Факты і падзеі (25-27 студзеня 2006 г.)

27 студзеня 2006 г.

Актуаліі

25 студзеня атрымаўся ў Расеі днём бранетанкавых войскаў. Па Екацірэнбургу езьдзіў на браневіку адстаўны “аўганец” Бабенка. Ягоным канцавым пунктам быў мясцовы раддом, адкуль ён забраў жонку з наванароджаным сынам. Як сказала расейская тэлевізія “вэтэран хацеў, каб сын быў такім жа зашчітніком родіны, як і бацька”. Бабенка не наваяваўся дасыту, штурхае на той жа крывавы шлях сваё немаўля. Нават у разгромленых немцаў пасьля Першай сусьветнай вайны зьявіліся Рэмарк у літаратуры і Дзікс у жывапісе, якія паказалі нацыі і ўсяму сьвету ўвесь жах вайны і разбурэньне чалавека на вайне. Цікава, у сёньняшняй Расеі мы зусім не заўважаем такіх зьяваў. “Гром победы раздавайся…” грукоча з кожнай падваротні. У раддом на бранетэхніцы езьдзяць. Калі ўжо наваюецца гэтая хворая публіка? Наступным сюжэтам з будняў расейскай арміі стала паведамленьне з чалябінскай танкавай вучэльні. Начальству доўга ўдавалася схаваць жудасныя факты. Але вось яны раскрыліся выключна дзякуючы настойлівасьці арганізацыі жаўнерскіх мацерак . У навагоднюю ноч група “дзядоў” разам з двума афіцэрамі арганізавала садысцкі рытуал з удзелам маладых жаўнераў абслугі вучэльні. У выніку восем жаўнераў патрапілі ў шпіталь. Шэраговага Сычова садысты катавалі на працягу трох гадзінаў. У яго пачалася гангрэна, яму ампутавалі абедзьве нагі. Міністар вайны Іваноў заявіў на тэлеканалах: “А што, адбыўся нейкі нязначны выпадак”. Вось такая красная армія. Ня трэба і на Каўказ езьдзіць. 25 студзеня міністар юстыцыі Украіны Юры Луцэнка заявіў: “Адмена судзімасьцяў Януковіча была сфальсіфікавана судом”. Усім ужо вядома даўно, што падстаўны агент Масквы меў бурную маладосьць, пасьля якой за ім засталіся судзімасьці за рабунак і зьбіцьцё людзей. Такога вось прэзыдэнта Крэмль хацеў навязаць украінскаму народу. Пасьля леташняга правалу на прзыдэнцкіх выбарах Януковіч пнецца на сёлетнія парляманцкія выбары, якія маюць адбыцца на Украіне ў сакавіку. Цяпер паводле закону ён са сваімі судзімасьцямі ня мае права балатавацца. У Стразбургу з 25 па 27 студзеня быў бэнэфіс Жырыноўскага і астатніх русскіх товарішчей. Калі грузінскі прадстаўнік Георгі Бакерыя рабіў на паседжаньні Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы даклад па Беларусі, Жырык гарлапаніў у зале: “Белоруссия не хочет Саакашвили! Белоруссия хочет Лукашенко!” Ізгаляліся і ягоныя калегі. Падстаўнога Мілінкевіча прадстаўлялі эўрапейцам як “адзінага дэмакратычнага кандыдата ў Беларусі”. Вакол яго мітусіўся кіпрыйскі грэк Пургурыдэс, які ўжо колькі гадоў актыўна ўсваіх справаздачах скажае палітычнае становішча ў нашай краіне. Ні словам не ўзгадвае пра агрэсіўную палітыку Расеі ў дачыненьні да Беларусі і малюе прамаскоўскага дыктатара-марыянэтку Лукашэнку як самастойную палітычную фігуру. Разыгрываецца чарговая брусэльска-стразбургская падманка тыпу ” а-ля Ганчарык” паводле рэжысуры даўно праваленага Ганса Віка. Бедныя эўрамысьляры, 26 студзеня яны атрымалі