Факты і падзеі (20-21 студзеня 2006 г.)

21 января 2006 г.

Актуаліі

20 студзеня незаконная структура пад назвай “парламентское собраніе союза Россіі і Белоруссіі” на сваёй “сэсіі” прыняло бюджэт “созного государства” на 2006 г. РФ мае ўплаціць у бюджэт 3,1 мільярды рублёў, а РБ – 948 мільёнаў.

Захопнікі Беларусі зчарговы год зьбіраюцца прымушаць наш народ аплочваць антызаконную авантуру “союзного государства”. Той, хто ў шклоўскіх палатках галсуе за гэтую форму абрабаваньня нашых людзей і зьнішчэньня нашай Дзяржавы, павінен прадугледжваць у будучыні суд над сваёй асобай і законнае пакараньне сярод іншага ў выглядзе канфіскацыі нарабаванай злачынным чынам маёмасьці. Расейская ваеншчына зноў лемантуе. 20 студзеня 25 грузінскіх паліцэйскіх выконвалі свае службовыя абавязкі на дзяржаўнай тэрыторыі Грузіі. Яны ўвайшлі на палігон Гоніо ў прыгарадзе Сухумі і агледзелі аб’екты, якімі карыстаецца мясцовы расейскі вайсковы кантынгент. Пабылі там дзьве гадзіны і паехалі далей. Акупанты зараўлі сваё “как оні посмелі, мы будем пріменять оружіе!” А вось наконт зброі мы маскоўцам не раілі б. Махаць зброяй на Каўказе – справа надта ж няўдзячная. Успамінаецца лёзунг, што на ўсіх мовах быў намаляваны каля расейскіх базаў па ўсей постсавецкай Эўропе – “Іван, бері шінель, іді домой!” Расейская тэлевізія ўжо на працягу гадоў штосуботу паказвае чарговую перадачу пад рубрыкай “Квартірный вопрос”. На вачах тэлегледачоў брыгада пад кіраўніцтвам дызайнэра праводзіць поўны рэмонт і мадэрнізацыю заранёў абранай кватэры. Эфэкт атрымліваецца яркі і вясёлы. Аднак, трэба заўважыць, што ў абсалютнай большасьці выпадкаў брыгаду засылаюць у кватэры і маёнткі багатых (часам вельмі багатых) людзей і перарабляюць тое, што нармальна магло б існаваць яшчэ вельмі доўга і камфортна. А можна было б ашчасьлівіць нейкіх культурных, але прыбітых галечай людзей, якую-небудзь сямью, якая ледзь выбіваецца з беднасьці. Такое ў галаву маскоўскім тэлевізійшчыкам нават не прыходзіць. Як гэта, трэба ж праводзіць рэклямную акцыю. Паказваць, як “перестраівается современная Росіія, где столько возможностей”. Вось і атрымліваецца чарговая ідэалізаваная лабуда на фоне бытавой і жыцьцёвай катастрофы мільёнаў людзей. Чарговы дзень у цэнтры Уладзівастока насупраць будынку мясцовай улады праходзяць шматтысячныя мітынгі гараджанаў. Людзей шакіравалі дзеяньні адміністрацыі і службаў падчас пажару ў офісным будынку, у выніку якога 16 студзеня загінулі 9 маладых жанчынаў (засталіся малыя сіраты). Людзі ўжо ня хочуць больш слухаць брахлівыя тлумачэньні начальства. Пасярод белага дня многія бачылі, як пажарнікі спачатку разгарнулі свае драбіны на бясьпечным баку будынка і выратавалі кіраўніцтва банку. У гэты ж час з ахопленых полымям банкаўскіх офісаў скакалі ўніз з 9-га паверху і разьбіваліся насьмерць ды калечыліся маладыя супрацоўніцы. Стала таксама вядома, што калі выбухнуў пажар, кіраўніцтва замест эвакуацыі супрацоўнікаў загадала жанчынам ратаваць дакумэнтацыю. Што міліцыя не прапусьціла да палаючага будынку машыну з батутамі. Гэбоўская ўлада яшчэ раз прадэманстравала народу свой жудасны зьвярыны лыч. 21 студзеня Масква адзначала 100-гадовы юбілей адной з сымвалічных постацяў зьявы, якая называлася “савецкай культурай”. Ігар Маісееў выканаў загад тов. Молатава і арганізаваў Дзяржаўны ансамбль танца яшчэ ў 1937 г. За дзесяцігоддзі існаваньня ансамбль ставіў розныя танцы (нават некалькі беларускіх). Справа густу, але на наш пагляд, манера пастаноўкі і выкананьня маісееўскай трупы надта ўжо гладкая, акадэмічная. Сяляне, студэнты, апантаныя фальклёрам, танцуюць не так, танцуюць жывей і натуральней. Але ня трэба забывацца таксама, што менавіта гэты Маісееў быў аўтарам-пастаноўшчыкам жудасных гімнастычна-тэатральных пастановак на Краснай плошчы ў Маскве, калі дзесяткі тысячаў людзей удавалі вінцікі-шпунцікі сістэмы перад гаўбцом маўзалея і сталінскай кодлай. Расейская тэлевізія паказала нават адну з дэталяў такой кампазіцыі: “славные органы ліквідіруют нарушітеля граніцы” – са стралянінай і карцінным паданьнем забітых ворагаў народу. Тэлекамэнтар да гэтага кашмару быў панэгірычны, згадваліся савецкі народ і савецкая страна. Нагадаем, што адна кінарэжысэрка, якая паставіла ў 1930-я гг. некалькі кінаэпапэяў пра Гітлера і ягоную Нямеччыну, дажыла да 102 гадоў, але так і не адмылася ад бруднай катэгорыі “фашысткі”. А сталінскага панэгірыста Маісеева цяперашняя (але ўсё тая ж – лубянская) Расея выстаўляе як узор “верності долгу”.

Янка Базыль