Драма на тэму садызму ў расейскай арміі працягваецца. На працягу трох тыдняў вышэйшае вайсковае і палітычнае кіраўніцтва ня згадвала пра масавы акт садызму ў навагоднюю ноч у танкавай вучэльні ў Чэлябінску.
Але адкруціцца ня ўдалося, жудасная праўда стала набыткам грамадзкай увагі. 29 студзеня ў Маскве перад мінабароны адбыліся “несанкцыянаваныя” дэманстрацыі. Людзі трымалі плякаты “Іванова ў адстаўку!”, “Праігнаруем прызыў у армію!” і іншыя. Перастараліся сакрэтчыкі-лубянцы, прадэманстравалі сваю дурату і баязьлівасьць перад адказнасьцю. У расейскіх СМІ ўжо пачалі друкаваць цікавыя матэр’ялы на тэму. “Усеагульны вайсковы абавязак”, паводле публікацыяў, даўно ўжо ператварыўся ў “падатак на бедных”. У Маскве і Пецярбургу семьі і сама моладзь актыўна хаваюцца ад бранкі ў войска. Там удаецца загрэбсьці толькі 1% юнакоў. На правінцыі статыстыка значна больш высокая – “ажно” 10%. Толькі вось атрымліваецца, што красныя камандзёры ня могуць даверыць неадукаваным і дзікім юнакам складаную сучасную тэхніку і зброю. Моладзь і бацькі цудоўна ведаюць пра сістэму зьнішчэньня чалавечай асобы, пра зьверствы і зьдзек у казармах, пра жудасную вайну на Каўказе. Цяжка ўявіць сабе, каб у якой іншай краіне была такая непавага да ўласнай арміі, недавер да яе камандваньня. 30 студзеня Пуцін выступіў з абяцанкамі сямьі скалечанага ў Чэлябінску жаўнера забясьпечыць яго ўсім неабходным і пакараць вінаватых. Надта ж позна, пане дабрадзею. Людзі ўжо дастаткова ацанілі подласьць вашу асабіста і вашых сябручкоў.
30-31 студзеня адбыліся два выступы ў жанры “по заявкам трудяшчіхся” у Менску і Маскве. У нашай сталіцы выступ атрымаўся камэрны, амаль інтымнага пляну. Шклоўскі лідэр пасадзіў з сабой за стол трох тэленачальнікаў і разам яны ўдавалі перадвыбарчую рэкляму посьпехаў рэжыму. Атрымалася даволі жыдзенька, няма ўжо таго палёту і тых маштабаў. Падобна, што загад на камэрнасьць паступіў менавіта з Масквы ад галоўнага гаспадара ўсіх удзельнікаў менскай тэлеразмовы. Бо ў імпэрскай сталіцы на наступны дзень разгарнулі манумэнтальнае відовішча ў стылі зьездаў КПСС. Сотні журналістаў расьселіся бясконцымі шэрагамі, стракацелі вялікія экраны (нібыта без бінокля ніхто не заўважыў бы ў прэзыдыюме Пуціна). Толькі настрой абодвух прэс-канфэрэнцыяў быў агульны – журналісты лісьліва ўсьміхаліся і радваліся адказам начальства, як дзеці, што атрымалі цукерку на ранішніку. І вось жа цікава: з некалькіх гадзінаў гаварэньня немагчыма ўспомніць нешта жывое і арыгінальнае. Усё мы ўжо чулі тысячу разоў у выкананьні абодвух начальнікаў – пра гаспадарчы рост і павышэньне пэнсіяў, пра клопат аб народзе і міжнароднай сітуацыі, пра “жыць стала весялей”. Шаманскі рытуал, распрацаваны гадамі і лубянскімі трэніроўкамі, набыў клясічныя рысы. Не хапала толькі фінальнага акорда. У канцы ўсе прысутныя павінны былі б ўскочыць з месцаў і гаркнуць грамавое “Зіг хайль!”
У пасёлку Кедроўка Свярдлоўскай вобласьці пачаўся шухер. Мясцовы жыхар даведаўся, што ўлады пахавалі ягоную сястру у безыменнай магіле (такая цяпер там практыка) і пайшоў на могілкі пашукаць яе. Разам з сястрой ён знайшоў яшчэ кучу мяшкоў з непахаванымі трупамі людзей, што былі прывезены з раённага морга і скінуты на могілках яшчэ ў сьнежні. Магілы прадстаўнікі ўладаў капаць не захацелі, бо “быў мароз”. Так амаль два месяцы і праляжалі гэтыя непахаваныя трупы. Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу. Толькі тыя, хто ведае Расею, такім эпізодам не зьдзіўляюцца.
Спэцслужбы Украіны (СБУ) затрымалі ў аэрапорце Сімфэропаля маскоўскага “палітоляга” К. Фралова, пасадзілі на самалёт і накіравалі назад у Расею. Яны таксама паведамілі, што Фралову забаронены ўезд на тэрыторыю Ураіны на два гады за “распальваньне этнаканфэсійнай варожасьці паміж вернікамі”. Лубянскі “праваслаўны” актывіст рэгулярна езьдзіў па Украіне і падбухторваў насельніцтва супраць украінскай дзяржавы (“учіл любіть Росіію”). У Беларусі на такіх не хапіла б не тое што аднаго самалёта, а й некалькіх цягнікоў.
Янка Базыль