21 студзеня сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка сабраліся ў цэнтры Менску: на плошчы Якуба Коласа і на Кастрычніцкай плошчы. Яны трымалі плякаты “Зянон Пазьняк – кандыдат беларускага народу” і “Народнае Галасаваньне – наш супраціў фальсіфікацыям рэжыму!” Актывісты зьбіралі подпісы грамадзянаў у падтрымку Зянона Пазьняка, тлумачылі сутнасьць Народнага Галасаваньня і раздавалі інфармацыйныя матэр’ялы на гэтую тэму. Легальная акцыя ініцыятыўнай групы выклікала вялікую актыўнасьць і цікаўнасьць грамадзянаў. Але таксама й істэрычную рэакцыю службаў рэжыму. З самага пачатку да ініцыятыўнай групы падбеглі міліцыянты і пагражалі арыштам сябрам групы, сьцьвярджалі, што яны ня маюць права інфармаваць людзей. Пагрозы і спробы застрашыць актывістаў міліцыя час ад часу паўтарала на працягу ўсяго дня. Падыходзіў нават патруль, узброены аўтаматамі, патрабаваў “ачысьціць тэрыторыю”. Але ініцыятыўная група працягвала спакойна і арганізавана працаваць, не зважаючы на пагрозы правакатараў, падасланых рэжымам. Было распаўсюджана шмат тысячаў інфармацыных матэр’ялаў па Народным Галасаваньні. Інфармацыйная праца на плошчах Якуба Коласа і Кастрычніцкай (а таксама каля чыгуначнага вакзала) будзе працягвацца ва ўсе наступныя дні перадвыбарчай кампаніі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 21 студзеня 2006 г.