ў Мюнхэне прагучэў цьвярозы голас амэрыканскага палітыка. Сэнатар Джон Маккэйн заклікаў заходніх кіраўнікоў байкатаваць саміт “васьмёркі” найбольш эканамічна разьвітых краінаў, якія мае адбыцца сёлета ў Санкт-Пецярбургу. “Расея не зьяўляецца ні дэмакратычнай, ні эканамічна разьвітай краінай”. – заявіў амэрыканскі сэнатар.

Ён нагадаў таксама пра расейскі ціск на Грузію і Украіну, а таксама пра вайну ў Чачэніі. Заходнікі стаялі і слухалі яго, разьзявіўшы раты, нібыта чулі пра ўсё гэта ўпершыню. Сэнатару трэба было, мабыць, яшчэ ўшчыкнуць кожнага зь іх, каб яны выйшлі з палітычнай летаргіі ды пачалі адэкватна ўспрымаць рэчаіснасьць.

6 лютага хваля мусульманскіх пратэстаў дасягнула Брусэля. Дзесяткі тысячаў мужчынаў (туркі, арабы, пакістанцы) вырасьлі нібыта з-пад зямлі і магутнай лавінай запоўнілі сабой галоўны праспэкт эўрасталіцы. У інтэрвію журналістам яны казалі, што акцыю ніхто не рыхтаваў, яны “проста патэлефанавалі адзін адному па сотавых тэлефонах і запрасілі сяброў на дэманстрацыю”. Вось ужо да чаго дажыў стары кантынэнт пад кіраўніцтвам сацыялістаў-лібэралаў. Яны хацелі ня проста забясьпечыць сабе таннай працоўнай сілай з былых калёніяў ды таннымі паслухмянымі прыслужнікамі, але яшчэ й рэгулярна кпіць з іхніх рэлігійных пачуцьцяў і духоўных каштоўнасьцяў (“свабода слова”). Але не атрымалася, працоўная сіла і прыслужнікі сурова нагадваюць Эўропе пра адказнасьць за свабоду і пра адказнасьць за слова. Гледзячы на ўсё гэта, ня верыцца, што стагоддзямі эўрапейскія народы бараніліся ад нашэсьцяў чужынцаў з Афрыкі і Азіі, што беларускае рыцарства ратавала Вену ад асманаў. Цяпер без выйграных бітваў, з пашпартамі эўрапейскіх краінаў у кішэні сотні тысячаў экзатычных суграмадзянаў расхістваюць эўракарабель і заганяюць пад лаўку ягоную каманду. А ў гэты самы час брусэльскае начальства і начальства ў іншых сталіцах занятае аднаполымі шлюбамі ды правамі збачэнцаў. Тэатр абсурду!

У Чачэніі свой “джыхад” вядзе Кадыраў-малодшы. 6 лютага ён заявіў на тэлебачаньню, што сваёй уладай вытурвае з Чачэніі дацкія гуманітарныя арганізацыі, “якія ўвесь час падтрымліваюць бандытаў”. Гэты прамаскоўскі бандыт называе “бандытамі” чачэнскіх патрыётаў, што змагаюцца супраць маскоўскіх акупантаў. Датчане вымушаны згарнуць гуманітарную працу ў лягерах для чачэнскіх бежанцаў у Чачэніі і Інгушэціі і выехаць з краіны.

8 лютага з будынку суда ва Ўладзікаўказе выскачыў, як ашпараны, доктар Рашаль. Хітрамудры пэдыятр быў запрошаны на бесланскі працэс у якасьці сьведкі. На прамыя пытаньні мацерак забітых гэбоўцамі дзяцей ён пачаў выкручвацца і хлусіць. Калі асэцінскія жанчыны прыперлі яго да сьценкі, ён вырваўся і ўцёк, зачытаўшы журналістам сваю “заяву”. У “заяве” нічога канкрэтнага, а толькі зьвяганьне пра непавагу да яго і трактоўку ягонай асобы не ў якасьці сьведкі, а ў якасьці абвінавачваемага. А што ж хацеў гэты халоп гасудараў? Якой павагі пасьля таго, што натварыла (зь ягоным удзелам) пуцінская кантора ў няшчасным асэцінскім горадзе? Намэнклятуршчык у белым халаце актыўна выкарыстоўваўся ФСБ і перад газавай атакай на маскоўскі тэатр на Дуброўцы, і перад забойчым штурмам у Беслане. Урэшце людзі зразумелі ягоную подлую ролю ў гэбоўскім сцэнары. І запатрабавалі адказу. Правакатар адразу кінуўся на ўцёкі.