яшчэ адзін шок. Дзесяткі гадоў яны абзывалі тэрарыстамі палестынскіх барацьбітоў за незалежнасьць, беспасьпяхова шукалі сярод пяскоў палестынскага “акцэптабельнага” ў чалме. А народ узяў ды прагаласаваў за Хамас, паслаўшы падалей усіх навязьлівызх дабрадзеяў з іхнымі рэцэптамі палестынскага шчасьця. Народ прыняў самастойнае рашэньне. “Как оні посмелі?!” – скрывіліся зьбітыя з панталыку эўразадавакі, якія прызвычаіліся маніпуляваць народамі, як пешкамі. 27 студзеня фэдэральная рэгістрацыйная служба мінюста РФ падала іск аб ліквідацыі Расейскага дасьледчага цэнтру па правах чалавека, які аб’ядноўвае 12 праваабарончых арганізацыяў. Пагром трэцяга сэктару лубянскай канторай працягваецца. Старшыня маскоўскай гэльсінскай групы Людзьміла Аляксеева патрабуе выдзяліць ёй час на тэлевізіі дзеля агучваньня пратэсту. Справа ў тым, што 22 студзеня расейскія СМІ распаўсюдзілі пасьля адмашкі з Лубянкі падмётную агітку ФСБ. У агітцы гаварылася аб тым, што нядаўна злоўленыя ў Маскве чытыры брытанскіх шпіёны непасрэдна аплочвалі дзейнасьць недзяржаўных арганізацыяў у Расеі. Сам Пуцін весела выступаў з камэнтарамі на гэтую тэму. Вось і канчаецца баль Сатаны. Дысыдэнцкія маргарыты з майстрамі камфортна атабарыліся на пасадах у царстве нячысьціка. Часам яны “журілі” уладу, але не заўважалі генацыд чачэнскага народа, расейскую агрэсію супраць Беларусі, паступова сталіся інтэгральнай часткай новай расейскай імпэрыі (але для лубянскай канторы яны ніколі не сталі сваімі). І вось пракукарэкаў пеўнік на Спаскай вежы Крамля, растварыліся цені, вядзьмакі апранулі бліскучыя гэбоўскія мундзіры, гулі-люлі ў дэкаратыўную дэмакратыю скончыліся. Каля патухлага вогнішча стаяць маскоўскія праўдашукальнікі і патрабуюць абараніць іхні гонар. Мізэрнае відовішча, лягічны канец творчага супрацоўніцтва з сатаністамі. У парыжскім прадмесьці Сэн-Дэні 27 студзеня адбылася дэманстрацыя пратэсту настаўнікаў. Яны зьвярталі ўвагу ўладаў і грамадзтва на становішча ў школах, што знаходзяцца ў кварталах, заселеных афра-азіяцкімі “французамі”. Вучні рэгулярна зьбіваюць, душаць настаўнікаў-французаў, пагражаюць ім. “Урокі восеньскіх пагромаў не далі вынікаў”.—кажуць настаўнікі. Яны патрабуюць паменшыць мінімальны ўзрост навучаньня ў школе да 14 гадоў (сапраўды, навошта даўжэй трымаць за партай вырадка, у якога пуста ў галаве, але чэшуцца рукі) і адмовіцца ад дзяржпраграмы скарачэньня фінансаваньня школьніцтва. Такім чынам, усё засталося па-старому. Кожны, хто любіць гісторыю і гісторыю мастацтва, ведае, што такое, напрыклад, Сэн-Дэні. Гэта калыска эўрапейскай готыкі, месца, услаўленае шэдэўрамі мастацтва, месца пахаваньня французкіх каралей. Цяпер Сэн-Дэні – каралеўства распярэзаных чужакоў (у кожнага ў кішэні французкі пашпарт), якія ненавідзяць усё французкае. Апошнім іхнім подзьвігам быў напад на цяжарную настаўніцу. Адзін зь іх душыў яе перад кляснай дошкай, а астатнія пляскалі ў ладкі і сьмяяліся. Вось вам, французы, “правы чалавека” і сацыялістычная дэмакратыя.

Янка Базыль