Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах пачалі здаваць падпісныя лісты ў раённыя выбарчыя камісіі. Збор і здача подпісаў за вылучэньне кандыдатаў завяршаюцца 27 студзеня. Тым часам у ініцыятыўнай групе Зянона Пазьняка заяўляюць, што пакуль не здаюць сваіх подпісаў у выбарчыя камісіі, а выпрацоўваюць далейшую стратэгію дзеяньняў у сувязі з тым, што менская міліцыя ў нядзелю затрымлівала зборшчыкаў подпісаў на чале зь Сяргеем Папковым, якія інфармавалі аб Народным галасаваньні.
У выніку затрыманьня ў Менску адразу двух пікетаў зборшчыкаў подпісаў за Зянона Пазьняка на аднаго сябра ініцыятыўнай групы быў складзены пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак, паведаміў кіраўнік групы Сяргей Папкоў. У Фрунзенскім райаддзеле міліцыі падчас затрыманьня спадару Папкову заявілі, што накіруюць і адпаведны ліст у ЦВК. Зыходзячы з таго, што ў ягонай ініцыятыўнай групы ўжо ёсьць адно папярэджаньне ЦВК, Сяргей Папкоў мяркуе, што гэта можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі іх кандыдата.
Нягледзячы на затрыманьні, ініцыятыўная група Зянона Пазьняка працягвае збор подпісаў, а таксама інфармаваньне аб Народным галасаваньні, паведаміў яе старшыня Сяргей Папкоў. На сёньня сабрана 125 тысяч подпісаў. Наконт таго, калі і як іх здаваць, паводле Сяргея Папкова, яшчэ няма рашэньня:
(Папкоў: ) “Будзем думаць, што рабіць. Нам ультыматум паставілі, і мы ня хочам быць пешкамі ў іхнай гульні”.
Сам Зянон Пазьняк выказаў пратэст у сувязі з апошнімі падзеямі. Ён лічыць, што сябры ягонай ініцыятыўнай групы дзейнічалі законна, інфармуючы людзей аб выбарах, аб ініцыятыве Народнага галасаваньня.
(Пазьняк: ) “Яны зразумелі, што калі я прыеду, то сытуацыя з народным галасаваньнем будзе рэальнай. Яны гэта адчулі, і таму ўсё гэта зроблена для таго, каб любымі спосабамі ня даць магчымасьці мне легальна вярнуцца ў Беларусь”.
Паводле Радыё Свабода