Расейцы дагуляліся з газам. І самы атрымалі дубінай, паводле іхнай жа прымаўкі “поздравляем і вас по тому же месту…” Даадключалі свае газаправоды на Украіну і ў Грузію, аж покуль не наляцелі на той жа корч. Уноч на 8 лютага ў чачэнскім пасёлку Хасаўюрт узьляцела ў паветра цэлая казарма з адборнымі расейскімі эсэсаўцамі з батальёну “Восток”. Тэлебачаньне паказала пустое месца, заваленае абломкамі – а ўчора тут была казарма акупантаў. Прапаганда паведамляе пра 14 забітых і 29 параненых. Але чачэнскія крыніцы паведамляюць пра значна большую колькасьць расейскіх стратаў. Называецца, “ребята пріехалі подзаработать на контракте”…

Памятаем безгалосую і брутальнага выгляду “тэлезорку” Агурбаш з Масквы, якая чамусьці прадстаўляла Беларусь на леташнім песенным конкурсе Эўрабачаньня. Правальная “салістка” не здаецца. Днямі дала інтэрвію газэтцы тэлегледачоў РБ “Антенна”. Сярод іншай лабуды яна падзялілася інфармацыяй пра надвор’е: “А мне нравітся мороз. Благодаря ему я хоть могу поносіть своі шубы, которые лежалі без дела…” Правінцыялка з РБ даўно засвоілася ў “століце нашей родіны”, на поўніцу авалодала тамашнім свецкім стылям. Шалёныя мільёны ад мафійна-вытворчай дзейнасьці ейнага мужа не даюць ёй спакою. Нават у цынічным Галівудзе зоркі-мільянэры то дзецям аквапарк пабудуюць, то ў гуманітарную праграму на карысьць інвалідаў у Камбоджы запішуцца. А гэтыя будуць трэсьці перад публікай сваімі шубамі і брыльянтамі. Ім ня страшны змрочны сацыяльны кантраст, які разьдзірае расейскае (ды й беларускае) грамадзтва. Яны, мабыць, ня чулі пра аўстрыйку Марыю-Антуанэту, жонку французкага караля Людовіка XVI. Аднойчы ейную залатую карэту спыніў натоўп галодных людзей. Каралева спытала, чаго яны хочуць? Прыдворныя адказалі: “У іх няма хлеба…” На гэта Марыя-Антуанэта хіхікнула і падказала: “Дык няхай ядуць пірожныя…” Потым у Парыжы быў галодны бунт, штурм Бастыліі, рэвалюцыя. Калі ненавісную аўстрыйку вялі да гільяціны, ніхто не спачуваў ёй, просты люд улюлюкаў і сьмяяўся. Хаця што там, няхай бы расейская эліта, якая абрабавала свой народ, памятала пра пугачоўшчыну, пра рускі бунт “беспощадный и бессмысленный”. Толькі ад звыродлівай сытасьці ім адбіла памяць. Яны не баяцца нічога, упэўненыя, што залаты цялец абароніць іх. А ў крайнім выпадку яны пасьпеюць дабегчы да самалёта. Углядаючыся ў суровыя твары расейскіх рабочых і сялян, бамжоў і жабракоў, разумееш, аднак, што можа і пасьпеюць дабегчы, але далёка ня ўсі.

8 лютага Пуціна і ягоных міністраў прымалі ў палацы Орыентэ кароль і каралева Гішпаніі. Лубянскі архістраціг і ягоныя паплечнікі апранулі фракі з манішкамі, шаркалі чаравікамі-“лакір”, кланяліся і ўсьміхаліся. Гледзячы на гэтую прыдворную тусоўку, успаміналіся старонкі раману Марыа Пьюза “Хросны бацька” і кадры ягонай экранізацыі аўтарства Фрэнсіса Копалы. Клан Карлеёнэ, назьбіраўшы крывавых грошай, вырашыў легалізавацца і выйсьці ў сьвет. Пад музычку камэрнага аркестра крывавыя мафіёзы ў смокінгах ручкаюцца з сэнатарамі, удаюць інтэлігентаў, кажуць гладкія камплімэнты… Эх, напусьціць бы на гэты стракаты мадрыдзкі карнавал Франсіска Гою. Ён бы ўжо набраў сюжэтнага матэр’ялу для чарговай гравюры “Сон розуму нараджае пачвараў”.

Янка Базыль